Урад ухваліў праект новай дырэктывы аб развіцці прадпрымальніцтва
Праект дырэктывы прэзідэнта "Аб дадатковых мерах па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь" ухвалены па выніках разгляду 26 мая на пасяджэнні ў Савеце міністраў.
Аб гэтым паведаміў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін 27 мая на эканамічнай канферэнцыі ў Мінску.
Акрамя Карагіна да абмеркавання таксама былі запрошаны старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін і старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр
Швец.
Паводле слоў Карагіна, пазіцыя бізнес-супольнасці адносна праекта дакумента была падтрымана кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаурам і першым віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім.
Былі і праціўнікі некаторых фармулёвак, выкладзеных у праекце, адзначыў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўрад разглядае малы і сярэдні бізнес як адзін з драйвераў росту ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады.
"Дыскусійнасць ва ўрадзе здзівіла. Члены ўрада спрачаліся з прадстаўнікамі кантрольных органаў і адстойвалі прагрэсіўныя пазіцыі", — адзначыў Карагін. Паводле яго слоў,
Саўмін прыняў праект дакумента і найбліжэйшым часам ён будзе накіраваны на разгляд прэзідэнту.
Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін выдзеліў у праекце новай дырэктывы аб падтрымцы прадпрымальніцтва два прынцыпова новыя моманты: намер раздзяліць функцыі дзяржавы як
рэгулятара і як ўласніка, а таксама нарасціць базу ўласнасці малога бізнесу.
"Малая прыватызацыя будзе развівацца, калі з'явіцца пералік крытэрыяў, пры выкананні якіх прадпрымальніку не можа быць адмоўлена ў набыцці арандуемай не менш за тры гады
дзяржмаёмасці. Гэты пункт праекта дырэктывы выклікае каласальнае супраціўленне кантрольных органаў", — заявіў Калінін.
Раней эканамічныя эксперты выказвалі меркаванне, што праект новай дырэктывы аб развіцці прадпрымальніцтва, які Мінэканомікі размясціла для публічных кансультацый, носіць шмат у чым
дэкларатыўны характар і ў значнай ступені пераклікаецца з версіяй дырэктывы № 4, якая была прынятая ў краіне ў канцы 2010 года. Такая выснова прыводзілася ў каментарыі Даследчага
цэнтра ІПМ.
Эксперты звярталі ўвагу, што шэраг дэкларатыўных палажэнняў, якія тычацца забеспячэння роўных умоў вядзення гаспадарання для прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, ліквідацыі адміністрацыйных
бар'ераў, утрымліваліся і ў дырэктыве 2010 года.
У сувязі з гэтым эксперты Даследчага цэнтра ІПМ выказвалі меркаванне, што праект новай дырэктывы "патрабуе значнай дапрацоўкі і найперш вельмі дакладных і канкрэтных фармулёвак", якія
дазволяць "максімальна раскрыць патэнцыял беларускага прыватнага бізнесу і забяспечыць пераход краіны да ўстойлівага эканамічнага росту".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН