Стартапы масава збягаюць з Беларусі
Крызіс, які ўзнік у Беларусі пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, аказаў негатыўны ўплыў на пераважную большасць стартапаў і прывёў да іх рэлакацыі за мяжу. Такія вынікі апытання, якое стартап-хаб Imaguru правёў у кастрычніку сярод 208 заснавальнікаў і сузаснавальнікаў беларускіх стартап-кампаній.
Вынікі даследавання апублікаваныя на сайце Цэнтра дзелавых камунікацый БЕЛБІЗ.
У ходзе апытання, 71,2% рэспандэнтаў адзначылі, што найбольшы негатыўны ўплыў на іх дзейнасць аказаў палітыка-эканамічны крызіс. 17,8% — не змаглі адказаць, які фактар аказвае на іх найбольшую негатыўны ўплыў у апошні час. 11% апытаных паведамілі, што самым галоўным негатыўным фактарам для іх апынулася пандэмія, перадае БелаПАН.
Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы, якія ўжо адчулі яго ўплыў, адзначаюць зніжэнне эфектыўнасці працы персаналу (80%), немагчымасць выконваць сваю працу з-за блакаванняў Інтэрнэту ў краіне (33%), затрыманне супрацоўнікаў (32%), удзел персаналу ў акцыях пратэсту (26%), неабходнасць прыняцця тэрміновых мер па рэлакацыі бізнесу (22%).
Стартапы, якія ўжо адчулі ўплыў крызісу, вылучылі самыя негатыўныя наступствы для бізнесу — непрацуючая заканадаўчая сістэма і адсутнасць прававой абароны (56%), гвалт і забойствы мірных грамадзян (56%), страта даверу да ўлады і палітычны крызіс (47%), крымінальныя справы супраць супрацоўнікаў стартап-кампаній (47%), верагоднасць сітуацыі, пры якой невядомыя ў масках могуць уварвацца ў офіс, арыштаваць супрацоўнікаў і выключыць тэхніку без законных падстаў (45%).
Вынікі апытання паказалі: рашэнне аб рэлакацыі бізнесу ўжо прынялі 45% ад апытаных беларускіх стартапаў і большасць (64%) з тых, хто ўжо адчуў негатыўныя наступствы крызісу на сваім бізнэсе, выкліканага падзеямі жніўня-верасня. З іх 49% кампаній рэлакаваліся цалкам або часткова, адпаведна, у бліжэйшы час плануе рэлакавацца 51%.
Пра гатоўнасць працягваць бізнэс у Беларусі і змагацца за свае правы заявілі 31,5% стартап-кампаній, і толькі 1,4% апытаных (тры кампаніі) паведамілі, што іх усё задавальняе ў Беларусі.
Вынікі апытання сведчаць, што самыя папулярныя краіны для беларускіх стартап-кампаній — Украіна, Польшча, Літва і іншыя краіны ЕС.
Стартап — гэта праект, які прадстаўляе якую-небудзь ідэю і патрабуе матэрыяльных і іншых каштоўнасцяў для развіцця. Тэрмін упершыню выкарыстаны ў часопісе Forbes у жніўні 1976 года і Business Week ў верасні 1977 года для кампаній з кароткай гісторыяй аперацыйнай дзейнасці. Паняцце замацавалася ў мове ў 1990-я гады і атрымала шырокае распаўсюджанне.