Беларускім месцам — квіткі па-беларуску!

У Беларусі пераходзяць на беларускамоўныя квіткі. Кожны можа далучыцца.

106506847_688757288343002_3199784269059904914_n.png

«УМОВЫ ДЛЯ МОВЫ» ініцыявалі кампанію  «Беларускім месцам – квіткі па-беларуску!»
Людзі далучаюцца да кампаніі і дзеляцца сваімі адказамі. Паступова ў Беларусі з’яўляецца больш беларускай мовы на квітках у грамадскім транспарце і ў грамадскіх месцах (кінатэатры, клубы, стадыёны, выставачныя і канцэртныя залі, музеі, тэатры і інш.).
Дзяніс Казеннікаў падзяліўся адказам з Бабруйску, у якім напісана, што новыя бланкі транспартных квіткоў на беларускай мове распрацаваныя і ўзгодненыя з Бабруйскім гарвыканкамам. Новыя квіткі будуць уведзеныя ў абарот, калі скончыцца запас рускамоўных квіткоў.
Раман П. падзяліўся адказам Пружанскага райвыканкама. Пружанскі райвыканкам зрабіў апытанкі ў сацсетках, па выніках якіх накіраваў рэкамендацыі ў адпаведныя ўстановы. Беларуская мова перамагла ва ўсіх апытанках і ў Пружанах з’явіліся беларускамоўныя квіткі.

107377481_1225724504426845_6132408445727846217_n.jpg


Кожны можа далучыцца да кампаніі і даслаць свой зварот. На старонцы кампаніі прапануецца даслаць зварот і атрымаць у падарунак стыкерпак і магніцік. Пазначана, што «не выходзячы з хаты, вы можаце зрабіць так, каб у вашых любімых месцах (кінатэатры, клубы, стадыёны, выставачныя і канцэртныя залі, музеі, тэатры і інш.) і ў грамадскім транспарце вашага горада былі квіткі па-беларуску. Усяго 5 хвілін ֫ і беларускай мовы вакол нас будзе больш». Для таго, каб кожны чалавек мог зручна даслаць зварот, на старонцы каманіі выкладзеныя звароты і напісаны план дзеянняў.
 «Умовы для мовы» зараз атрымліваюць шмат адказаў наконт беларускай мовы на квітках.
«Некалькі райвыканкамаў спасылаюцца на адсутнасць зваротаў з боку грамадзян і таму не бачаць сэнсу нешта мяняць. Я хачу нагадаць, што калі вы хочаце, каб у Беларусі нешта змянілася, варта пісаць звароты. А з меркаваннем тых, хто маўчыць, ніхто не лічыцца. Звароты па абароне правоў беларускамоўных мы размясцілі на umovy.by, каб кожны мог імі карыстацца», – каментуе прадстаўніца «Умовы для мовы» Аліна Нагорная.
Касцюковіцкі райвыканкам адзначае, што «зваротаў грамадзян па пытанню інфармацыі на рускай мове на чэках касавых апаратаў, нязручнасці ўспрымання інфармацыі, якая ўказана на чэку ў продажу, ва ўстановы Касцюковіцкага раёна не паступала».
Бярозаўскі райвыканкам у сваім адказе адзначае, што скаргі грамадзян па пытанні дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце адсутнічаюць.
Але большасць адказаў станоўчыя.
Быхаўскі райвыканкам: «Установы культуры пры распрацоўцы дызайна наступнай партыі квіткоў, падчас замовы ў друкарнях будуць арыентавацца на вашую прапанову (аб выкарыстанні беларускамоўных квіткоў)».
Крычаўскі райвыканкам паведаміў, што пры замове ўваходных квіткоў на 2021 год будзе прапрацавана пытанне вырабу квіткоў на двух дзяржаўных мовах, а таксама па меры абслугоўвання кантрольна-касавых апаратаў якія выкарыстоўваюць установы культуры, будзе разгледжана пытанне перапраграмавання дадзеных апаратаў на выдачу ўваходных квіткоў на двух мовах. Да 1 верасня 2020 года Фізкультурна-спартыўнай установай «Крычаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс» запланавана правядзенне работ па перакладзе ўваходных квіткоў і абанементаў на беларускую мову.
Асіповіцкі райвыканкам адказаў, што «кіраўнікам культурна-дасугавых устаноў раёна, кінатэатра «Радзіма» і раённага гісторыка-краязнаўчага музея рэкамендавана вырабляць уваходныя квіткі ў беларускамоўным выкананні».
Маларыцкі райвыканкам: «З мэтай забеспячэння роўных правоў рускамоўных і беларускамоўных грамадзян кіраўнікам культурных і спартыўных устаноў раёна рэкамендавана разгледзіць магчымасць размяшчаць інфармацыю на ўваходных квітках на правядзенне культурна-відовішчных і культурна-спартыўных мерапрыемстваў як на рускай так і беларускай мовах».
Карэліцкі райвыканкам: «У цяперашні час разглядаецца пытанне аб замове ў далейшым уваходных квіткоў (на культурныя мерапрыемствы ўстаноў культуры карэліцкага раёна) на беларускай і рускай мовах».
ААТ «АТЭК-Магілёў»: «Па інфармацыі ААТ «Магілёўаблаўтатранс» ва ўсіх раёнах вобласці будзе ажыццяўлены пераход на выкарыстанне праязных дакументаў на беларускай мове пасля продажу білетнай прадукцыі на рускай мове».

107475275_275137933742791_4431497542488601974_n.jpg

107702810_208108317113275_7251690547747557146_n.jpg


Івацэвіцкі райвыканкам рэкамендаваў установам культуры і спорту вырабляць квіткі на беларускай мове.
«У беларускім транспарце і ў беларускіх культурніцкіх, спартовых і іншых установах павінны быць квіткі па-беларуску. Каб гэты працэс ішоў хутчэй, нам неабходна паказваць установам, якія выдаюць гэтыя квіткі, што беларуская мова на квітках нам патрэбна, а яе адсутнасць дыскрымінуе нас па моўнай прыкмеце. Найбольш эфектыўны спосаб данесці гэтую інфармацыю да адрасата – пісаць пісьмовыя звароты, заявы, скаргі і прапановы», – адзначае юрыст Ігар Случак.
Кампанія «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску!» праходзіць у межах кампаніі «Зробім лепш!» пры падтрымцы Асамблеі НДА.