Беларусь цяпер — краіна пад акупацыяй ці не?
Што такое акупацыя? Ці насамрэч сёння Беларусь акупаваная? Якія наступствы прызнання акупаванай тэрыторыяй?
![60_2.png 60_2.png](/img/v1/images/60_2.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Напад Расіі на Украіну не быў бы магчымым без маўклівай згоды прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якія далі тэрыторыю краіны для агрэсара. Частка расійскіх войскаў дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі, але ці мае Лукашэнка рэальны ўплыў на іх дзеянні? Ці дзейсны беларускі ўрад страціў апошнія аскепкі самастойнасці?
Дванаццаць дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны ў кастрычніку заклікалі прызнаць Беларусь акупаванай Расіяй. Ці сапраўды Беларусь акупаваная і што гэта можа значыць для нашай краіны?
Выданне «Сойка» разам з групай экспертаў адказвае на адно з самых балючых пытанняў штодзённасці: пад акупацыяй Беларусь ці не?
Што такое акупацыя?
У старажытным Рыме «акупацыяй» называлі прысвойванне чужой маёмасці, у пачатку станаўлення канцэпцыі суверэнітэту ў міжнародным праве акупацыяй называлі пашырэнне нейкай дзяржавай сваёй улады на так званыя тэрыторыі terra nullius (лац. — нічыйная зямля), то-бок акупацыя разглядалася як законны спосаб набыцця тэрыторыі. Сёння ў юрыдычным сэнсе гэты тэрмін ужываецца выключна для сітуацыі, калі тэрыторыя (часткова або цалкам) нейкай краіны знаходзіцца пад кантролем улады іншай краіны.
Класічнае паняцце акупацыі звязана з узброеным канфліктам. Міжнароднае гуманітарнае права вызначае акупацыю як сітуацыю, калі нейкая дзяржава ажыццяўляе фактычны кантроль над тэрыторыяй, на якую не мае суверэннага права, без згоды ўрада акупаванай дзяржавы. І звязана такая сітуацыя з ваенным захопам чужой тэрыторыі.
Адміністрацыйныя функцыі на акупаваных тэрыторыях выконвае ваенны ўрад ці акупацыйная адміністрацыя, якая можа складацца ў тым ліку з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва.
IV Жэнеўская канвенцыя 1949 года і некаторыя іншыя дамовы ў сферы міжнароднага гуманітарнага права рэгламентуюць тое, як мусіць выглядаць акупацыя для мясцовага насельніцтва ў выпадку ваеннай акупацыі.
Прадугледжана і пакаранне для тых, хто парушае міжнародныя нормы. Цікава, што акупаваная тэрыторыя не можа быць уключана ў склад іншай дзяржавы. Між тым, факт застаецца фактам: чалавецтва гэтак жа апантана парушае ўласныя правілы вядзення вайны, як і ўсталёўвае іх.
Варта зазначыць, што існуе і канцэпцыя неваеннай акупацыі (анг. — non-belligerent occupation), якая не звязана з ваенным захопам тэрыторыі і можа быць вынікам мірных дамоў (пасляваенная акупацыя) ці рашэнняў аб кантраляванні тэрыторыі сіламі міжнародных арганізацый у кантэксце постканфліктнага светабудаўніцтва (калі ўласныя ўлады краіны не здольны функцыянаваць нейкі перыяд часу).
Але ж незалежна ад спосабу акупацыі (ваеннай ці неваеннай) галоўная яе прыкмета — эфектыўны кантроль акупанта над акупаванай тэрыторыяй (то-бок ягоная здольнасць выдаваць законы і распараджэнні, што рэгулююць жыццё на тэрыторыі, і здольнасць забяспечваць іх выкананне). Простай прысутнасці чужых узброеных сіл недастаткова.
![Беларусь прызнаюць акупаванай? Украіна разгледзіць пытанне аб прызнанні Беларусі часова акупаванай краінай](/img/v1/images/405787_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ці акупавана Беларусь? Аргументы «за»
З палітычнага пункту гледжання, беларускі рэжым не мае юрыдычнай унутранай ды міжнароднай легітымнасці, хоць дэ-факта кіруе краінай. То-бок урад у Беларусі фактычна «саманазначаны» і мае абмежаванае прадстаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка транслюе ідэі і наратывы Крамля, у тым ліку ва ўнутранай палітыцы.
Грамадзяне Беларусі церпяць ад жорсткіх рэпрэсій. Эмацыйны аргумент прымушае задавацца пытаннем: ці здатны беларускія сілавікі рабіць такое з уласным народам добраахвотна?
На тэрыторыі краіны знаходзяцца войскі іншай дзяржавы. Расія ажыццяўляла напад на Украіну з Беларусі, а сёння працягвае бамбаванні і выкарыстоўвае поўдзень дзяржавы як базу. Праз Беларусь вольна перамяшчаецца расійская вайсковая тэхніка, жаўнеры і грузы.
Сёння Беларусь прасоўвае інтарэсы Расіі ў міжнародных арганізацыях. Калі краіна будзе прызнана акупаванай, то магчымасць вырашаць праблемы за кошт галасоў беларускіх чыноўнікаў у міжнародных арганізацыях ці абыходзіць санкцыі знікне.
Пасля паражэння Расіі лёсы дыктатара і краіны будуць вырашацца міжнароднай супольнасцю. Лукашэнка як хаўруснік Пуціна не здолее пазбегнуць пакарання.
![Кіраўнік РНБА Украіны назваў Беларусь акупаванай краінай Кіраўнік РНБА Украіны назваў Беларусь акупаванай краінай](/img/v1/images/original_55_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аргументы «супраць»
Расійскія войскі і Расія не ажыццяўляюць эфектыўнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі, крытэрый якога — неаспрэчная ўстойлівая норма, замацаваная ў міжнароднай судовай практыцы (Міжнародны суд ААН, Трыбунал для былой Югаславіі, ЕСПЧ). Расійскія ўлады не ўсталявалі сваёй адміністрацыі, на тэрыторыі краіны працягваюць дзейнічаць законы Рэспублікі Беларусь, усе ўстановы і мясцовая адміністрацыя падпарадкоўваюцца рэжыму Лукашэнкі. Расія не кантралюе наўпрост тое, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі.
Немагчыма вызначыць дакладны перыяд, калі Аляксандр Лукашэнка перастаў быць цалкам самастойным палітыкам і стаў сатэлітам Крамля і наколькі моцная гэта інтэграцыя. Таксама як і немагчыма сёння сказаць, дзе менавіта ён дзейнічае ў інтарэсах пуцінскага рэжыму, а дзе — у адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі.
Беларусь успрымаецца як незалежная краіна нават тымі дзяржавамі, якія не лічаць рэжым Лукашэнкі легітымным.
У любым выпадку, на міжнародным узроўні ўсе актары (і суды, і міжнародныя арганізацыі) будуць карыстацца ўстойлівым стандартам міжнароднага права і ў першую чаргу глядзець на крытэрый эфектыўнага кантролю. Нават Рада Еўропы, калі прызнала ў 2022 годзе акупаванай тэрыторыю Прыднястроўя, да такога прызнання называла яе ў сваіх дакументах «тэрыторыяй пад эфектыўным кантролем Расіі».
Няма ніякай самастойнай працэдуры прызнання акупацыі на міжнародным узроўні. Факт акупацыі заўсёды вызначаўся як адна з акалічнасцей у рамках нейкай асноўнай справы ці ў сувязі з нейкімі абставінамі. Калі Украіна прызнае Беларусь акупаванай дзяржавай, гэта будзе ўнутраным рашэннем Украіны, іншыя краіны не абавязаны будуць кіравацца гэтым рашэннем.
![«Знікаюць, катуюць — тое ж самае, толькі тут гэта робяць замежнікі, а ў нас свае, суайчыннікі» «Гвалтуюць, катуюць — толькі тут гэта робяць замежнікі, а ў нас суайчыннікі»](/img/v1/images/ukraina_voyna_odessa_cennosti_06.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Наступствы прызнання акупаванай тэрыторыяй
У выпадку прызнання акупаванай тэрыторыяй Беларусь застанецца без міжнароднай правасуб’ектнасці. Гэта значыць, што фактычна кантроль за усім, што звязана з краінай, будзе ажыццяўляць Расія, і ўсе пытанні, датычныя Беларусі, трэба будзе вырашаць з Расіяй і яе прадстаўнікамі.
Адно з найважнейшых наступстваў прызнання Беларусі акупаванай — пазбяганне адказнасці. Калі ўсім кіруе Крэмль, Лукашэнка губляе персанальную адказнасць за тое, што пайшоў на хаўрус з Пуціным. Аднак жа тэрор на тэрыторыі краіны ажыццяўляецца рукамі беларускіх сілавікоў, а не прышлых замежнікаў.
Калі Беларусь прызнаць акупаванай, то няясным робіцца статус тых грамадзян, якія знаходзяцца за мяжою і не могуць вярнуцца.
На акупаваных тэрыторыях перастаюць працаваць многія эканамічныя мадэлі, тэрыторыя сыходзіць у шэрую зону. Так ужо сталася з Кіпрам, які сёння вядомы як сусветны афшор.
Урэшце, прызнанне Беларусі акупаванай ніякім чынам не паўплывае на рэальную сітуацыю з унутранай гуманітарнай катастрофай.
Які статус больш пасуе Беларусі сёння?
Ніжэй мы прыводзім юрыдычныя і палітычныя азначэнні, якія маглі б апісаць становішча Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі падчас вайны Расіі з Украінай.
Суагрэсар — у міжнародным праве існуюць некалькі азначэнняў суагрэсіі, уласна як і апісанняў краіны-агрэсара. Зрэшты, большасць крыніц сыходзяцца на тым, што калі адна дзяржава ці групоўка краін выступае супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці іншай дзяржавы, гэта ўкладваецца ў асноўныя вызначэнні агрэсіі. Рада бяспекі ААН падкрэслівае, што сёння няма вычарпальнага пераліку актаў «ускоснай агрэсіі», але прадастаўленне ўласнай тэрыторыі для атакі на трэцюю краіну ў спісе прысутнічае, а значыць, Беларусь падпадае пад гэтае азначэнне. Варта дадаць, што агрэсія і ўскосная агрэсія — злачынствы, якія мусяць быць пакараныя паводле міжнародных законаў.
Анексія — апісана ў міжнародным праве як наўмыснае і аднабаковае далучэнне ўсёй тэрыторыі краіны ці яе часткі да іншай. Важнае адрозненне анексіі ад акупацыі палягае ў тым, што далучаныя тэрыторыі ўваходзяць у склад іншай дзяржавы ў юрыдычным і прававым сэнсе. Там не проста ўсталёўваецца часовая адміністрацыя — тэрыторыя цалкам адыходзіць пад кантроль дзяржавы-агрэсара. Так адбылося ў выпадку анексіі Крыму Расіяй, але не адбылося ў Беларусі.
Сатэліт — дзяржава-сатэліт фармальна застаецца незалежнай, але моцна звязана на эканамічным, палітычным, ваенным узроўнях з іншай дзяржавай. У заходняй палітыцы існуе больш мяккае азначэнне — «дзяржава-кліент». У гэтай сітуацыі мацнейшая краіна больш падобная да донара, а не да каланізатара, а краіны маюць большую незалежнасць. Кліентам ЗША, напрыклад, называюць Тайвань. А вось краіны Варшаўскага дагавора, якія фактычна былі цалкам у руках Савецкага Саюза, трапляюць пад паняцце сатэліта. Ці падобна гэта да стасункаў Расіі і Беларусі? Шмат у чым так.