Сейм Польшчы зацвердзіў кандыдатуру новага пасла ў Беларусі

Новым паслом Польшчы ў Беларусі будзе Конрад Паўлік.



konrad_pavlik.jpg

Конрад Паўлік

Будучага амбасадара Польшчы ў Беларусі ў камісіі па замежных справах Сейма прадстаўляў кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Ён знайшоў поўную падтрымку дэпутатаў, якія былі на пасяджэнні камісіі.

Міністр Вашчыкоўскі назваў Конрада Паўліка дасведчаным і прафесійным дыпламатам. Кажучы пра прыярытэты польскай палітыкі адносна Беларусі, кіраўнік МЗС Польшчы заявіў: «Мы хацелі б мець на тым баку мяжы незалежнага, суверэннага і стабільнага партнёра, які акрамя таго — гэта было б марай — кіраваўся б прынцыпамі прававой дзяржавы».

Першай справаю новага пасла будзе арганізацыя візіта міністра Вітольда Вашчыкоўскага ў Мінск, запланаваны на бліжэйшы месяц.

Паўлік заявіў, што будзе падтрымліваць усе дзяржаўныя і няўрадавыя арганізацыі ў іх праектах, адрасаваных польскай меншасці ў Беларусі: «Глыбока веру, што пры добрай каардынацыі і мудрай выверанай палітыцы мы зможам малымі крокамі палепшыць сітуацыю польскай меншасці, не пагаршаючы стасункаў з афіцыйным Мінскам».

Конрад Паўлік нарадзіўся ў 1976 годзе ў Варшаве, спецыяліст у галіне міжнародных палітычных і эканамічных адносін, вучыўся ў Галоўнай гандлёвай школе ў Варшаве і Орхускім універсітэце ў Даніі. Працаваў у адміністрацыі прэзідэнта і МЗС Польшчы, валодае англійскай і рускай мовамі.

Паводле Радыё Свабода