Падтрымка санкцыйных прадпрыемстваў ператварылася ў «праблемныя актывы» банкаў?
Нацбанк апублікаваў вельмі незвычайную статыстыку пра стан банкаўскай сістэмы. Рэзка выраслі неабслугоўваемыя актывы банкаў Беларусі.
Па аператыўных даных, сукупны прыбытак банкаўскай сістэмы на 1 верасня 2021 года склаў 910 млн BYN. Аднак яшчэ на 1 жніўня гэты паказчык быў роўны 905,4 млн BYN. З гэтага вынікае, што за жнівень сістэма зарабіла толькі 4,6 млн BYN, пішуць banki24.by.
Гэты факт тым больш дзіўны ва ўмовах дзеючых рэгуляторных паслабленняў ад Нацбанка. Яны дазваляюць банкам паказваць большы прыбытак, чым без паслабленняў.
Таксама можна параўнаць прыбытак жніўня 2021 года з супастаўным месяцам у 2020-м. Тады прыбытак сістэмы склаў 74,6 млн BYN. Такі прыбытак быў паказаны банкамі, нягледзячы на крызіс пасля выбараў (адток дэпазітаў і дэвальвацыя).
Чаму ж тады абваліўся прыбытак у жніўні 2021 года? Бо ні дэвальвацыі, ні гіганцкага адтоку дэпазітаў з сістэмы не адзначалася. Магчымы адказ звязаны з нетыповай дынамікай неабслугоўваемых актываў сістэмы. Усяго за месяц іх велічыня падскочыла з 3,376 да 4,030 млрд BYN.
Неабслугоўваемыя актывы часта называюць праблемнымі, бо верагоднасць вяртання грошай па такіх актывах банкаў істотна паніжаная. Статыстыка па неабслугоўваемых актывах даступная з 1 траўня 2018 года. Значэнне гэтых актываў на 1 верасня 2021-га — рэкорднае за ўвесь перыяд замераў.
Рост неабслугоўваемых актываў прымушае банкі фармаваць павышаныя рэзервы пад магчымыя страты. А паколькі рэзервы вырастаюць, то грошы вымываюцца з абароту і аўтаматычна падае прыбытак банкаў.
Таксама паднялася доля неабслугоўваемых актываў у актывах банкаў, якія схільныя да крэдытнай рызыцы. На 1 верасня яна дасягнула 5,7% (супраць 4,8% на 1 жніўня 2021-га і 5,0% на 1 верасня 2020-га).
Рэзкае падзенне прыбытку банкаў і рост неабслугоўваемых актываў у сістэме вельмі цікавы на фоне заяваў беларускіх чыноўнікаў. У верасні міністр прамысловасці Пётр Пархомчык распавёў, што «ўрадам прыняты адпаведныя дакументы» па падтрымцы прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі. Па словах Пархомчыка, «гэтыя прадпрыемствы атрымалі танныя сродкі для вырашэння пытанняў».
Таксама з адкрытых крыніц вядома, што ў жніўні 2021-га Банк развіцця зарэгістраваў аблігацыі на агульную суму 1 млрд BYN. Статыстыка аб грашовай масе на 1 верасня зафіксавала супастаўнае павелічэнне рублёвых дэпазітаў юрыдычных асоб у жніўні.