Яшчэ адзін палітвязень памёр за кратамі. Хронікі рэпрэсій 8 верасня

У магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці. Андрэя двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

1_1097_1.png

За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. Дакладная прычына смерці невядомая. Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі, і другая — грамадзяніна Расіі.

Андрэя Паднябеннага, грамадзяніна Расіі, які з шасці гадоў жыў у Беларусі і меў від на жыхарства, асудзілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў КК у закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у замаху на знішчэнне маёмасці (ч.1 арт.14 і ч.3 арт.218), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (ч.1 арт.361-1),

акце тэрарызму (ч.1 і ч.2 арт.289) — у сувязі з падпалам аўто начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, праколам шын 39 тралейбусаў, стварэннем і вядзеннем «экстрэмісцкіх» тэлеграм-канала і чата, а таксама падпалам крана на будоўлі ў 2019 годзе.

Суддзя Анатоль Сотнікаў прысудзіў яму 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да таго моманту палітвязень правёў за кратамі 7 месяцаў.

23 мая 2022 году КДБ унёс яго ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а пазней — і ў пералік «экстрэмістаў».

3 студзеня 2023 году ў Гомельскім абласным судзе яму вынеслі яшчэ адзін прысуд за: садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 і 2 арт.361-4), «абразу Лукашэнкі» (ч.1 арт.368), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369), «распальванне сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130). Да ранейшых 15 гадоў дадалі яшчэ 1 год і 8 месяцаў калоніі, а таксама аштрафавалі на 1000 базавых велічынь (37 000 BYN). Гэтае рашэнне прымаў суддзя Руслан Царук.

Што выявіла дзяржаўная псіхалінгвістычная экспертыза артыкулаў палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша 

Экспертызу цягам некалькіх месяцаў рыхтаваў загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі.

На сваёй старонцы ў Facebook журналіст і дзед жонкі Ільяша Сяргей Ваганаў падзяліўся асабістымі ўражаннямі ад экспертызы, піша БАЖ.

«Ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам “палітзняволеныя”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін “палітычная эміграцыя”. Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам “беглыя апазіцыянеры”. А тэрмін “дыктатура”, якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. (…) Нельга пісаць і “вайна супраць Украіны”, бо гэта, з гледзішча эксперта, “вайна супраць кіеўскага рэжыму”».

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1761 дзень, Дзяніс Івашын — 1641 дзень.

Ад Марыі Калеснікавай паўгода таму прыйшоў ліст

Паўгода таму ад палітзняволенай Марыі Калеснікавай прыйшоў «вельмі кароткі [ліст], літаральна пару радкоў», паведаміла 8 верасня ў эфіры ютуб-каналу «Обычное утро» яе сястра Тацяна Хоміч. У лісце Марыя «перадавала ўсім прывітанне, казала, што ў яе ўсё добра», адзначыла Хоміч, піша Свабода.

Яна нагадала, што Калеснікава раней працяглы час знаходзілася ў рэжыме інкамунікада (без сувязі з вонкавым светам). Па стане на жнівень «была інфармацыя ад жанчын, якія выйшлі з калоніі, што Маша знаходзіцца ў атрадзе, яна не ізаляваная, працуе швачкай, ходзіць на фабрыку».

«Па-ранейшаму з ёй забараняюць размаўляць іншым жанчынам, да яе пільная ўвага, яе суправаджаюць калі яна кудысьці выходзіць, нават у прыбіральню», — сказала Хоміч, дадаўшы, што расцэньвае гэта пазітыўна, бо гэта не ізаляцыя, у якой Маша была паўтара года, калі знаходзілася адна і фактычна памірала ад голаду».

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» буйны расійскі Telegram-канал «Двач»

На яго падпісаныя больш за 920 тысяч чалавек. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Барысаўскага раёну 2 верасня.

Акрамя таго, у «экстрэмісцкі спіс» трапілі старонкі ў Instagram «flagi_pro», «belvarta», а таксама старонкі ў «Аднакласніках» «Радыё Свабода» і «Naviny – Новости Беларуси».

У Гомелі за «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі жыхара Віцебскай вобласці

Жыхара горада Глыбокае Віцебскай вобласці Леаніда Шпеца асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Што канкрэтна ставілі ў віну глыбачаніну пакуль невядома. Таксама высвятляецца канкрэтны тэрмін, прызначаны Леаніду. Вядома толькі, што яму прысудзілі пазбаўленне волі.

Як адзначае «Гомельская вясна», гэта ўжо другі вядомы выпадак, калі рэпрэсіі датычна жыхароў іншых рэгіёнаў краіны выконваюцца ў Гомелі.

За «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі шматдзетную маці з Мазырскага раёна

У Гомельскім абласным судзе асудзілі жыхарку вёскі Каменка Мазырскага раёна, шматдзетную маці Анастасію Раеўскую. Яе прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК), піша «Гомельская вясна».

Дакладныя дэталі абвінавачвання і мера пакарання пакуль высвятляюцца. Вядома толькі, што жанчыну не адправілі ў турму — хутчэй за ўсё, ёй далі абмежаванне волі без накіравання ў калонію.

Анастасія разам з мужам Яўгенам гадуе траіх дзяцей. У 2021 годзе ў сям’і нарадзіўся малодшы сын Арцём. У 2022 годзе пра сям’ю пісала дзяржаўная прэса, адзначаючы, што яны набылі дом у Каменцы дзякуючы праграме «сямейнага капіталу».

20-гадовага хлопца з Лепеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У чарговым абнаўленні «экстрэмісцкага спісу» МУС з'явілася прозвішча 20-гадовага Вячаслава Сямёнава. У дакуменце пазначана, што ён — родам з вёскі Стары Лепель, піша @vitebsk_info.

Малады чалавек асуджаны паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У спісе адзначана, што Сямёнаў ужо адбывае пакаранне, а гэта азначае, што яму прысудзілі зняволенне.