Алесь Юркойць: Калі ўнутры чалавек застаецца вольным, яго немагчыма зняволіць
Напярэдадні Дня Волі краязнаўца з Астравеччыны, былы памежнік Алесь Юркойць вызваліўся з калоніі «Віцьба» пасля 6 гадоў зняволення. «Новы Час» пагутарыў са спадаром Алесем пра тое, як ён перажыў гэтыя часы, здолеў застацца сабой і пра тое, як турма навучыла яго быць шчаслівым.
— Вельмі добра сябе адчуваю, як і ўвесь гэты час, — распавядае Алесь Юркойць. — Шмат людзей мяне падтрымлівалі: блізкія, сябры, сваякі. А цяпер разуменне сям’і ў мяне вельмі моцна пашырылася.
Перад тым, як выпусціць з калоніі на волю, Алеся Юркойця даглядалі ажно тры гадзіны. Прагледзелі кожную старонку яго архіву, які сабраўся за гады: выразкі з газет і часопісаў, канспекты прачытаных кніг…
— Як мне сказаў аператыўны супрацоўнік, «вы же понимали, что вас будут долго досматривать». Я кажу: «Не, чаму я ўвогуле павінен думаць пра гэта?» — усміхаецца суразмоўца.
Былога вязня сустрэлі з калоніі сваякі, але дахаты Алесь Юркойць яшчэ не даехаў і нават не паспеў убачыць трох сваіх дачок, толькі размаўляў з імі па тэлефоне. Пакуль мужчына вырашае «тэхнічныя пытанні», праходзіць лекараў, наведвае сваякоў па дарозе на Астравеччыну. Там Алеся Юркойця, хутчэй за ўсё, чакае прэвентыўны нагляд.
— Думалі пра тое, што зробіце найперш пасля вызвалення, ці, можа, ужо зрабілі гэта?
— Ведаеце, вы мне задаяце тое ж пытанне, што і аператыўнік: «Якія ў вас планы?» А я адказаў яму так: дзякуючы вам і вашым калегам, сістэме я навучыўся жыць адным днём. І калі вам гэта вельмі цікава, я магу распісаць вам сённяшні дзень, які я ведаю, як правяду. А заўтра ў мяне будуць іншыя планы.
І гэта якраз карэлюецца з Бібліяй. Да турмы я не разумеў, чаму трэба жыць адным днём. Думаў, што трэба мець стратэгію, тактыку, нешта планаваць — і я так і рабіў. У турме я ўсвядоміў, што, можа, трэба рабіць нешта інакш, мяняць падыходы. Шлях, які патрэбны — жыццё мяне гэтаму навучыла, — ён прасцейшы і ён правільны. Не заўсёды трэба рабіць нешта праз суперперашкоды. Шмат хто навучыўся змагацца — ці, можа, займацца імітацыяй змагання, — а трэба проста навучыцца жыць ва ўсім гэтым. Калі ты кожны дзень пражываеш шчасліва, то і жыццё шчасліва пражывеш. А калі ў цябе ў галаве ёсць нейкія мроі пра «светлае заўтра», як пры камуністах было, яно можа і не наступіць ніколі.
— Што было для вас самым складаным за гады зняволення?
— Адсутнасць сям’і і блізкіх людзей. Ты не можаш дакрануцца да іх і нават паразмаўляць. За шэсць гадоў я бачыў сваіх дзяцей агулам сем сутак.
У ранейшым сваім жыцці я ніколі не сутыкаўся з сітуацыяй, калі ад мяне ўвогуле нічога не залежала. Напачатку гэта было самым складаным. Раней я мог больш-менш уплываць на нешта, а ў турме ты цалкам пазбаўлены гэтай магчымасці.
Таксама ў турме вельмі цяжкія любыя страты. У мяне маці памерла.
Вельмі складана было з медыцынай. Людзям не перадаюць элементарныя вітаміны. У мяне была ўвесь час праблема з зубамі ў ізалятары на Валадарскага, як і ў многіх вязняў. Я пісаў заявы дзясяткамі. Лекар-дантыст не разумее, што я магу там тры гады прасядзець, ён думае, што я тут на некалькі месяцаў — і з’еду, таму проста паглядзіць — і ўсё, ідзіце. Але мне дапамог прапаршчык. Ён запомніў маю заяву на беларускай мове, і, калі лекара на час адпачынку прыйшла замяніць лекар-жанчына, ён паклаў маю заяву наверх, і мне залячылі зуб. Так што добрыя людзі ёсць паўсюль.
У калоніі лекар раз на тыдзень прыязджаў, а што гэта такое на 1500 чалавек?
А сітуацыяй з каронавірусам я быў здзіўлены. Калі мы атрымалі першую інфармацыю пра яго, я нават камусьці з сяброў напісаў, што мы ўсе вымрам тут, калі ён да нас прыйдзе. Але дэ-факта ўсё аказалася нашмат лепш. Я зразумеў, што вязняў ён альбо не чапае, альбо наступствы мінімізуюцца. Большасць з нас, думаю, і я ў у тым ліку, перахварэлі, але ў лёгкай форме. Былі і каранцінныя захады.
— Што вам дапамагала трымацца?
— Дапамагае любая пазітыўная інфармацыя. Я добра памятаю: першым такім інфармацыйным ударам было тое, калі я быў у следчым ізалятары, і «Наша Ніва» перастала выходзіць (друкаваная версія. — НЧ). Калі ты ізаляваны ад інфармацыі, то папяровыя газеты да дзір зачытваюць — і «Нашу Ніву», і «Новы Час» — ён урэшце застаўся адзінай газетай. Яшчэ мне сябры «Рэгіянальную газету» выпісвалі — вельмі добрае выданне.
Падтрымлівалі сябры, сям'я, вельмі шмат незнаёмых людзей пісалі.
— Да вас даходзілі навіны пра тое, што адбываецца ў краіне? Ці чакалі вы, што пасля выбараў выбухнуць пратэсты?
— Такога выхубу, канешне, не чакалі. Але як толькі ў жніўні ўсё адбылося, пакой выхаваўчай працы — яго «ленінкай» называюць, а я — «скарынаўкай», — набіваўся людзьмі напоўніцу. Вы не ў'яўляеце: на навіны ішлі, як на службу ў бажніцу. Проста шыхтамі, усе месцы былі занятыя. І з 7-ай да 8-ай вечара глядзелі «Еўраньюс», «Расія 24» і «СТБ». І паколькі кожны дзень ішла інфармацыя па Беларусі, мы мінімальна арыентаваліся ў тым, што адбываецца. Да таго ж, дамоў тэлефанавалі, нешта ў лістах даходзіла.
— Цяпер пратэсты ўжо не такія масавыя. Як вы думаеце, што будзе далей?
— Маё меркаванне — не трэба чакаць нейкага «дня Х», бо вельмі хутка можа наступіць расчараванне. Трэба ўвесь час займацца арганічнай працай, хто што можа — тое і рабіць, да чаго ляжыць душа. Вось таму мне ўвесь час хацелася займацца нейкімі культурніцкімі праектамі — бо гэта стваральная праца. Заўсёды трэба з людзьмі размаўляць. Цяпер усё робіцца для таго, каб людзі не кантактавалі паміж сабой. А гэта трэба рабіць на любой ніве. Як кажа мой знаёмы з Маладзечна Міхась Казлоўскі, трэба рабіць павольна, але няўхільна. Гэта вельмі па-беларуску.
Я ўсё роўна ўпэўнены, што змены адбудуцца — яны ўжо адбыліся. Я памятаю, у навінах паказвалі, як людзі ва ўсіх гарадах хадзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І адбыўся першы мітынг пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Я тады сказаў, што гэта вельмі добра. Бо спачатку пэўная частка беларускага грамадства была ў прастрацыі, таму што нам заўсёды казалі, што трэба рабіць, а не думаць. А тут людзі змушаныя былі задумацца — прычым і прыхільнікі аднаго лагеру, і другога. І ў гэтым — вельмі пазітыўны момант.
— Вы кажаце, што трэба быць шчаслівым кожны дзень. Але на фоне навін, калі штодня кагосьці затрымліваюць, даюць тэрміны, ладзяць ператрусы — як магчыма захаваць раўнавагу, у вас ёсць нейкі рэцэпт?
— Толькі вера дапамагае. Не трэба хістацца, не трэба кепскіх думак. Трэба бачыць перад сабой канчатковую мэту – тады гэты шлях не будзе такі маркотны. Нават калі сёння нешта не атрымалася — гэта не апошні дзень.
— Па стане на сёння (25 сакавіка) у Беларусі 299 палітвязняў. Вас у свой час так і не прызналі палітзняволеным. Што вы пра гэта думаеце і наколькі важны гэты статус у цяперашніх варунках?
— Я лічу, што гэта — штучны момант, іх адназначна намнога больш. Гэта было заўсёды ў Беларусі, проста ў некаторых людзей толькі ў мінулым годзе вочы расплюшчыліся.
Я сам па сабе чалавек непублічны, хоць і займаўся шматлікімі праектамі, я рабіў не сябе ў Беларусі, а Беларусь у сабе. Для мяне зусім не істотна, хто што думае пра мяне і гаворыць. Я не люблю публічнасці, пра нейкія справы я гатовы размаўляць, але не пра персаналіі.
У савецкія часы было распаўсюджана дысідэнцтва, бо ўсе формы пратэсту былі забароненыя. Дысідэнты — вельмі моцныя людзі, і я стаўлюся да іх з вялікай павагай. Але дысідэнцтва як пакліканне — не стваральнае. Чалавека ізалююць, і ён ужо нічога не можа ствараць. А самае важнае — займацца чымсьці творчым. Тады асоба — па-за кантэкстам, важныя справы.
— Была інфармацыя, што на вас аказвалі ціск і збівалі, у тым ліку за беларускую мову, спрабавалі «перавыхоўваць». Можаце распавесці пра гэта?
— У следчым ізалятары я правёў амаль тры гады. За гэты час я па-руску размаўляў толькі з двума людзьмі: блогерам Лапшыным, грамадзянінам Ізраіля і Расіі, і яшчэ з адным чалавекам з Расіі. Увесь астатні час — і з вязнямі ў розных камерах, і са спецыялістамі — выключна па-беларуску. Праблемы былі спачатку ў КДБ, хаця я не лічу, што гэта праблемы. Калі ты разумееш, што закон на тваім баку (хоць кожны можа разумець яго па-свойму), ты ведаеш, што маеш права дамагацца свайго. Усё, што ні робіцца дрэннага, — яно ўсё роўна да лепшага. Першага следчага, які спрабаваў мяне біць, замянілі на больш адэкватнага, і я ўбачыў у яго на стале слоўнікі. Так што яны могуць… Хаця ён казаў, што ён адзіны ва ўпраўленні, хто гэта можа рабіць. Так што не трэба баяцца.
— Як чалавек, які прайшоў праз зняволенне, можаце нешта параіць тым, хто цяпер за кратамі, а таксама іх блізкім, каб ім было лягчэй перажыць гэты час?
— Трэба падтрымліваць адно аднаго, пісаць як мага больш лістоў. Самая моцная падтрымка — безумоўна, з сям’і. У мяне быў такі роспачны момант: я вельмі хацеў мець дзяцей, а тут усё дзяцінства маіх дачок, фактычна, праходзіць без мяне. Але мяне супакоіла жонка, яна сказала мне: «Пачакай, ты ж не знік назусім, ты нас не кінуў, не з'ехаў. Дзеці разумеюць, што ты вернешся». І гэта мяне паставіла на месца ў маіх думках.
Калі ўнутры чалавек застаецца вольным, яго немагчыма зняволіць — і неістотна, дзе ён знаходзіцца. Я навучыўся абстрагавацца ад тых абставін і стараўся нічога не пераймаць з турэмнага жыцця. Я памятаю, як зайшоў у «амерыканку». Першы анекдот, які мне там расказалі: «Ты беларус? — Беларус. — А ты сядзеў? — Не. — Дык які ж ты беларус?»
А другі момант там — я падумаў, што, якім я сюды зайшоў, такім трэба пастарацца адсюль і выйсці. Гэта, дарэчы, часам вельмі цяжка — захаваць сваё «я». У маім выпадку такім спосабам была беларуская мова.
Віншую ўсіх з Днём Волі і зычу, каб у нас надышоў Новы Час ва ўсіх сэнсах!