Барысаў. У гімназіі №1 прымусяць дзяцей пагалоўна насіць «георгіеўскія стужкі»?
Такую інфармацыю сайт barysau.by атрымаў ад занепакоеных бацькоў вучняў вядомай барысаўскай гімназіі. Паводле сведчанняў гімназістаў, з 4 мая пачнецца «тыдзень памяці», на працягу якога дзеці абавязаныя будуць наведваць навучальную ўстанову з г. зв. «георгіеўскай стужкай», прычэпленай да ўніформы «англійскай шпількай».
![george140930.jpg george140930.jpg](/img/v1/news/full/george140930.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння «георгіеўская стужка» дыскрэдытавана ў вачах многіх бацькоў гімназіі ваеннымі дзеяннямі сепаратыстаў на Данбасе, а таксама расійскімі ўзброенымі фармаваннямі супраць суверэннай Украіны, анексіяй украінскага Крыма. Пад «георгіеўскімі стужкамі» адбываюцца забойствы мірных жыхароў, здзек з тых ўкраінцаў, якія не падзяляюць планы сепаратыстаў па расчляненню Украіны, паказальны гвалт над украінскімі ваеннапалоннымі.
Гэтаму ёсць шматлікія сведчанні ў інтэрнэце.
Безумоўна, ёсць і іншы погляд на праблему. Нямала і тых, хто лічыць, што Крым — гэта спрадвечна руская зямля, а ўкраінцы — бандэраўцы, нелюдзі, якіх хлебам не кармі, а дай забіць рускага.
Кожны сам вольны ў інфармацыйным патоку выбіраць той ці іншы бок узброенага канфлікту. Вольны сам вызначаць, які цывілізацыйны выбар яму блізкі — «рускі свет» ці свет, які пабудаваны на дэмакратычных каштоўнасцях.
Але надзвычай дзіўна, калі адміністрацыя гімназіі №1 не адчувае ўсіх гэтых нюансаў, не разумее, што ў такой сітуацыі варта было б заняць нейтральны бок і хаця б часова адмовіцца ад ідэі з «георгіеўскімі стужкамі». Тым больш, што нават Аляксандр Лукашэнка не раз адзначаў, што 9 мая беларусы павінны адзначаць з іншымі сімваламі — напрыклад, кветкай яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай.
![jabl.jpg jabl.jpg](/img/v1/userfiles/images/jabl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр Лукашэнка папулярызуе зусім не «георгіеўскую стужку» як памяць па мінулай вайне, а кветку яблыні з чырвона-зялёнай стужкай.
ДАРЭЧЫ
Паказальна, што папулярызатары «георгіеўскай стужкі» нават не ведаюць яе гісторыю ў кантэксце Другой сусветнай вайны.
Напрыклад, вядомы расійскі журналіст і публіцыст Аляксандр Няўзораў заўсёды здзіўляецца, калі бачыць чорна-аранжавую стужачку ў тых, хто называе сябе «антыфашыстамі».
Аляксандр Няўзораў нагадвае, што «георгіеўская стужка» на савецкіх узнагародах з’явілася толькі ў 1943 годзе і да канца Другой сусветнай вайны так і не стала папулярнай. З іншага боку, гэты знак актыўна выкарыстоўваўся ў Рускай вызваленчай арміі, якая супрацоўнічала з гітлераўскімі ўладамі.
«Культ георгіеўскай стужкі заснавалі здраднікі Уласаў і Шкуро», — нагадвае журналіст. Ён падкрэсліў, што бачыць яе ў тых, хто сёння называе сябе «антыфашыстам», дзіўна.