Startup-рух: не дзякуючы, а насуперак

У часы СССР дзеці марылі стаць касманаўтамі. Апошнімі гадамі ў трэндзе новы напрамак. Сёння прагрэсіўная моладзь марыць пра ўласны стартап.

startupbrandingtips_525x376_1.jpg


Аднак стартап — гэта зусім не бізнес, які прыносіць даходы тут і цяпер. Гэта сімбіёз арыгінальнай ідэі і каманды выканаўцаў, здольны ў перспектыве ператворыцца ў нешта маштабнае і камерцыйна прывабнае.

Відавочна, што большасць стартапаў апрыёры асуджаныя на няўдачу. Чаму ж яны прыцягваюць у Беларусі ўсё новых і новых людзей?


Адкуль узяць грошы?

Нізкія выдаткі на распрацоўку інтэрнэт- і мабільных прылад дазваляюць заснавальнікам стартапаў самастойна фінансаваць праекты на пачатковай стадыі. Таму ў Беларусі добра развітыя IT-стартапы на продаж. Заснавальнікі такіх стартапаў і іх першапачатковыя інвестары застаюцца вельмі задаволеныя, калі ім атрымліваецца прадаць свае праекты на ранняй стадыі. Звычайна пакупнікамі становяцца больш буйныя кампаніі, якія часта робяць гэта не толькі дзеля самога бізнесу, але і дзеля прыцягнення таленавітых людзей, якія працуюць у стартапе. Таму ў Беларусі развіццё стартапаў можна разглядаць і як частку сістэмы «ўцечкі мазгоў».

Развіццё стартапаў надзвычай важнае і для дзяржавы. Дастаткова сказаць, што стартапы коштам звыш 1 мільярда долараў на сённяшні дзень ёсць ужо ў такіх краінах, як Чэхія, Люксембург і нават Нігерыя. У Беларусі такой капіталізацыяй могуць пахваліцца толькі лічаныя кампаніі, якія спецыялізуюцца на здабычы і перапрацоўцы сыравінных рэсурсаў.

Мы маем поспехі ў рэалізацыі некаторых беларускіх IT-праектаў. Але больш складаная сітуацыя ў галіне тэхналагічных стартапаў. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова разгледзець дынаміку змены колькасці патэнтаў, зарэгістраваных беларускімі заяўнікамі ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці.

Для параўнання адзначым, што адна толькі кітайская Huawei Technologies у 2015 годзе зарэгістравала праз Сусветную арганізацыю інтэлектуальнай уласнасці 3898 патэнтавых заявак.

Сёння большасць беларускіх стартапаў уяўляюць спробу скапіяваць вопыт развітых краін і рэалізаваць яго ў межах Беларусі. Імкненне стварыць беларускую версію Amazon, Starbucks або McDonald’s з’яўляецца даволі натуральным. Але гэтага недастаткова, паколькі Беларусі неабходна ўзнавіць і іншыя не менш важныя складнікі экасістэмы стартапаў — фонды венчурнага капіталу, бізнес-інкубатары і бізнес-акселератары. Практыка паказвае, што развіццё інфраструктуры далёка не заўсёды прыносіць плён, і на тое ёсць мноства прычын.

У Еўропе ці Расіі ёсць магчымасць атрымаць фінансаванне стартапа ад дзяржаўных і калядзяржаўных дабрачынных акселератараў. У Беларусі, на жаль, такіх фондаў няма. Дзяржаўная падтрымка стартап-праектаў абмяжоўваецца стварэннем тэхнапаркаў і правядзеннем рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў.


Ці патрэбныя тэхнапаркі?

Беларускія тэхнапаркі будуюцца паводле еўрапейскай мадэлі як камерцыйныя арганізацыі, асноўная функцыя якіх — прадастаўленне плошчаў на льготных умовах інавацыйна-актыўным арганізацыям, а таксама аказанне ім комплексу паслуг па развіцці інавацыйнага бізнесу.

Аднак беларускія тэхнапаркі маюць істотныя адрозненні ад еўрапейскіх аналагаў. Адно з адрозненняў палягае ў тым, што заснавальнікамі дзеючых беларускіх тэхнапаркаў выступаюць мясцовыя органы ўлады. Пры гэтым дзяржава, з’яўляючыся заснавальнікам тэхнапарку, тым не менш, не гарантуе рэзідэнтам доступу да цэнтралізаванага фінансавання, абмяжоўваючыся толькі падатковыя прэферэнцыямі.

Карысць такіх тэхнапаркаў для стартапаў вельмі сумнеўная па той прычыне, што льготы ўяўляюць цікавасць для бізнесу, які ўжо адбыўся. Для пачаткоўцаў рэгістрацыя бізнесу дзеля прыналежнасці да тэхнапарку ў беларускіх падатковых рэаліях толькі створыць дадатковыя складанасці.

index_14.jpg


Выбар еўрапейскай мадэлі тэхнапарку ў якасці арыенціру сам па сабе не з’яўляецца бясспрэчным, паколькі еўрапейскія інавацыйныя цэнтры па тэмпах развіцця значна саступаюць амерыканскім і азіяцкім.

Вельмі паказальны прыклад амерыканскай Крамянёвай даліны, якая са сваёй асаблівай прадпрымальніцкай культурай, простымі правіламі адкрыцця і вядзення бізнесу дазваляла з мінімальнымі транзакцыйнымі выдаткамі камерцыялізаваць перспектыўныя ідэі і даводзіць іх да серыйнай вытворчасці. Урад ЗША не ставіў спецыяльнай задачы стварыць Крамянё­вую даліну, яна толькі выконвала сваю звычайную ролю: фінансавала найбольш перспектыўныя навуковыя даследаванні, за кошт дзяржзаказу (у першую чаргу ваеннага) стварала попыт на высокатэхналагічную прадукцыю і спрыяла фармаванню спрыяльнага бізнес-асяроддзя. У выніку ў ЗША налічваецца 96 стартапаў з капіталізацыяй больш за 1 мільярд долараў.

У апошнія гады на ролю аднаго з лідараў у развіцці стартапаў выйшаў Кітай. Падабенства беларускай мадэлі развіцця тэхнапаркаў з Кітаем заключаецца ў высокай ступені дзяржаўнага кантролю. Аднак, у адрозненне ад Беларусі, Кітай павялічвае выдаткі на адукацыю і навуку, стварае і прыцягвае да працы ў тэхналагічных кластарах сусветных лідараў, каб пераймаць іх веды і фармаваць крытычную масу прафесійных кадраў і ідэй. Гэта дазволіла Кітаю ў 2015 годзе давесці капіталізацыю 19 стартапаў да 1 мільярда долараў.


Ці трэба конкурсы?

У Беларусі штогод праходзіць рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў. Конкурс праводзіцца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Конкурс мае адкрыты характар, у ім могуць прымаць удзел як юрыдычныя, так і фізічныя асобы, што дае магчымасць стартаперам атрымаць невялікае фінансаванне свайго праекту.

Памер грашовага ўзнагароджання ў 2016 годзе складае: за першае месца — 60 тарыфных ставак першага разраду (1788 BYN); за другое — 40 тарыфных ставак (1192 BYN); за трэцяе — 20 тарыфных ставак (596 BYN).

Сярод намінантаў савет конкурсу адбірае праекты для далейшай камерцыялізацыі, што дае права на атрыманне фінансавання ў памеры 400 тарыфных ставак.

startap_1.jpg


З аднаго боку, можа здацца, што гэта нядрэнны шанец. Аднак не ўсё так адназначна.

Па-першае, стартаперам трэба быць гатовым да таго, што дэталі праекта стануць вядомыя нявызначанаму колу асоб. А сярод іх цалкам могуць апынуцца і тыя, хто ў стане ажыццявіць ідэю раней канкурсанта.

Па-другое, па ўмовах конкурсу саветам разглядаюцца толькі інавацыйныя праекты з дэталёва прапрацаванай стратэгіяй камерцыялізацыі і якія адпавядаюць прыярытэтным напрамках навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Дадзеная ўмова адсейвае абсалютную большасць стартапаў яшчэ на этапе падачы заяўкі.

Таму нядзіўна, што сярод пераможцаў конкурсу за ўсю яго гісторыю не было ні аднаго праекта, які можна было б назваць стартапам.


Няма фірмы — няма стартапа

Прадстаўнікі дзяржорганаў прад’яўляюць аднолькавыя патрабаванні да ўсіх зарэгістраваных арганізацый. Таму любая спроба ўбудавання стартапа ў беларускае прававое поле спалучаная з вялікімі цяжкасцямі. Для прадстаўніка падатковай інспекцыі довады аб тым, што выручка ў кампаніі чакаецца толькі праз некалькі гадоў, здадуцца зусім не пераканаўчымі. Да таго ж супрацоўнікі беларускіх арганізацый не могуць працаваць без заробку і выплаты адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Аднак прымяненне прынцыпаў кіравання, дзейсных для кампаній, якія ўжо існуюць, для стартапаў з’яўляецца вялікай памылкай. Таму спробы пабудаваць бізнес-мадэль стартапа на стандартных прынцыпах вядзення бізнесу ў Беларусі, як правіла, вядуць да правалу.

Сёння ж у беларускай падатковай да стартапераў могуць узнікнуць прэтэнзіі нават у тым выпадку, калі стартапу не нададзены фармальны статус. Звязана гэта з дэкрэтам аб дармаедстве, пад які падпадаюць непрацуючыя грамадзяне працаздольнага ўзросту. Усё гэта сведчыць аб тым, што стартапы сёння знаходзяцца па-за беларускім прававым полі.

У выніку ў Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя, калі колькасць стартапаў узрастае не дзякуючы, а насуперак палітыцы дзяржавы. А беларускія стваральнікі найбольш перспектыўных бізнес-праектаў вымушаныя разлічваць у асноўным на замежных інвестараў. Балазе, што на сённяшні дзень беларускія стартап-каманды могуць прэтэндаваць на атрыманне фінансавання сваіх праектаў з ЗША ці Еўропы, застаючыся пры гэтым у Беларусі.