Адноўлена праца над Усеагульнай дэкларацыяй лінгвістычных правоў

У Беларусі аднавілася праца па дапрацоўцы, грамадзкім абмеркаванні, папулярызацыі і дамаганні міжнародна-праўнага статусу Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў (УДЛП). 



udlp_pracounaja_hrupa.jpg

Такое рашэнне было прынятае 25 чэрвеня ў Мінску на нарадзе прадстаўнікоў шэрагу грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускага Хэльсінкскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (АДНАБ). Як адзначыў сябра рабочай групы АДНАБ, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, распрацоўка УДЛП ажыццяўлялася ў 1994 -- 1996 гадах амаль 50 экспертамі з розных краінаў свету з ініцыятывы каталонцаў – паўнацэннай нацыі, якая не мае дзяржаўнага статусу, Камітэту па перакладах і лінгвістычных правах Міжнароднага ПЭН-клуба і Міжнароднага цэнтру па справах нацыянальных меншасцяў і нацыяў імя Эскарэ.
Прычым у гэтай справе быў пэўны беларускі ўдзел: пры падтрымцы Карласа Шэрмана і Васіля Быкава ў міжнародны камітэт былі накіраваныя дапаўненні да тэксту дакументу айчынных экспертаў, дэкларацыя перакладзеная на беларускую мову, спакваля папулярызавалася ў грамадзтве і ўладных структурах. Урэшце 6 верасня 1996 году ў Барселоне (Гішпанія) на сусветнай канферэнцыі прадстаўнікамі 90 краінаў АДНАБ была прынятая і пастаўленая мэта дабіцца зацвярджэння гэтага дакументу ў статусе Міжнароднай канвенцыі Аб’яднаных Нацыяў.
Вячорка звярнуў увагу на тое, што зараз адбываецца абвастрэнне барацьбы за моўныя правы тых невялікіх этнасаў, якія разам змагаюцца за статус сваіх моваў у сітуацыі, калі дарэмна чакаць заступніцтва з боку вялікадзяржаўных народаў. Паводле ягоных словаў, каштоўнасць дэкларацыі ў тым, што яна з’яўляецца своеасаблівым міжнародным зводным дакументам моўных правоў з гатовымі выдатнымі фармулёўкамі.

Так, у АДЛП абвяшчаецца безумоўная роўнасць усіх моваў і моўных правоў носьбітаў гэтых моваў, фіксуецца такое ключавое паняцце гэтага дакумента, як мова, традыцыйная для дадзенай мясцовасці, альбо мова супольнасці. Прычым прыўнесеная мова, прыўнесеная розным чынам, у тым ліку палітычным, агрэсіяй і эканамічным падпарадкаваннем, не ёсць традыцыйнай мовай супольнасці. Менавіта да яе адрасуююцца.ўсе гарантыі, міжнародныя правы і падтрымка. Праблемы дзржаўнасці ці недзяржаўнасці мовы ў дакуменце ўвогуле не разлядаюцца, бо часцяком гэта могуць быць цалкам палітычна матываваныя рашэнні, што мае месца і ў Беларусі. Ацэньваецца іншае: традыцыйнасць, укарэненасць, каштоўнасць і неадменнасць мовы, бо беларуская мова мае гарантыі выжывання толькі на зямлі Беларусі.


На думку Вячоркі, наспела неабходнасць новых беларускіх прапановаў у дэкларацыю. Гаворка ідзе пра методыку правядзення сацыялагічных апытанняў, звязанных з мовай, правядзення моўнай часткі перапісу насельніцтва з маніпуляцыйнным ужываннем у ім пэўных сфармуляванняў, а таксама пра спекуляцыйнае выкарыстанне вынікаў парапісу. Ён упэўнены, што сумная айчынная практыка ў гэтых сферах павінна стаць своеасаблівым папяраджэннем для сусветнай супольнасці.
Удзельнікі нарады стварылі Беларускі камітэт працы над Усеагульнай дэкларацыяй лінгвістычных правоў, даручылі Вінцуку Вячорку паведаміць пра гэта міжнароднаму камітэту дэкларацыі ў Барселоне, а затым – Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА, якую ўзначальвае Уладзімір Макей.