«Сацыяльная дзяржава» па ліміце

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік ужо які год носіцца з ідэяй скасаваць у Беларусі бясплатную медыцыну. То ён патрабаваў браць грошы за кожнае наведванне паліклінікі, а зараз ён прапануе ўвесці ліміт бясплатных наведванняў.



sac_harantyi.jpg

Больш за тое, Тозік прапануе дзяліць хворых на «чэсных» і «нячэсных». Прынамсі, абмежаванне на колькасць наведванняў паліклінікі не павінна тычыцца дзяцей і цяжарных жанчын.

Аплатай праблему не вырашыш

Неабходнасць ліміту бясплатных наведванняў паліклінік Тозік тлумачыць тым, што ў нас людзі ў паліклініку звяртаюцца ў два разы больш, чым у той жа Еўропе: у нас у сярэднім чалавек прыходзіць у паліклініку 13 разоў на год, а ў Еўропе — 6,2. Адсюль узнікае і нагрузка на ўрачоў, і чэргі ў паліклініках. Па меркаванні Тозіка, калі браць хаця б сімвалічную плату за наведванне медустановы, то «лішніх» наведвальнікаў там не было.

Але аплатай, насамрэч, гэтую праблему не вырашыш. Давайце ўявім, што захварэў звычайны чалавек. Не віцэ-прэм’ер Тозік, для якога існуе асобны шпіталь для вышэйшых чыноўнікаў, а нейкі абстрактны рабацяга. Яму трэба пайсці ў паліклініку, дзе ўрач яго аглядае і выпісвае накіраванне на аналізы (наведванне першае). Трэба здаць аналізы (другое), атрымаць іх вынікі (трэцяе), зайсці з імі да ўрача (чацвёртае), атрымаць рэцэпт на лекі, і вылечыўшыся, закрыць бюлетэнь (пятае). І добра яшчэ, што ў Мінску, прынамсі, увялі такую паслугу, як «талончык да ўрача па інтэрнэце». А тое б за талончыкам даводзілася прыходзіць у шосты раз.

І не дай Божа вам патрапіць на працэдуры! Тады — акрамя гэтых шасці разоў — у паліклініку трэба будзе з’яўляцца кожны дзень. І, пэўна, кожны дзень плаціць, бо «рабацяга» ж — не дзіцё і не цяжарная жанчына.

Тая «мадэрнізацыя», якую мы нібыта скончылі ў медыцыне, гэты парадак ніяк не закранула. Не існуе ў паліклініках ніякага «электроннага дакументазвароту», урач не можа пераслаць пацыенту рэцэпт па электроннай пошце, і не існуе такога, каб «электронны рэцэпт» быў прызнаны ў аптэцы. Да таго ж, і не ўсе лекі ў аптэцы купіш — некаторыя бываюць выключна ў паліклініках…

Варта адзначыць, што, напрыклад, мінскія паліклінікі разглядалі магчымасць уводу «электронных рэцэптаў» яшчэ ў 2012 годзе. Аднак гэтая сістэма была пабудаваная такім чынам, што за «электронным рэцэптам» усё роўна трэба было ісці да ўрача! Сутнасць праекта была ў атрыманні рэцэпта на электронным носьбіце і з яго дапамогай (па аналогіі аперацый з банкаўскай карткай) аплаціць прызначаныя лекі, а не ў тым, каб атрымаць рэцэпт, не выходзячы з дому.

Так што, пакуль не будзе змененая сама сістэма зваротаў «пацыент — урач», ніякія чэргі ў паліклініках не знікнуць і не зменшацца, нават незалежна ад таго, будзе ўведзеная аплата за наведванне паліклінік ці не. Адзінае, што можа атрымацца з «аплатай паліклінікі», — тое, што Тозік «накосіць бабла» з захварэўшых небаракаў.

Зменшыце падаткі!

Адкуль увогуле бяруцца грошы на медыцыну? З бюджэту. А адкуль бярэцца бюджэт? З нашых падаткаў. Калі ўводзіць аплату за наведванне паліклінік, то атрымаецца «двайное падаткаабкладанне»: мы плацім за медыцыну і з падаткаў, і з уласных грошай. Што ў гэтым выпадку рабіць Тозіку? Скасоўваць падатак на медыцыну?

Праўда, прыклад двайнога падаткаабкладання ўжо ёсць: «дарожны збор» з аўтааматараў. Уладальнікі машынаў павінны плаціць збор «на рамонт дарог» у той час, як яны за гэта плацяць кожны раз, калі заліваюць у бак бензін: праз акцызы, якія закладзеныя ў кошт паліва. Акцыз на паліва і ствараўся з мэтаю таго, каб яго вартасць ішла на рамонт дарогаў. Куды насамрэч ідзе і «дарожны збор», і акцызы — невядома.

Тое ж атрымаецца і з «бальнічным зборам». Нам не шкада аддаць пяць тысяч за прыход да ўрача. Але мы павінны ведаць, што тады ўрач нас якасна лечыць; гэтыя грошы пойдуць яму альбо пойдуць на медычныя рэчы, а не на новую мэблю ў кабінет кіраўніка ўстановы.

І навошта хлусіць?

Самае непрыемнае ў гэтым рэчышчы, што дзяржава, абгрунтоўваючы такія захады, нам хлусіць. Што, зразумела, выклікае недавер і да далейшых яе намераў. Калі б патлумачылі шчыра і па-чалавечы, навошта гэта патрэбна, то, можа, мы і пагадзіліся б…

Абгрунтоўваючы неабходнасць аплаты за паліклініку, Тозік заявіў: «Людзі не разумеюць рэальнага кошту медыцынскіх паслуг. У нас пры колькасці насельніцтва каля 10 мільёнаў чалавек цяпер матэрыяльныя даброты вырабляюць 2,5 мільёна чалавек, яны павінны ўтрымліваць 7,5 мільёна астатняга насельніцтва. Гэта спараджае ўтрыманскія настроі і перакананасць у тым, што за сваім здароўем чалавек павінен сачыць не сам, а дзяржава, медыкі», — сказаў Тозік.

Між тым, па дадзеных Белстата, у эканоміцы Рэспублікі Беларусь у студзені-красавіку 2014 года было занята 4 мільёны 481 тысяча 700 чалавек. Што амаль на 2 мільёна больш, чым па звестках Тозіка. І, паводле таго ж Белстату, беспрацоўе ў «сацыяльнай дзяржаве» на канец красавік 2014 года склала 0,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

І не трэба казаць, што «матэрыяльныя даброты» маюць нейкае дачыненне да медыцыны. Настаўнікі і ўрачы таксама плацяць падаткі, з якіх гэтая медыцына фінансуецца.

Ці тое, ці тое…

Такія «парадоксы Тозіка», насамрэч, узнікаюць з-за таго, што дзяржаўная ідэалогія ўваходзіць у сур’ёзную супярэчнасць з эканамічнай сітуацыяй. Ніхто не спрачаецца, што грошай для медыцыны выдзяляецца недастаткова, а ўзяць іх, акрамя як з кішэні насельніцтва, няма адкуль. Тады ёсць два выйсця. Першае — перастаць казаць пра «сацыяльную дзяржаву» і ўводзіць нармальную платную медыцыну з медычным страхаваннем. Хай тады за наведванне паліклінікі разлічваецца не грамадзянін, а які-небудзь «Белдзяржстрах» па медычным полісе. Але, баюся, што ў такім выпадку дзяржаўныя паліклінікі з іхным жахлівым сервісам і састарэлым абсталяваннем проста не вытрымаюць канкурэнцыі з камерцыйнымі медцэнтрамі.

І другое: працягваць казаць пра «сацыяльную дзяржаву». Але ўжо тады, выбачайце, Тозіка прыйдзецца саслаць у Антарктыду, каб пра свае навацыі ён распавядаў пінгвінам.

Альбо тое, альбо тое — «сацыяльная дзяржава» і плата за наведванне паліклінікі разам існаваць не могуць.