З крымінальнікаў — у кіраўнікі

Беларуская ўлада пачала выкарыстоўваць цікавы метад прыцягнення да кіраўніцтва стратнымі прадпрыемствамі —  памілаванне былых чыноўнікаў ці ўпраўленцаў ды хуткае прызначэнне на адказныя пасады. Ад пачатку года мы маем ужо некалькі такіх прыкладаў.



novosady_zona_11.jpg

Хроніка вызваленняў і прызначэнняў

Экс-дырэктара Бабруйскага мясакамбіната Віктара Хадасевіча днямі прызначылі выканаўцам абавязкаў старшыні сельскагаспадарчага кааператыву “Ліпаўка” (Хоцімскі раён Магілёўскае вобласці).

Нагадайма, што ў маі 2015 года Бабруйскі суд прыгаварыў Хадасевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 18 мільёнаў рублёў. Паводле суда, такое пакаранне гэты дзеяч атрымаў за “замах на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове”. У выраку гаворыцца, што Хадасевіч на тры гады пазбаўляецца права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў.

У студзені быў датэрмінова вызвалены з-за кратаў былы першы намеснік генеральнага пракурора краіны Аляксандр Архіпаў, якога адразу ж прызначылі дырэктарам сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Пятровічы” (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці).

У 2014 годзе Архіпаву прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовым становішчам і атрыманне хабару. 

16 студзеня стала вядома пра тое, што экс-кіраўнік Чашніцкай раённай вертыкалі (Віцебская вобласць) Уладзімір Булай прызначаны дырэктарам ААТ “Кляновічы” (Крупскі раён Мінскай вобласці).  

У верасні 2015 года Генеральная пракуратура завяла ў дачыненні  да гэтага чыноўніка крымінальную справу за выкарыстанне службовых паўнамоцтваў, прымус розных арганізацыяў і прадпрыемстваў раёна да перадачы яму і ягоным сямейнікам грошай і да бясплатнага аказання паслугаў. Аднак замест лавы падсудных Булай апынуўся ў кіроўнай фатэлі.

2 лютага стала вядома, што датэрмінова вызвалілі і прызначылі выканаўчым дырэктарам па вытворчасці прадпрыемства “Будмашына” (Магілёў), якое займаецца вытворчасцю абсталявання і матэрыялаў для будаўнічай індустрыі, Андрэя Усава.

Былы дырэктар “Магілёўдрэва” 1 ліпеня 2014 года быў прыгавораны да васьмі (!) гадоў пазбаўлення волі за шэраг злачынстваў, як то злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, раскраданне, нанясенне ўрону ў буйным памеры. 

Элемент асалоды ўладай

Што тут сказаць? Палітолаг Валеры Карбалевіч адзначае, што зусім не зразумела, на які прававы дакумент спасылаюцца ўлады, калі прымаюць гэтыя рашэнні, і які юрыдычны статус тых вызваленых і прызначаных людзей.

Наколькі я разумею, ніякага дакумента няма, і статус таксама не вызначаны. Лукашэнку вельмі падабаецца распараджацца лёсамі людзей. Зараз кажуць, што дэпутаты яго аб гэтым папрасілі. Магчыма, і так, але яму вельмі падабаецца, калі да яго звяртаюцца з просьбай, пішуць чалабітную, і вось ён вырашае, каго вызваліць, а каго не вызваліць, — мяркуе аналітык. —  Па-другое, у момант крызісу назіраецца сур’ёзны дэфіцыт людзей, якія гатовыя ўзначаліць прадпрыемствы, асабліва нерэнтабельныя. І тут вось такая “эўрыка”! Знайшлі спосаб — вызваляць і прызначаць людзей, якія не адмовяцца ачоліць прадпрыемствы, і пры гэтым, дарэчы, будуць вельмі старацца. Бо з прычыны, што іх статус не вызначаны, іх зноўку можна ўзяць за каўнер і адправіць за краты. Вось такая спроба вырашэння праблемы”.

Па словах Валерыя Карбалевіча, тут не тое, што ў кіраўніка дзяржавы скончылася лаўка запасных, але справа ў тым, што зараз людзі ўвогуле не жадаюць ісці на кіроўныя пасады. Дарэчы, не так даўно гэта прызнаваў і сам Лукашэнка.

У крызіс прадпрыемства, якое працуе кепска, ператварыць у прадпрыемства, што працуе добра, немагчыма ў прынцыпе. Але вельмі лёгка апынуцца ў вязніцы, бо крок налева — крок направа — і цябе тут жа прыцягнуць і пасадзяць. Бо любыя прававыя нормы можна трактаваць “гумава”, як гэта робяць нашы праваахоўныя органы. Таму, магчыма, і ёсць людзі, якія былі б гатовыя гэта рабіць, але яны не хочуць”, — лічыць суразмоўца.

Ці ёсць тыя былыя чыноўнікі і кіраўнікі за кратамі, якія найбліжэйшым часам могуць выйсці на волю і ўзначаліць прадпрыемствы ці калгасы? Валеры Карбалевіч не выключае такога.

Але трэба, каб чалавек напісаў заяву, што ён раскайваецца, што ён просіць прэзідэнта яго памілаваць і гэтак далей. Аднак, ёсць вялікая кагорта кіраўнікоў, якіх судзілі і якія не прызналі сваёй віны. Напрыклад, кіраўнік “Белкаапсаюза” Сядзько, якому далі восем гадоў зняволення. Нядаўна судзілі намесніка міністра лясной гаспадаркі Лісіцу, які таксама не прызнаў сябе вінаватым. Ёсць і іншыя прыклады. Але калі чалавек не прызнаў сваёй віны, то як яму пісаць чалабітную? Таму тут складана даваць нейкія прагнозы. Па-першае, чалавек павінен адседзець пэўны час, па-другое, кампенсаваць страты сваімі грашыма, па-трэцяе, напісаць заяву з просьбай аб памілаванні. Таму прадказаць тут нешта цяжка”, — падсумаваў эксперт.