Працоўныя мігранты з Беларусі — гэта вялікае шчасце для ўлады
Сума грашовых пераводаў ад беларускіх гастарбайтэраў на радзіму штогод павялічваецца. Прычынамі гэтага, на думку экспертаў, з'яўляюцца рост колькасці мігрантаў і ўзровень іх кваліфікацыі.
У 2012 годзе беларускія працоўныя мігранты адправілі дамоў толькі па афіцыйных дадзеных каля 950 мільёнаў даляраў — амаль 2 адсоткі ВУП краіны. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў даследаванні эксперта Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus Уладзіміра Валеткі. Ён падкрэслівае, што такую суму, паводле афіцыйных дадзеных, перавялі ў краіну 55,4 тысячы мігрантаў, якія працуюць за мяжой. Для параўнання: выручка самага прыбытковага ў краіне прадпрыемства — «Беларуськалію» — у 2012 годзе склала 2,7 мільярда даляраў.
Кепска заўважная актыўнасць
Але сёння за мяжой працуе значна больш беларусаў, чым паказана ў афіцыйных справаздачах. Таму, як растлумачыў аўтар даследавання, сума грашовых пераводаў у Беларусь з-за мяжы можа быць прыкладна
ў два разы большай і дасягаць 3,6 адсоткі ВУП. У 2012 годзе ўнутраны валавы прадукт Беларусі складаў каля 58 мільярдаў даляраў.
Як паведаміў Уладзімір Валетка, праведзены ім аналіз не пацвердзіў якога-небудзь уплыву грашовых пераводаў на ВУП Беларусі. Гэтыя сродкі, паводле вынікаў даследавання, не ўплываюць на рост
інфляцыі і курс беларускага рубля. То бок, на думку Валеткі, падзенне ўзроўню ВУП у краіне і іншыя негатыўныя працэсы выкліканыя не мігрантамі, а ўнутранымі праблемамі беларускай эканомікі.
Як спыніць «уцечку мазгоў»
Эксперт адзначыў, што ў Беларусі адбываецца міграцыя з так званым пазітыўным адборам. То бок вымываецца самая актыўная частка насельніцтва, адбываецца «уцечка мазгоў».
Каб гэтага не адбывалася, на думку Уладзіміра Валеткі, павінна ўтрымліваць у Беларусі лепшых спецыялістаў, даючы ім высокааплатную працу дома. Акрамя таго, дзяржава павінна забяспечыць ільготы
прадстаўнікам беларускіх нацыянальных дыяспар, якія знаходзяцца за мяжой і інвестуюць у беларускую эканоміку.
Пры гэтым даследчык падкрэсліў, што дадзеных аб тым, хто выязджае з краіны, і дзе менавіта працуюць мігранты, у яго няма. Паводле афіцыйнай інфармацыі, 90 адсоткаў беларускіх працоўных мігрантаў
працуюць у Расіі.
Згодна з вынікамі іншага даследавання, праведзенага супрацоўнікамі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2011 годзе сума грашовых пераводаў у Беларусь склала 850 мільёнаў
даляраў. У даследаванні навукоўцаў інстытута эканомікі таксама адзначалася, што з'язджаюць з Беларусі больш кваліфікаваныя кадры, чым прыязджаюць у краіну на заробкі.
Каб палепшыць сітуацыю, прапаноўвалася пераразмяркоўваць работнікаў паміж галінамі. Гэта, на думку даследчыкаў, магло б дазволіць прадастаўляць вакантныя працоўныя месцы беларусам, а не мігрантам.
Кампенсацыя сумнай тэндэнцыі
Эксперт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Сяргей Нікалюк лічыць праблему працоўнай міграцыі больш істотнай, чым яна была прадстаўленая ў працы
Уладзіміра Валеткі. Ён спасылаецца на праведзенае ў верасні апытанне НІСЭПД, дзе на пытанне аб наяўнасці членаў сям'і, якія працуюць за мяжой, 25 адсоткаў рэспандэнтаў адказалі станоўча.
«Мы назіраем адток з краіны актыўных грамадзян і гэты працэс нейкім адным рашэннем не спыніць», — лічыць эксперт. Ён прызнаўся, што і яго сям'я ўключаная ў працэс
эміграцыі — трое дзяцей Сяргея Нікалюка жывуць у ЗША.