Варта весці дзетак у беларускі клас: 12 прычын

У пачатку чэрвеня бацькі будуць выбіраць мову і пісаць заявы для навучання сваіх дзетак у першым класе. Варта аддаць дзіця ў беларускую школу. Гэта — патрабаванне часу. І вось чаму.

hoczam_vuczycca.jpg


1. Беларуская мова — мова большасці


 Беларуская мова патрэбна, каб ведаць свае карані і традыцыі пазнавання свету па-беларуску.
Пасля апошняга перапісу насельніцтва аказалася, што 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек назвалі роднай мовай беларускую. Амаль кожны чацвёрты штодзённа карыстаецца ёю. А што трэба рабіць, каб узняць аўтарытэт роднай мовы і культуры сярод тых, хто не ёй карыстаецца, але лічыць роднай? Паступова вяртацца да сваіх каранёў, а бацькам будучых першакласнікаў — пісаць заявы ў беларускія класы.
Чым больш будзе жадаючых вучыцца па-беларуску, тым больш будзе павагі і ўвагі да беларускай мовы. Беларусы пазбавяцца комплексу нацыянальнай прыніжанасці, будуць з павагай ставіцца да свайго, роднага, будуць ведаць, адкуль пачынаўся іх род.


2. Навучаючы дзіця па-беларуску, вы адпавядаеце імператыву сучаснасці


Пасля пераводу гарадскіх беларускіх школ на рускую мову, авалодаць аднолькава добра рускай і беларускай мовамі стала для большасці вучняў немагчымым. Пасля заканчэння «рускай» школы значная колькасць дзяцей не можа па-беларуску сказаць і двух сказаў, некаторыя лепей гавораць па-англійску.
Як гэта выправіць? Проста! Трэба пісаць заяву ў беларускі клас. Калі ваша дзіця будзе вучыцца ў беларускім класе, яно будзе добра валодаць і рускай, і беларускай мовамі. Праз 10–15 гадоў, пасля школы і ВНУ, гэтыя веды спатрэбяцца для любога дзяржчыноўніка і проста адукаванага чалавека. Беларускамоўныя бацькі сёння ведаюць і рускую, і беларускую, таму адпавядаюць імператыву сучаснасці. Рускамоўныя, як правіла, аднамоўныя, беларускую мову разумеюць, але гаварыць і выконваць прафесійныя абавязкі на ёй не могуць. Навучаючы дзяцей па-беларуску, вы не губляеце рускай мовы!

3. Беларуская мова адна з самых мілагучных і сэксуальных моваў Еўропы


Шматлікія даследаванні паказваюць, што беларуская мова па мілагучнасці саступае толькі італьянскай. Дастаткова ўспомніць Мулявіна і яго «Песняроў»: іх песні ведалі і спявалі амаль ва ўсім СССР.
Мілагучнасць той ці іншай мове дае «генетычны код» — набор галосных і зычных гукаў, па якіх мы можам казаць пра яе прыгажосць. Навукоўцам вядома, што большасць людзей успрымае галосныя гукі больш прыемна за зычныя. Па самых частых галосных гуках вучоныя склалі мапы, якія характарызуюць еўрапейскія мовы. Беларускае «аканне», гук [a] ў нашай мове адметна пашыраны: на яго прыходзіцца каля пятай часткі гучання. У людзей гэты гук асацыюецца з каханнем, сэксам, крывёю, палкасцю, рамантыкай.
Моцнае дамінаванне гука [a] сярод еўрапейскіх моваў сустракаецца толькі ў беларускай. Таму тых, хто гаворыць на беларускай, успрымаюць як надзвычай палкіх і рамантычных людзей, а беларускую мову можна назваць найбольш сэксуальнай у Еўропе.

Гімназія № 23. Фота tut.by

Гімназія № 23. Фота tut.by


4. Чым раней чалавек пачынае вывучаць беларускую мову, тым больш яна здаецца яму натуральнай


Дзеці звычайна не маюць забабонаў у адносінах да якой-небудзь мовы, і шырокая праца з імі закладае падмурак для звычак карыстання моваю на ўсё жыццё.
Самы трывалы асяродак функцыянавання мовы — гэта сям'я. Адначасова гэта і найбольш замкнёная сфера для грамадскага ўздзеяння. Але калі здолець змяніць моўныя звычкі ў сям'і, тады вельмі складана, нават у самых неспрыяльных умовах, зруйнаваць гэты асяродак.

5. Мова ўплывае на прадукцыйнасць і здароўе


Ёсць багата даследаванняў, якія паказваюць, што шматмоўныя людзі атрымліваюць вышэйшыя адзнакі падчас навучання, іхні мозг даўжэй не старэе і яны іншым чынам выйграюць ад шматмоўя. Але адна з моваў абавязкова мусіць быць роднай. Яшчэ ў ХХ стагоддзі англічане даказалі, што мова продкаў дапамагае хворым палепшыць стан імуннай сістэмы.
Нашы продкі стагоддзямі развіваліся, эвалюцыянавалі разам з мовай. Таму характарыстыкі артыкуляцыйнага апарату, нервовай сістэмы, антрапаметрычныя параметры перадаюцца нам генетычна. Калі вы размаўляеце на мове сваіх продкаў, гены дапамагаюць вам быць больш прадукцыйнымі. Аўстралійскія даследаванні мясцовых народнасцяў паказалі: хто з іх перайшоў на англійскую мову, той меў ніжэйшыя вынікі ў адукацыі. «Чужынамоўныя» спажывалі болей алкаголю, сярод іх часцей сустракаліся наркаманы, яны часцей станавіліся ахвярамі жорсткага абыходжання ў параўнанні з «роднамоўнымі». Людзі, якія гавораць на роднай мове, адчуваюць сябе больш упэўненымі і маюць лепшае здароўе.

6. Беларуская мова — безбар’ерны масток да еўрапейскіх універсітэтаў


Выпускнікі беларускамоўных школ 90-х гадоў сталі запатрабаванымі не толькі на сваёй Радзіме. Сёння шмат з іх прадстаўляюць інтарэсы замежных кампаній, робяць ім рэкламу на беларускай мове, ствараюць запатрабаваныя беларускамоўныя брэнды, выкладаюць у замежных ВНУ.
Добра ведаючы беларускую, лягчэй засвойваць замежныя мовы, найперш польскую, чэшскую, славацкую, украінскую, дзе шмат роднасных слоў, якіх няма ў рускай мове. Лягчэй адбываецца адаптацыя да іншамоўнага асяроддзя. Калі хочаце, каб ваша дзіця вучылася ў Празе, Кракаве, Браціславе, Варшаве і мела дыплом, прызнаны ў Еўропе, то пачынайце з беларускага класу.

 Беларускамоўны клас у СШ № 1 Магілёва. Фота mogiev.gov.by

 Беларускамоўны клас у СШ № 1 Магілёва. Фота mogiev.gov.by


7. Беларуская мова становіцца прэстыжнай


Кожны дзяржаўны чыноўнік павінен адказваць на той мове, на якой звярнуўся грамадзянін (пісьмова ці вусна). Гэтага патрабуе заканадаўства. Чыноўнік, які выконвае свае абавязкі толькі на рускай мове, праз пэўны час можа стаць незапатрабаваным.
Сёння дзяржслужбоўцы яшчэ могуць разлічваць на сакратара, які валодае рускай і беларускай. А калі давядзецца адказваць грамадзяніну вусна? А калі грамадзянін акажацца прынцыповым? Такіх прынцыповых штогод становіцца ўсё больш, а значыць, яны не дадуць чыноўнікам спакойна сядзець на пасадзе з веданнем толькі рускай мовы. Валоданне беларускай — неабходная ўмова, каб зрабіць кар’еру ў дзяржкіраванні.


8. Былая «вясковая» мова становіцца папулярнай


Беларуская мова — сучасны і модны брэнд, асабліва сярод «прасунутай» моладзі. Віктар Марціновіч, малады беларускі пісьменнік, кнігі якога выдаюць у ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, сказаў пра родную мову: «Мова — гэта код, у якім зашыфраваныя этычнасць і падтэксты, якія нават прамовіць складана… З’яўляецца новая генерацыя беларускамоўных, для якіх мова — гэта не боль, а проста мода і адзнака чалавечай якасці… Мова для мяне — гэта, хутчэй, прыкмета сучаснасці, прыкмета адукаванасці, прыкмета таго, што ты свой і што ты не «калхазан»... Гэта прыкмета таго, што ты чалавек адукаваны, маднявы і такі, з якім можна паразмаўляць».
Не дзіва, што ў прадпрымальнікаў, якія могуць спрытна весці гутарку па-руску і па-беларуску, звычайна большае кола пастаянных пакупнікоў. А ў колькі разоў падняліся продажы пральнага парашка «Мара» з-за беларускамоўнай рэкламы! Зазірніце ў інтэрнэт — беларушчына цяпер спрэс і вельмі актыўна развіваецца, уключаючы інтэрфэйсы і кампутарныя гульні.

9. Талерантная будучыня — за двухмоўнымі і шматмоўнымі


Найлепшы выбар — не дзяліць мовы, а карыстацца імі. Кожны беларускамоўны павінен добра ведаць рускую мову, а кожны рускамоўны павінен лёгка пераходзіць на беларускую. Каб стаць сапраўдным грамадзянінам Беларусі, трэба ведаць дзве мовы. А пачынаць трэба са школы.
Амерыканскія спецыялісты кагнітыўнай неўралогіі пераканаўча даказалі перавагу двухмоўных людзей над аднамоўнымі. Двухмоўныя маюць большыя здольнасці разбірацца з дзвюма праблемамі адначасна. Двухмоўныя — лепшыя кіроўцы транспарту, чым аднамоўныя. Хвароба Альцгеймера, калі такая здараецца, прыходзіць да двухмоўных у сярэднім пазней на 6 гадоў. Двухмоўе ўзмацняе агульны інтэлектуальны патэнцыял чалавека, дзіця — засвойвае ў два разы больш інфармацыі. Вывучэнне мовы ўзмацняе працу мозгу. Вывучэнне роднай ці замежнай моваў моцна стымулюе левае паўшар’е, адказнае за аналітычныя і вербальныя функцыі.
Значная частка беларускамоўных з’яўляецца, папраўдзе, як мінімум двухмоўнымі, і ў гэтым сэнсе беларускамоўныя пакуль лепш адпавядаюць сучаснасці, бо шматмоўе ў нас не мае альтэрнатывы.

10. Каб дзеці не камплексавалі, а лёгка пераходзілі з адной мовы на другую


Улічваючы сучасныя тэндэнцыі, можа стацца, што вашы дзеткі, калі вырастуць, то на пытанне, чаму не валодаюць аднолькава добра беларускай і рускай мовамі, будуць шукаць прычыны і ў сваіх бацьках. Не ў той клас аддалі, не размаўлялі па-беларуску, не разумелі тэндэнцый часу. А бацькі, магчыма, проста вучыліся па тых падручніках, дзе пра гонар, павагу да свайго роднага было напісана толькі некалькі радкоў дробным шрыфтам. Таму бацькам трэба зрабіць усё, каб іх нашчадкі ўжо з дзяцінства цікавіліся сваёй сям’ёй, горадам, краінай, ведалі сваю мову, гісторыю і культуру. Каб дзеці не саромеліся і не камплексавалі, а з лёгкасцю пераходзілі з адной мовы на другую.

Фота Svaboda.org

Фота Svaboda.org


11. Беларуская мова гэта ў будучым канкурэнтная перавага на працоўным рынку


Чалавек, які ведае на адну мову больш, мае і большую вагу ў канкурэнцыі за працоўнае месца (пры іншых роўных умовах). У Беларусі раней гэта было не запатрабавана. Але зараз на розных сайтах можна прачытаць аб’явы, дзе запрашаюцца журналісты, афіцыянты, менеджары, праграмісты з добрым валоданнем беларускай. І гэта толькі пачатак. Праз паўтара дзясятка гадоў сітуацыя зменіцца кардынальна, таму важна гэта асэнсаваць сёння! Не спазніцеся, бо іншыя бацькі гэта зразумелі раней.

12. Каб вас больш паважалі суседзі, неабходна зрабіць першы крок


Выдатнае валоданне як мінімум дзяржаўнымі мовамі — гэта паказчык талерантнасці грамадства, а павага да роднай мовы — гэта павага і да сябе!
Не звяртайце ўвагу на іншых, калі ў моўным пытанні вы з імі не згодны, рабіце так, як патрабуе ваша душа і сэрца. Мы ўсе розныя, таму і ўнікальныя!
Не кожнаму хопіць волі адмовіцца ад моўных стэрэатыпаў, якія ствараліся гадамі. Але, калі вы сапраўды хочаце, каб вашы дзеткі ведалі нароўні з рускай і беларускую мову, вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў першы беларускі клас.

Дык будзьма беларусамі, каб не было сорамна!


P.S. Найлепш за год да паступлення ў першы клас знайсці іншых бацькоў, якія вучаць дзяцей на мове ў садку ці школе і пракансультавацца з імі (могуць дапамагчы мясцовыя ТБМ, ТБШ, аддзел адукацыі раёна). Інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце, там ёсць адмысловыя сайты для беларускамоўных бацькоў. Можна проста набраць у пошуку: «беларускія класы». Важна зрабіць першы крок.