Беларусы едуць на Чэмпіянат свету… за медалямі
Першы за два апошнія гады і 85-ы ў гісторыі хакейны чэмпіянат свету будзе ўнікальным з шэрагу прычын.
Тут вам і пазбаўленне Беларусі права арганізацыі турніру, і адсутнасць гледачоў на трыбунах (афіцыйна пакуль не абвешчана, але да гэтага ідзе), і абедзве арэны за сто метраў адна ад адной, і эксклюзіўны рэгламент, і як ніколі познія тэрміны правядзення, якія закранаюць самую нехакейную пару года. У любым выпадку, нас чакае нешта асаблівае, і сачыць за тым, што адбываецца будзе вельмі цікава.
ЧЭМПІЯНАТ СВЕТУ-2021Рыга (Латвія)ГРУПА «А»РАСІЯШВЕЦЫЯЧЭХІЯШВЕЙЦАРЫЯСЛАВАКІЯДАНІЯБЕЛАРУСЬВЯЛІКАБРЫТАНІЯГРУПА «В»КАНАДАФІНЛЯНДЫЯЗШАГЕРМАНІЯЛАТВІЯНАРВЕГІЯІТАЛІЯКАЗАХСТАН
МАТЧЫ ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ:
21.05. Беларусь — Славакія, 23.05. Швецыя — Беларусь, 24.05. Чэхія — Беларусь, 26.05. Беларусь — Вялікабрытанія, 28.05. Данія — Беларусь, 30.05. Беларусь — Швейцарыя, 01.06. Расія — Беларусь.Чвэрцьфіналы пройдуць 3 чэрвеня, паўфіналы — 5 чэрвеня, матч за 3-е месца і фінал — 6 чэрвеня.
Дзякуй, COVID-19
Фармат папярэдняй стадыі ЧС нязменны з 2012 года: у абедзвюх групах кожны гуляе з кожным, у плэй-оф выходзяць па чатыры лепшыя каманды, якія фармуюць чвэрцьфінальныя пары крыж — накрыж (А1 — В4, А2 — В3, В1 — А4, В2 — А3). Астатняя васьмёрка пакуе валізкі і адпраўляецца па дамах. Але калі раней аўтсайдэры абодвух актэтаў развітваліся з элітай, то сёння ўсе застрахаваныя ад паніжэння ў класе. Той рэдкі выпадак, калі тыя, каму трэба было змагацца за выжыванне, могуць падзякаваць каронавірусу, з-за якога адмененыя ўсе чэмпіянаты свету ў ніжэйшых дывізіёнах. Падняцца ў «вышэйшае грамадства» папросту няма каму, а значыць, і вылятаць з яго — таксама.
Паўфінальныя супрацьстаянні будуць утвораны паводле наступнага прынцыпу: пераможцаў чвэрцьфіналаў ранжыруюць у адпаведнасці з вынікамі групавога этапу — адну пару складуць каманды з першым і чацвёртым нумарамі «пасеву», іншую — з другім і трэцім.
Што тычыцца рэгламенту правядзення матчаў, то тут усё па-ранейшаму: у выпадку нічыёй у асноўны час прызначаецца авертайм у фармаце «3 на 3», калі ж і ён не выявіць пераможцу — серыя булітаў па пяць падыходаў з кожнага боку да таго часу, пакуль не будзе зроблены вырашальны кідок.
Рыга. Праз 15 гадоў
З-за вядомых падзей у Беларусі і пазбаўлення яе права правядзення турніру на Латвію навалілася ў два разы больш арганізацыйных клопатаў. І хоць рашэнне аб пераносе мінскай часткі форуму ў Рыгу адгадвалася яшчэ з восені мінулага года, а афіцыйна пра гэта абвясцілі ў студзені, у ІІХФ былі занепакоеныя недастатковай ступенню гатоўнасці рыжскай інфраструктуры. Але прыбалтаў таксама можна зразумець: яны першапачаткова не збіраліся ў адзіночку запрагацца ў гэты воз і відавочна разлічвалі на дапамогу з боку ведамства Рэнэ Фазеля. Паведамлялася, што замяніць Мінск з яго напружанай абстаноўкай могуць папрасіць Браціславу або Капенгаген — гарады, якія прынялі ЧС-2019 і ЧС-2018 адпаведна. Але ці тыя ветліва адмовіліся працягнуць руку дапамогі, ці ў ІІХФ банальна вырашылі зэканоміць, але ў выніку латвійцаў паставілі перад фактам: праводзіце толькі вы і ніхто больш.
Рыга прыме хакейны топ-турнір у другі раз. У статусе гаспадара ЧС яна дэбютавала ў 2006 годзе. Тады, памятаецца, некаторыя зборныя скардзіліся на якасць лёду, а адзін з матчаў — паміж гаспадарамі і канадцамі — ледзь не быў сарваны праз непрыстойныя паводзіны заўзятараў. Раз'юшаныя буйным фіяска ўлюбёнцаў (0:11), яны закідалі пляцоўку староннімі прадметамі, і рэферы Рыку Лукеру нават давялося адвесці каманды ў падтрыбунне. З горам напалам «ільвы» з «кляновым лісцем» усё ж дагулялі, але ападачак застаўся.
Рэцыдыў праз 15 гадоў немагчымы з-за пандэміі і верагоднай забароны на прысутнасць гледачоў на трыбунах. Але гэта не значыць, што 85-ы форум пройдзе без сучка без задзірынкі. Наконт гатоўнасці разлічанай на 10 300 заўзятараў «Арэны-Рыга», дзе праводзіць матчы КХЛ мясцовае «Дынама», сумневаў мала. А вось як перажыў пераабсталяванне пад хакей шасцітысячны Алімпійскі спортцэнтр — добрае пытанне. Ёсць падазрэнне, што насельнікі «Арэны-Рыга» будуць адчуваць сябе камфортней.
Мэты і чаканні
Для зборнай Беларусі гэта будзе першы чэмпіянат свету ў мацнейшым дывізіёне за тры апошнія гады. На папярэднім такім форуме ў Капенгагене і Хернінгу хлопцы ў чырвона-белых швэдрах з трэскам праваліліся, прайграўшы ўсе восем матчаў з агульнай розніцай шайбаў 8-36. Праз год беларусы на чале з Андрэем Сідарэнкам з вялікай цяжкасцю вярнуліся з «пердыва» на пару са зборнай Казахстана. Не пабаяўшыся ўзначаліць зборную ў перыяд крызісу, Сідарэнка з гонарам выканаў брудную працу. Але ў федэрацыі гэтага не ацанілі: трэнеру сказалі «дзякуй і да пабачэння», а яго пераемнікам стаў Міхаіл Захараў, якому не прывыкаць здабываць выгаду з поспехаў іншых.
Так, напрыклад, было перад Алімпіядай-2010 у Ванкуверы, калі набліжаны да ўлады коўч «Юнацтва» прыйшоў на змену Глену Хэнлану, які пакінуў пасаду пасля звальнення з мінскага «Дынама». Не Захараў, а Хэнлан і Курт Фрэйзер заваёўвалі прамую пуцёўку на Гульні-2010, але менавіта казахстанскі беларус павёз нацыянальную каманду ў Ванкувер.
Дарэчы, менавіта ў Рызе зборная Захарава ў свой час пацярпела адно з самых эпічных паражэнняў у сваёй біяграфіі. У рамках алімпійскай кваліфікацыі беларусы саступілі латвійцам 4:5 — хоць вялі 4:2 за лічаныя хвіліны да фінальнай сірэны і іх задавальняла нават нічыя. Праз гэта зборная тады і не паехала ў Турын-2006.У 2019 годзе здарылася «дэжа вю» прыходу Захарава ў зборную: варта было Сідарэнку вывесці каманду ў эліту, як на авансцэне зноў намаляваўся шэры кардынал Міхал Міхалыч. Ён выбраў вельмі зручны момант для камбэка, бо на ЧС-2020 у Цюрыху і Лазане беларусы былі б застрахаваныя ад «вылету» на правах гаспадароў наступнага першынства. Але тады ніхто не ведаў, што наступіць пандэмія, і не меркаваў пра маштаб наступстваў чарговага захавання ўлады Лукашэнкі.
Як бы там ні было, цяпер зборная Беларусі, якая прайшла ачышчэнне «пердывам», намецілася ні многа ні мала на медалі ЧС-2021! Прынамсі пра такую мэту даводзілася чуць як мінімум ад некаторых хакеістаў. Ды і апальны прэзідэнт ФХБ Дзмітрый Баскаў недвухсэнсоўна даў зразумець, што перад Захаравым пастаўлена «самая максімальная задача, якую толькі магчыма паставіць перад нацыянальнай зборнай».
Напалеонаўскія планы пераследаваліся і ў былыя гады, але тады для гэтага хоць бы былі перадумовы. У прыватнасці, былы кіраўнік ФХБ Уладзімір Навумаў любіў ставіць завышаныя задачы. Дэйв Льюіс неяк таксама размарыўся аб п'едэстале. Але на тое меліся падставы. Канадзец загаварыў пра медалі пасля вельмі паспяховага ЧС-2015, на якім беларусы ўпершыню ў гісторыі перамаглі амерыканцаў і занялі 7-е месца — найлепшы вынік у гісторыі пасля фінішу ў топ-6 на рыжскім ЧС-2006 пад кіраўніцтвам Хэнлана. Іншая справа, што Льюіс істотна пераацаніў магчымасці: на наступных турнірах каманда ішла па сыходнай, пакуль, нарэшце, не вылецела з эліты.
Чыста абстрактна сёння перадумоў для неверагодна якаснага скачка праглядаецца яшчэ меней, чым пяць-шэсць гадоў таму. Тым не менш Захараў настройвае падапечных на медалі. Вядома, яму як галоўнаму трэнеру лепш відаць, але з заўзятарскай званіцы гэта падобна да нічым не падмацаванай бравады.
Дыспазіцыя і склад
Калі цвяроза ацэньваць перадстартавы расклад, то выхад беларусаў у плэй-оф, не кажучы ўжо пра паўфінал і барацьбу за медалі, бачыцца малаверагодным. Хіба што ў табары кагосьці з апанентаў здарыцца ўспышка каронавіруса і ім залічаць тэхнічныя паразы. Пры іншых роўных аб'ектыўна ўзровень беларускай каманды нават з вялікай групай натуралізаваных паўночнаамерыканцаў (Тэйлар, Бэйлен, Плат, Парэ, Прынс) і расіян недацягвае да ўзроўню супернікаў — Расіі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі. І гэта не лічачы славакаў, датчан і брытанцаў, перамагчы якіх таксама задача не з лёгкіх. Для каманды, якая гуляла на адным узроўні з літоўцамі і вугорцамі, на ЧС-2021 у прынцыпе не можа быць простых матчаў.
Зразумела, што многае будзе залежаць ад таго, як канкурэнты ўкамплектуюцца і хто прыедзе з НХЛ. Але нават калі дапусціць, што дэсант з наймацнейшай лігі планеты ў ростэрах супернікаў акажацца мінімальным, трапіць у топ-4 у сваёй групе беларусам будзе архіскладана. Тыя ж швейцарцы на пачатку мая двойчы адолелі ў Біле расіян, якія да гэтага максімальна эксперыментальным складам нанеслі пару паразаў беларусам пры красамоўным дамінаванні па кідках у створ — 35-13 і 34-18.
У першым матчы (6:3), дарэчы, брамнік Тэйлар прымудрыўся прапусціць шэсць шайбаў на працягу аднаго перыяду. Падняты з лавы Шастак пакінуў уладанні ў недатыкальнасці, а назаўтра таксама згуляў надзейна, хай і прапусціў дзве шайбы. Раней Канстанцін хвацка зарэкамендаваў сябе ў іншых міжнародных паўзах. Гэта да размовы пра тое, навошта раптам ФХБ і Захараву спатрэбіўся Тэйлар і ці заслугоўвае 35-гадовы ветэран месца ў зборнай. Дэні і ў мінскім «Дынама» зусім не бліскаў, статыстычна прайграючы не толькі відавочнаму першаму нумару чэху Фурху, але і юнаму беларусу Коласаву. Выснова напрошваецца сама сабой: у зборнай Тэйлар знаходзіцца не па спартыўных прычынах, а толькі таму, што мае правільны пашпарт і кіраўнікам трэба любым чынам апраўдаць яго натуралізацыю. Прызнаць жа, што канадзец банальна не цягне, — значыць распісацца ва ўласнай прафнепрыдатнасці.
Новая хваля масавай пашпартызацыі наогул выклікае выключна ванітавы рэфлекс. У той час, калі нашы юніёры некалькі гадоў запар дамагаюцца выдатнага выніку на чэмпіянатах свету сярод аднагодкаў, а клубы НХЛ сталі часцей драфтаваць беларусаў, кіраўніцтва ФХБ ладзіць чарговы завоз замежнікаў пачкамі дзеля імгненнага выхлапу. Вось толькі не факт, што мэта апраўдвае сродкі. А за дамарослых беларускіх хлопцаў, чые месцы незаслужана займаюць Тэйлар і Парэ, рэальна крыўдна.
Фота hockey.by