Амас Робертс: “Я ўжо развітаўся са сваімі рэчамі”

Нягледзячы на  забраную ў журналіста апаратуру і носьбіты інфармацыі, у Аўстраліі ўсё роўна пабачылі сюжэт Амаса Робертса пра “шведскі дэсант. Але сам аўстраліец ужо не разлічвае, што яму вернуць рэчы.   



australia_lid_1_.jpg

Пра гэта ён распавёў у гутарцы з рускай службай аўстралійскага Радыё SBS.

Журналіст сказаў, што на момант вынятку ўжо меў «бэкапы» ўсяго назбіранага ў Беларусі матэрыялу, і таму перажывае ў асноўным за асабістыя архівы, якія трапілі ў рукі беларускіх спецслужбаў.  Але, “калі вашыя камера, мабільнік, лэптоп доўгі час знаходзіліся ў руках КДБ, наўрад ці вы захочаце імі карыстацца... — кажа журналіст.

Пры канцы кастрычніка гледачы аўстралійскага тэлеканала SBS усё роўна змаглі ўбачыць праграму «Dateline» з сюжэтам пра «шведскіх мядзведзікаў» і ўзаемадачыненні беларускіх уладаў з плюшавымі цацкамі. У сюжэце былі выкарыстаны кадры, знятыя і сабраныя Амасам у Беларусі.

Аўдыё гутаркі на Радыё SBS можна паслухаць ТУТ

Мы прапануем зняты тэкст радыёінтэрв’ю з аўстралійскім калегам, у якім ён распавёў пра некаторыя новыя падрабязнасці сваіх «беларускіх прыгодаў».

Амас Робертс:  Я знаходзіўся ў Беларусі больш за тыдзень, працуючы над рэпартажам для “Dateline. На самай справе я прадчуваў, што мяне затрымаюць у аэрапорце, што іх зацікавіць зняты мной матэрыял. Мясцоваму журналісту, з якім я працаваў, за некалькі дзён да гэтага патэлефанавалі з КДБ і прапанавалі сустрэчу. Ён гэтага КДБшніка ведаў, размаўляў з ім раней і разумеў, што выбару ў яго няма. Сустрэча была прызначана ў невялікім парку насупраць штаб-кватэры КДБ з помнікам яго заснавальніку. А я сеў на лаўку непадалёку, каб паглядзець, што будзе. Аказалася, яны даведаліся, што за некалькі дзён да гэтага ён ездзіў у Івянец, дзе шведы скінулі частку свайго “мядзведжага дэсанту па дарозе на Мінск. І ў яго запыталі, навошта ён туды ездзіў. Яму нічога не заставалася, акрамя як расказаць, што ён суправаджаў аўстралійскага журналіста. Яны вельмі здзівіліся — яны меркавалі, што ён ездзіў туды з нейкім шведам, але з аўстралійцам!.. Таму ў нас узнікла падазрэнне, што так проста мне з’ехаць не ўдасца.

…Я прыехаў у аэрапорт, стаў у чаргу, і ўсё было нармальна. Нават падумаў, што абышлося. Але тут мытнік узяў мой пашпарт, загадаў адысці ў бок, спытаўся, што ў мяне ў багажы. Стаў даглядаць маю сумку з камерай і валізу. Потым падышлі яшчэ, мабыць, 5 мытнікаў, і яшчэ побач стаяў мужчына ў цывільным (я мяркую, з КДБ). Цягам гадзін дзвюх яны метадычна даглядалі мой багаж і адабралі ўсю апаратуру, якую можна было выкарыстоўваць для аўдыё- і відэазапісу. А таксама ўсё, што магло мець дачыненне да тэмы, улічваючы мішку з парашутам, які быў у мяне ў сумцы. Яны дагледзелі не толькі багаж, але і мяне самога. Яны запатрабавалі, каб я падпісаў паперу, што я згодны на ператрус. Яны склалі спіс рэчаў, але я сказаў, што не буду падпісваць дакументаў, якіх я не разумею. Я паспеў пазваніць у Сіднэй, і яны пачалі шукаць адваката і перакладчыка, якія павінны былі прад’ехаць у аэрапорт, каб мне дапамагчы. Я сказаў мытнікам, што буду чакаць іх прыходу, а пакуль мне не перакладуць, нічога падпісваць не буду. Іх гэта раззлавала, і яны ўсе рэчы захацелі знесці. Я ім сказаў, што не дазволю нічога забіраць яшчэ і таму, што мне не паведамілі прычыну ператрусу ці канфіскацыі. Ім, урэшце, давялося выклікаць трох міліцыянтаў, якія фізічна мяне трымалі, пакуль выносілі мае рэчы…

Я зразумеў, што, калі я сам зараз нешта зраблю, то, хутчэй за ўсё, у іх будзе нагода мяне арыштаваць. Мяне хвалявала таксама, што ўсё канфіскавалі, але ніякага спісу не далі. І што мяне асабліва раззлавала — гэта што яны канфіскавалі шмат з таго, што ім абсалютна не трэба. То бок, я падазраваў, што іх цікавіць зняты матэрыял, ён быў захаваны на розных картках і хард-драйвах, але яны настаялі на вынятку камер, айфона, DVD-плэера... На самай справе я ўжо зрабіў бэкап — копію матэрыялаў, і гэта якраз мяне не хвалявала. Я быў расстроены, што ў мяне забралі айфон, лаптоп, на якім захоўвалася мая прыватная інфармацыя, фотаздымкі за шмат гадоў, сямейныя фотаздымкі, е-мэйлы, прыватныя дакументы, SMS. То бок, было прыкра думаць, што ўсё гэта апынулася ў руках КДБ.

…Калі прыехаў перакладчык, я падышоў да мытнікаў і КДБшніка і сказаў, каб мне далі спіс. Але яны холадна на мяне паглядзелі і сказалі, што не разумеюць пра што гэта я. Я разумеў, што, калі зраблю спробу даць хабар ці кінуцца на некага, то ў іх з’явіцца нагода мяне арыштаваць. Я сапраўды перасцерагаўся, што мяне могуць затрымаць у краіне. Улады Беларусі былі моцна зацікаўленыя ў тым, каб паказаць, што так званы “мядзведжы дэсант быў часткай нейкай змовы з боку заходніх урадаў. І калі яны маглі месяц пратрымаць у зняволенні студэнта журфака, які размясціў фотаздымак у інтэрнэце (нават не свой уласны), і рыэлтара, які прадаставіў кватэру аднаму са шведаў, — гэта магло стаць цалкам верагодным сцэнарам і для замежнага журналіста, які больш за тыдзень рыхтаваў матэрыял пра гэты інцыдэнт.

…На наступны дзень я зноў паехаў у аэрапорт. Яны мяне зноў адклікалі ўбок. Там стаяў чалавек, які сказаў, што ён з прэзідэнцкай адміністрацыі і прыехаў, каб разабрацца. Справа ў тым, што пра маё затрыманне і канфіскацыю ўжо пачалі паведамляць СМІ. І гэтая публічнасць іх устрывожыла. Ён адмовіўся назвацца і даць нейкія кантакты. Дзесьці праз тыдні два мы накіравалі афіцыйную скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Мне, аднак, сказалі, што накіраванне скаргі толькі ўскладніць становішча і перашкодзіць вяртанню тэхнікі.

Вядучая: Адзіны дакумент на руках АР на сёння — гэта копія запіскі Генпракуратуры ў пракуратуру Мінскай вобласці пра накіраванне ім яго скаргі. Прайшло ўжо амаль 6 тыдняў, і не атрымана ніякіх тлумачэнняў, чаму яго затрымалі і якія былі законныя падставы для канфіскацыі.

Амас Робертс: Мы спрабавалі звязацца з чалавекам з адміністрацыі прэзідэнта, накіравалі скаргу, Аўстралійская амбасада ў Маскве таксама зрабіла захады праз МЗС Беларусі. Але ім адказалі, што гэта тычыцца толькі мытні.

Вядучая: Ці спадзеяцеся атрымаць свае рэчы назад ці ўжо развіталіся з імі?

Амас Робертс: Так, развітаўся. Гэта малаверагодна, што іх вернуць. У любым выпадку, гэта зойме шмат часу. Акрамя таго, калі вашыя камера, мабільнік, лэптоп доўгі час знаходзіліся ў руках КДБ, наўрад ці вы захочаце імі карыстацца, нават калі іх вернуць. Куплю сабе новую камеру праз пару тыдняў і буду з ёй працаваць...

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"