Ідэі валяюцца пад нагамі

«Ідэі нічога не каштуюць. Тут яны проста пад нагамі валяюцца. Мы прачынаемся і кожны дзень маем ідэі, але што з гэтага рэалізуецца? — гаворыць Яўген Пугач, кіраўнік кіраўнік стартап накірунку ў «Імагуру».

businessstartup.jpg

Вызначэнняў паняцця «стартап» вельмі шмат. Мы не будзем спрачацца і шукаць сваё. Папросту паспрабуем разабрацца, ці ёсць у Беларусі месца для бізнес-ініцыятывы.

У пачатку 2016 года стрэліў створаны беларусамі дадатак для мабільных прылад MSQRD. Пра паспяховы стартап пісалі ўсе медыя. Інфармацыя пра паспяховыя ідэі рэгулярна з’яўляецца ў інфармацыйнай прасторы, школы стартапаў з’явіліся па ўсёй Беларусі.

Пра тое, як нараджаюцца паспяховыя ідэі і дзе шукаць спонсараў для сваіх бізнес-задумак, распавёў кіраўнік кіраўнік стартап накірунку ў Бізнес-клубt «Імагуру» Яўген Пугач.

«Калі тры гады таму мы адчыняліся, то слова «стартап» сур’ёзна не ўспрымалася. Маўляў, малалеткі прыходзяць патусіць і папрасіць грошай. Цяпер, калі з’явіліся гучныя паспяховыя справы, да стартапаў пачалі ставіцца інакш, — гаворыць Яўген Пугач. — Першы хакатон мы ладзілі з літоўцамі ў Мінску ў 2013 годзе. Ён быў зарзагізаваны сумесна з эстонскім праектам Garage48. Тады ж нарадзілася кампанія TracDuck, якая паспяхова працуе і цяпер. Яе заснавальнікі — два беларусы і адзін літовец».

Хакатон — форум, дзе збіраюцца спецыялісты з розных галін і разам працуюць над рашэннем якой-небудзь праблемы. Напрыклад, у пятніцу фарміруецца 15–20 каманд са сваімі ідэямі. Груба кажучы, зачыняюцца ў памяшканні на суткі-двое і там працуюць над ідэяй. Нехта гэта робіць дзеля фана, а нехта распрацоўвае ідэі, якія потым выстрэльваюць. Прыкладна 2–3 праекты па выніку хакатона пачынаюць дзейнічаць.

Баяцца, што ты агучыш ідэю на хакатоне, а яе скрадуць, не варта.

«Ідэі нічога не каштуюць. Тут яны проста пад нагамі валяюцца. Я вам распавяду нешта, але не факт, што вы зможаце гэта зрабіць. Мы прачынаемся і кожны дзень маем ідэі, але што з гэтага рэалізуецца? На хакатоне людзі мабілізаваліся і сфармулявалі ўсё, а на рэалізацыю ўжо не хапае сілаў, бо праца, сям’я, занятасць… — гаворыць Яўген. — Адзін з заснавальнікаў MSQRD Яўген Неўгель удзельнічаў ва ўсіх нашых хакатонах. Можна сказаць, што ён планамерна ішоў да выніку».

Увогуле, шукаць аднадумцаў і новыя ідэі схільныя маладыя людзі. Тыя, каму за 40 гадоў, на падобныя мерапрыемствы прыходзяць мала.

«Ёсць, канешне, адзінкі, яны і ўдзельнічаюць, і прапануюць свае ідэі, але, шчыра кажучы, адстаюць. Чаму бізнесы разбураюцца? Немагчыма гадамі жыць адным падыходам, цяпер усё змяняецца вельмі хутка», — гаворыць кіраўнік галіны стартапаў Бізнес-клуба «Імагуру».

Яўген Пугач

Яўген Пугач

Хакатоны цяпер такія папулярныя, што кампаніі замаўляюць іх для сваіх супрацоўнікаў. Тут і элементы пабудовы каманднага духу, і распрацоўка новых праектаў для кампаніі.

Але мала мець ідэю, і нават яе рэалізаваць на практыцы. Каб стаць глабальным, патрэбныя немалыя выдаткі на распрацоўшчыкаў, міжнародны маркетынг. Вось тут і спрыяюць інвестары, якія дапамагаюць з матэрыяльнай частка праекта.

«Звычайна людзі даюць грошы за нейкі адсотак у справе 5–10–20… Дамаўляюцца, што на нейкім этапе, калі кампанія пачне працаваць, яе трэба прадаць. Або дамаўляюцца, што праз некалькі гадоў долі будуць выкупляць. Для бізнесоўцаў — гэта спосаб укласці грошы на больш выгодных умовах, чым пакласці на дэпазіт у банку. Але былі выпадкі, калі аўтары ідэй абураліся, што інвестар просіць 49% у бізнесе. Гаварылі, што пайду я лепш у банк, бо інвестар хоча забраць справу. Але паўстае пытанне: хто дасць студэнту вялікі крэдыт?»

Па словах Яўгена, многія працуюць над сваім праектам вечарамі, а днём на звычайнай працы зарабляюць на жыццё. У ЗША стартапамі займаюцца людзі, якім ужо за 40 гадоў — з досведам, ведамі, грашыма. У Беларусі стартапы ўсё ж справа маладзейшых людзей.

Раней у Беларусі існавала ГА «Супольнасць бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў «БАВІН», вядомы цікаўнасцю да стартапаў сузаснавальнік групы кампаній «Сармат» Аляксандр Кныровіч, заснавальнік і саўладальнік беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Юрый Зісер, іншыя самастойныя інвестары.

Гэтай восенню пачаў працу венчурны фонд «Haxus», які будзе інвеставаць на ранняй стадыі развіцця ў стартапы, якія працуюць у галіне штучнага інтэлекту, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці. Кампанія «Зубр Капітал» запусціла ў Беларусі фонд прамых інвестыцый «Zubr Capital Fund I». Фонд мае намер рабіць інвестыцыі ў развіццё прыватных беларускіх кампаній з высокім экспартным патэнцыялам. У сферы інтарэсаў ZCFI — інфармацыйныя тэхналогіі, вытворчасць тавараў народнага спажывання, раздробны гандаль.

Цяпер папулярны такі кірунак, як фінтэх-стартапы — праекты, звязаныя з фінансавай і банкаўскай сферай, сістэмай плацяжоў. Напрыклад, беларусы спрабуюць рэалізаваць праект GraiMe, які прапаноўвае сістэму безнаяўных плацяжоў вулічным музыкам.

Яскравым прыкладам Fintech-стартапа з'яўляецца exp (capital), у які інвеставаў фондВіктараПракапені  VP Capital.

У пачатку лістапада ў «Імагуру» праводзілі хакатон па тэме разумных тэхналогій, ідэй для горада і побыту гараджан Imaguru Smart Cities. Гэты хакатон падтрымалі такія буйныя кампаніі, як Velcom, Coca-Cola, EPAM. Ідэі прапаноўвалі самыя розныя: ад безбар’ернага асяродку да кантролю ў рэальным часе колькасці зялёных насаджэнняў у горадзе.

imahuru.jpg

IT-праекты, канешне, найбольш прывабныя, бо патрабуюць мінімальна матэрыяльных рэсурсаў. Іншая справа, калі трэба пабудаваць цэх, каб запусціць нейкую вытворчасць.

«Да нас прыходзяць людзі не толькі з Мінска, — гаворыць Яўген Пугач. — За месяц праз мерапрыемствы бізнес-клуба праходзіць некалькі тысяч чалавек. Гэта без уліку тых, хто карыстаецца паслугамі каворкінгу. Калі мы пачыналі, то ў гэта мала хто верыў. Цяпер жа тэмы стартапаў, бізнес-школ, каворкінгу на слыху. Той жа каворкінг — гэта эфектыўна, зручна, танна. Дома чалавек дзічэе. А тут усе кантактуюць паміж сабою, можна смела падыйсці і распытаць чалавека, чым ён займаецца, пачуць параду. У нас ёсць і выпадкі, калі офіс для калектыву здымаюць у іншым месцы, а заснавальнік кампаніі прыходзіць працаваць сюды. Тут многа мерапрыемстваў праходзіць, і можна нават краем вуха многа цікавага пачуць».

Па словах Яўгена, на кожны хакатон прыязджае хлопец з Пінска, прывозіць сваіх аднагрупнікаў. Яны ўвесь час спрабуюць розныя ідэі, не атрымалася — бяруць іншую. Зрэшты, так робіць любы прадпрымальнік — увесь час шукае новае.