Аляксандр Ярашук: Ні МАП, ні ААН, ні ЕС не прынясуць у Беларусь дэмакратыю
Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук зноў абраны членам адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы.
Выбары членаў кіруючага органа МАП адбыліся ў рамках 106-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе. Як лічаць у БКДП, абраннем Ярашука ў кіруючы орган МАП «міжнародная супольнасць яшчэ раз пацвердзіла высокі аўтарытэт і бясспрэчныя заслугі Кангрэса ў абароне базавых правоў прафсаюзаў».
На цяперашняй сесіі ў Жэневе ўпершыню за шмат гадоў не разглядалася пытанне аб правах працоўных у Беларусі. Чакалася, што беларуская афіцыйная дэлегацыя на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч зробіць справаздачу аб выкананні рэкамендацый, якія былі дадзеныя Мінску камітэтам па нормах і стандартах МАП на мінулай сесіі год таму. Камітэт, у прыватнасці, рэкамендаваў ураду прыняць меры па недапушчэнні выкарыстання прымусовай працы і ўстрымацца ад прыняцця законаў, якія могуць быць расцэненыя як сродак прымусу да працы.
Аднак прадстаўнікі наймальнікаў дзяржаў-удзельніц гэтай сесіі запатрабавалі не ўключаць Беларусь у спіс дзяржаў, прадстаўнікі якіх абавязаны даваць справаздачу. Сваё патрабаванне яны матывавалі тым, што ў гэтым спісе Еўропа прадстаўлена занадта вялікай колькасцю краін.
Як адзначыў Аляксандр Ярашук, падобная сітуацыя мела месца пяць гадоў таму. Тады, паводле яго слоў, працадаўцы не ўзгаднілі кароткі спіс краін, якія падлягаюць разгляду ў камітэце па нормах і стандартах МАП, і наогул заблакавалі яго працу.
«Афіцыёз тады паднёс гэта як адсутнасць прэтэнзій з боку МАП да Беларусі ў пытаннях, звязаных з парушэннямі правоў працоўных і прафсаюзаў. Хоць гэта быў усяго толькі збой, праўда, сур'ёзны, які дае аб сабе ведаць да гэтага часу, у функцыянаванні кантрольных механізмаў МАП», — цытуе Ярашука сайт БКДП.
«Хачу нагадаць, што пасля таго, што здарылася пяць гадоў таму Беларусь нязменна трапляла ў кароткі спіс і некалькі разоў уключалася ў спецыяльны параграф МАП. Асабіста я спакойна ўспрыняў тое, што адбылося ў Жэневе з-за адной акалічнасці — Беларусь была і застаецца адной з самых праблемных краін у сучаснай гісторыі МАП і мае ў міжнароднай супольнасці ўстойлівую рэпутацыю краіны з аднымі з горшых умоў для працоўных і прафсаюзаў. Краінай, улады якой нічога не збіраюцца мяняць у сваёй палітыцы па аднаўленні правоў працоўных і прафсаюзаў, а наадварот, ідуць па шляху эскалацыі іх парушэнняў, што паказалі драматычныя падзеі вакол дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", які ўзбадаражыў грамадства.. Цяжка ўявіць, што МАП заплюшчыць на гэта вочы», — лічыць лідар БКДП.
У той жа час Ярашук перакананы, што ні МАП, ні ААН, ні ЕС не прынясуць у Беларусь дэмакратыю.
«Гэта павінны зрабіць мы самі, а міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МАП, могуць толькі аказаць садзейнічанне. У гэтым складаецца, можа быць, самы важны і самы павучальны ўрок з таго, што здарылася ў Жэневе», — дадаў лідар дэмакратычных прафсаюзаў.
naviny.by