Абывацель у варунках крызісу

Пра эканамічны крызіс не чуў хіба толькі глухі. Яго абмяркоўваюць у грамадскім транспарце, студэнцкіх калідорах, кабінетах чыноўнікаў, у сталоўках і рэстарацыях. Пару месяцаў таму ўсе дыскусіі зводзіліся збольшага да тэарэтычных пасажаў кшталту “а ў Амерыцы, Расіі.... Цяпер у размовах перайшлі ад тэорыі да практыкі: амаль у кожнага ёсць знаёмыя, якім падрэзалі заробак, скарацілі працоўны тыдзень ці звольнілі ўвогуле.



013d407166ec4fa56eb1e1f8cbe183b9.jpg

Пра эканамічны крызіс не чуў хіба толькі глухі. Яго абмяркоўваюць у грамадскім транспарце, студэнцкіх калідорах, кабінетах чыноўнікаў, у сталоўках і рэстарацыях. Пару месяцаў таму ўсе дыскусіі зводзіліся збольшага да тэарэтычных пасажаў кшталту “а ў Амерыцы, Расіі.... Цяпер у размовах перайшлі ад тэорыі да практыкі: амаль у кожнага ёсць знаёмыя, якім падрэзалі заробак, скарацілі працоўны тыдзень ці звольнілі ўвогуле.


Перасыхаюць крыніцы даходаў

Беларускія прадпрыемствы змагаюцца з крызісам метадам скарачэння колькасці працоўных дзён. Прамысловы гігант, Мінскі аўтазавод, пачынае працаваць — тры дні ў тыдзень. Падобную стратэгію абралі для сябе і прадпрыемствы, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі: НДІ ЭВМ і ЗАТ “НПП Белсофт.

Як паведамляе сайт “Хартыя–97, з 2 лютага МАЗ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень: 2, 6, 9, 13, 16, 20, 23, 27 лютага абвешчаны прастой, людзям у гэты час будуць выплачваць 2/3 заробку. Старшыня прафкама Мінскай гарадской першаснай прафсаюзнай арганізацыі, якая ўваходзіць у склад прафсаюза РЭП, Уладзімір Лазоўскі абнародаваў інфармацыю, што рабочыя МАЗа не будуць працаваць па панядзелках і пятніцах. Пакуль “на плыву застаецца толькі вытворчасць аўтобусаў. «На прадпрыемстве і так ужо адбылося скарачэнне заробку, людзі страцілі ад 200 да 500 тысяч рублёў у сувязі з тым, што працуюць у рэжыме няпоўнага часу, абмежаваныя розныя даплаты, прэміі. Зарплата была 1 мільён 300–400 тысяч. Зараз — ад 800 тысяч да 1 мільёна 200 тысяч рублёў. І гэта не мяжа, заробкі будуць яшчэ больш скарачацца», — цытуе Лазоўскага інтэрнэт-рэсурс.

Супрацоўнікам буйнейшага беларускага прадпрыемства, якое працуе ў галіне інфармацыйных тэхналогій, ЗАТ “НВП Белсофт паведамілі, што з першага лютага “на прадпрыемстве абвешчанае прыпыненне работы (прастой) на тэрмін да першага сакавіка 2009 года. У перыяд прастою працаўніку гарантуецца аплата ў памеры двух трацін тарыфнай стаўкі (акладу). У перыяд прастою працаўнік павінен выконваць рэжым працоўнага часу, устаноўлены працоўнай дамовай. На іншым прадпрыемстве з той жа галіны — НДІ ЭВМ — таксама пераводзяць супрацоўнікаў на трохдзённы працоўны тыдзень.

Не да жыру, быць бы жывым

Цягам аднаго месяца для многіх беларусаў стала рэальнасцю тое, што ў мінулым годзе падавалася фантазіяй і кашмарам з выпускаў навін. Шматлікія прадпрыемствы ўсімі магчымымі спосабамі імкнуцца скараціць штат ці ўрэзаць сваім супрацоўнікам заробкі. Калі на дзяржаўных прадпрыемствах кіраўніцтва пакуль імкнецца пазбегнуць прамых скарачэнняў, то на прыватных, а тым больш калі наёмны рабочы працуе неафіцыйна, сітуацыя зусім іншая.

На днях знаёмую, якая працавала гандляркаю на адным з рынкаў, фактычна паставілі перад выбарам — звальняцца ці працаваць за маленькі заробак. Сума заробку ў Наталлі вылічвалася ў працэнтах ад выручкі, з новага года абароты продажу скараціліся ўдвая, дадаткова гаспадар у два разы скараціў працэнт, па якім вылічваўся заробак. Атрымліваецца, што на працягу месяца даход Наталлі скараціўся ў чатыры разы.

“Я збіралася паехаць летам на адпачынак, паступіць на завочнае ва універсітэт, — расказвае гандлярка. — А атрымалася так, што я мушу шукаць новую працу, гэта цяпер няпроста. Ад адпачынку хутчэй за ўсё давядзецца адмовіцца, бо навучанне ўсё ж больш важнае. У іншым прыватным прадпрыемстве заробак у капэртах выплачваецца ў эквіваленце да долара. Пасля студзеньскай дэвальвацыі кіраўнік фірмы паведаміў супрацоўнікам, што цяпер заробак яны будуць атрымліваць у беларускіх рублях у пераліку на курс долара 2 200 рублёў. І так аж да лета. На заўвагі, што такі курс можна было бачыць толькі летась, кіраўнік адказаў прыблізна наступнае: “Калі вам плаціць па сапраўднаму курсу, то мне нічога не застанецца. Натуральна, пры такіх умовах заробак супрацоўнікаў аўтаматычна дэвальваваўся разам з беларускім рублём.

Калі на пачатку студзеня крамы былі ахопленыя ажыятажным наплывам пакупнікоў, то цяпер шал спаў, і гандляры задумаліся, якія яны атрымаюць заробкі, калі выручка мінімальная. Натуральна, найперш спад спажывецкага попыту адчуваюць гандляры тавараў, якія не адносяцца да катэгорыі першай неабходнасці — вопратка, абутак, спартыўны інвентар і г. д. У прадуктовых крамах кошыкі наведвальнікаў заўважна паменшалі: найперш набываецца самае неабходнае.

Найбольш яскрава гэта бачна па пакупках пенсіянераў. (Паводле дадзеных камітэта статыстыкі, сярэдні памер працоўнай пенсіі ў лістападзе мінулага года склаў 394 147 беларускіх рублёў, пенсіі па ўзросту — 40 8327 рублёў. Урад Беларусі пакуль ніякіх намераў па кампенсацыі пенсій-стыпендый-заробкаў у сувязі з дэвальвацыяй не агучваў.) Нэлі Мікалаеўна расказала, што раней працавала ў канструктарскім бюро. Цяпер яе пенсіі хапае толькі на аплату камунальных паслуг і мінімум харчавання: “Я на ўсім імкнуся эканоміць. Набываю для супоў косткі, субпрадукты, нейкія крупы. Але ўсё роўна атрымліваецца дорага. З рэчаў амаль нічога не набываю. Хіба толькі калі зусім неабходна, то нешта з вопраткі і абутку.

Па звестках таго ж Нацыянальнага статыстычнага камітэта, налічаная сярэдняя заработная плата працаўнікоў Беларусі ў снежні 2008 года склала 1000187 рублёў, працоўных і службоўцаў — 1020299 рублёў. Нават калі ўявіць, што заробкі не сталі меншымі (а такіх сфер вельмі мала), то атрымліваецца, што з новага года іх рэальны памер паменшыўся больш чым на 20 працэнтаў, і прыкладна на столькі ж, а на некаторыя групы тавараў і больш, падскочылі цэны. І хаця на пачатку снежня намеснік міністра эканомікі Беларусі Уладзімір Адашкевіч запэўніваў, што ў 2009 годзе індэкс спажывецкіх коштаў у Беларусі не перавысіць 9–11 працэнтаў, ужо цяпер бачна, што рэальнасць запланаваныя паказчыкі дагоніць і перагоніць.

Між іншым, нядаўна намесніца міністра эканомікі Таццяна Старчанка ў інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» паведаміла, што падвышаць тарыфную стаўку першага разраду для арганізацый, якія выкарыстоўваюць дзяржаўныя датацыі, у першым квартале 2009 года не плануецца. І нават невялікі рост заробкаў будзе магчымы толькі з улікам фінансавых магчымасцяў дзяржавы. «У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага валютнага фонду, прырост зарплаты ў арганізацыях дзяржаўнай формы ўласнасці і з пераважнай доляй дзяржавы ў статутных фондах не павінен перавысіць 5 працэнтаў», — патлумачыла чыноўніца палітыку дзяржавы ў галіне аплаты працы.

Здароўе не набудзеш, тым больш па такіх коштах

Але не толькі ў адпачынку ў цёплай Турцыі і мясной нарэзцы пачынаюць адмаўляць сабе беларусы. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у студзені кошты на некаторыя імпартныя лекі ў дзяржаўных аптэках выраслі на 20–34 працэнта, на айчынныя — на 0,5–30 працэнтаў. Міністр аховы здароўя Васіль Жарко паведаміў, што ў студзені быў праведзены маніторынг коштаў у дзяржаўных аптэках. Аналіз паказаў, што кошты на імпартныя лекі, увезеныя ў рэспубліку па новых кантрактах, павялічыліся ў адпаведнасці з ростам курсу валют. “Пераацэньванне лекаў не праводзілася, усё лекі, закупленыя ў 2008 годзе, прадаюцца па ранейшых коштах, — цытуе чыноўніка інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

Рост коштаў на айчынныя лекі міністр патлумачыў тым, што прэпараты, як правіла, вырабляюцца з імпартных кампанентаў. Разам з тым Васіль Жарко паведаміў, што ў аптэках былі зафіксаваныя падвышэнні коштаў на лекі, якія вырабляе беларускае ТАА “Фарматэхналогія, ад 70 да 200 працэнтаў. Міністр паабяцаў, што маніторынг коштаў па найбольш запатрабаваных леках у аптэках усіх форм уласнасці будзе праводзіцца штотыдзень, і ў выпадку неабгрунтаванага значнага падвышэння коштаў інфармацыя пра гэта будзе перадавацца ў Міністэрства эканомікі. Міністэрства аховы здароўя ўжо накіравала ў Мінэканомікі прапанова пашырыць спіс лекавых сродкаў на 93 пазіцыі (зараз у спісе 128 лекаў), кошты на якія рэгулююцца.

І пра добрае...

Крызіс прынёс з сабой не толькі негатыўныя моманты. Напрыклад, у сталіцы пакрысе пачалі ісці ўніз кошты на арэнду жылля. Калі напрыканцы 2008 года сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры быў каля 300 долараў у месяц, то пасля дэвальвацыі можна разлічваць на дах над галавой за 230–250 долараў і плюс аплата камунальных паслуг. На сталічным рынку арэнды жылля цяпер дастаткова прапаноў, спрыяльныя ўмовы для таго, каб дамовіцца з гаспадарамі пра зніжкі.

Верагодна, што да сярэдзіны вясны кошты ў гэтым сектары эканомікі мусяць апусціцца яшчэ ніжэй. Заробкі ў большасці не растуць, а падаюць разам з курсам беларускага рубля. У такіх умовах многія маладыя сем’і, вымушаныя эканоміць, вяртаюцца назад да бацькоў ці шукаюць больш танныя варыянты.

Звальненні з працы таксама не такое ўжо сусветнае зло, з пункту гледжання наймальніка, канешне. Крызіс — добрая магчымасць пазбавіцца ад кадравага баласту, якім абраслі многія фірмы і кампанія за апошнія гады. Натуральна, працадаўцы пакідаюць найбольш прафесіянальных і дасведчаных супрацоўнікаў. Для тых, хто не можа аднесці сябе да гэтай катэгорыі, надышлі часы задумацца пра ўласны ўзровень адукацыі і ведаў. І, магчыма, адмовіцца ад адпачынку ці лішніх ботаў на карысць курсаў падвышэння кваліфікацыі.