У бюджэтнікаў другі месяц запар падаюць заробкі

Сярэдні заробак бюджэтнікаў у лютым ўпаў на 1,3% — да 1085,2 рубля, паведамляе Белстат. У грашовым выражэнні зніжэнне склала 14,2 рубля. Рэальныя зарплаты, якія разлічваюцца з папраўкай на інфляцыю, таксама падаюць. Для параўнання: у студзені сярэднія заробкі ў бюджэтных арганізацыях упалі на 101 рубель. Нагадаем, бюджэтнікам абяцаюць прыбаўку за кошт аптымізацыі колькасці.

img_4699__1__logo_1.jpg

У ахове здароўя сярэднія заробкі ўпалі ў лютым на 57,2 рубля. Да прыкладу, лекары ў мінулым месяцы ў сярэднім атрымлівалі 2163 рублі. Гэта на 161,5 рубля менш, чым у студзені. У сярэдняга медперсаналу ў лютым у сярэднім выходзіла 1326,3 рубля — гэта на 155,4 рубля менш, чым месяцам раней.
Заробкі сацработнікаў у мінулым месяцы ўпалі да 779 рублёў (мінус 26,6 рубля да студзеня).
У адукацыі сярэдняя лютаўская зарплата склала 914,3 рубля. Гэтая сума на 10,7 рубля больш, чым у студзені. Настаўнікі ў сярэднім атрымлівалі 1111,5 рубля, што на 22,9 рубля больш, чым месяцам раней.
Даныя пра сярэдні заробак, нагадаем, публікуюцца да выліку падаходнага падатку (13%) і абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны (1% з заробкаў работнікаў). Усе сумы вышэй пазначаныя да выліку падаткаў (паводле даных Белстата).
Рэальная зарплата бюджэтнікаў, якая разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, у лютым упала на 3,1% у параўнанні са студзенем. Да прыкладу, у ахове здароўя рэальныя заробкі ўпалі на 10,5% да студзеня, а ў адукацыі знізіліся на 0,7% (пры гэтым у настаўнікаў рост на 0,2%).
За два першыя месяцы гэтага года сярэдняя зарплата бюджэтнікаў упала на 115,2 рубля. Сярэднія заробкі ў цэлым па краіне за студзень і люты знізіліся на 197,5 рубля.
Нагадаем, да канца 2020 года бюджэтнікам планавалі падняць заробкі да 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. На гэты паказчык па выніках мінулага года ўдалося выйсці, суадносіны склалі 80,4% (за студзень-снежань мінулага года). Аднак тут ёсць нюанс: выйсці на гэты ўзровень шмат у чым атрымалася за кошт надбавак медыкам за барацьбу з каронавірусам.
Асобным катэгорыям бюджэтнікаў у гэтую пяцігодку — у 2021-2025 гадах — абяцаюць падняць у 1,5-2 разы зарплату. Гэта настаўнікі, выкладчыкі, лекары і сярэдні медперсанал, работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання, культуры. Але павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы будзе забяспечвацца, сярод іншага, за кошт аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў. Нядаўна гэтыя планы пацвердзіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.
У агульнарэспубліканскім банку вакансій цяпер значыцца 2925 прапаноў для лекараў-спецыялістаў. З іх — 1261 прапанова ад наймальнікаў з заробкам да 700 рублёў. Больш за 1000 рублёў абяцаюць па 714 вакансіях.
Як правіла, зарплаты ў вакансіях паказваюць да выплаты падаткаў. Гэта значыць, на рукі атрымаецца менш.
Для настаўнікаў у банку размешчана 164 вакансіі. Большасць з іх (131 прапанова) — на зарплату да 600 рублёў.
tut.by