Беларусы выбралі самы добры сайт

Інтэрнэт-рэсурс пра птушку трапічнага паходжання абышоў дзясятак моцных сацыяльных праектаў. Такі вынік конкурсу "Дбай: інтэрнэт людзей", які вось ужо другі год да дня нараджэння нацыянальнага дамена .BY праводзіць hoster.by. Яго мэта – расказаць пра сапраўды добрыя і карысныя сайты, якія робяць беларускі інтэрнэт лепш і не зарабляюць на гэтым.

image__1__1.png


З чатырохсот прапанаваных беларусамі сайтаў былі адабраныя 12 удзельнікаў, якія ў сакавіку з'явіліся на рэсурсе d24.by. За два месяцы яны атрымалі больш за 8,5 тысяч галасоў. У лідарах – сайт пра выратаванне сіняй птушкі.
Выявілася, што на тэрыторыі Беларусі засталося ўсяго 10 ці 20 пар сівагракоў, а яшчэ 50 гадоў таму іх было ў 1000 разоў больш. Гэта неверагодна прыгожая яркая птушка трапічнага паходжання, якая прылятае ў наш край усяго на тры месяцы на год і выглядае іншапланецянкай сярод беларускіх птушак. Да таго ж, выводзіць малых яна менавіта тут, а потым ляціць на зімоўку на іншы канец планеты ў Цэнтральную і Паўднёвую Афрыку.

Праект sizovoronka.by створаны па ініцыятыве навуковага супрацоўніка лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Максіма Тарантовіча. Ён прысвяціў вывучэнню сіваграка 10 гадоў свайго жыцця і, мабыць, лепш за ўсіх у краіне ведае асноўныя фактары пагрозы. Галоўная задача па выратаванні папуляцыі на сённяшні момант – гэта інфармаванне людзей аб рэдкай птушцы і атрыманне зваротнай сувязі аб месцах гнездавання, каб не даць віду знікнуць з нашых краёў назаўжды.
“Акрамя ідэі ў сайта выдатная рэалізацыя, – адзначае PR-менеджар праекта “Дбай” Вольга Кузеева. – Раздзелы пра саму птушку, праблемы віда і меры па выратаванні структураваныя вельмі добра. Цудоўныя ілюстрацыі, простая падача, версія на беларускай мове. Думаю, гэта таксама адыграла сваю ролю ў размеркаванні галасоў. Гэта добры прыклад таго, як да ідэі можна прыцягнуць увагу і даць дакладныя інструкцыі. Каштоўнасць праекта ў тым, што некалькі маленечкіх птушак змаглі зрабіць не толькі беларускі інтэрнэт, але і нас з вамі крыху лепш”.

Другое месца заняў рэсурс, важнасць якога для грамадства цяжка пераацаніць. Гэта першы ў краіне партал для бацькоў неданошаных малых rano.by. На сайце знаходзіцца вельмі каштоўная прафесійная база ведаў – магчымасць атрымаць інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу ў няпростай сітуацыі.
У пяцёрку лідараў таксама ўвайшлі:
— Цэнтр падтрымкі ўсынавiцеляў, апекуноў і дзяцей-сірот rodnye.by;
— Грамадзянскі партал ваколица.бел, які ўжо паспелі назваць “вясковым Citydog-ам”;
— Інтэрактыўная мапа станаўлення Беларусі map.letapis.by – адзін з любімых праектаў арганізатараў па іх жа прызнанні.
Конкурс з'яўляецца ініцыятывай hoster.by – воблачнага хостынг-правайдэра, які падтрымлівае працу нацыянальных даменных зон .BY і .БЕЛ. Конкурсам праект можна назваць толькі ўмоўна. Арганізатары падкрэсліваюць, што галасаванне служыць не для спаборніцтва, а лепшага разумення, якія сайты беларусы лічаць цікавымі і сапраўды карыснымі. Інфармацыйную і хостынг-падтрымку атрымліваюць усе без выключэння ўдзельнікі.


“Мы абслугоўваем большую частку беларускіх сайтаў. Многія з іх прыкладаюць вялікія намаганні, каб зрабіць наша грамадства лепш. Мы вырашылі крыху дапамагчы інтэрнэт-карыстальнікам даведацца пра ініцыятывы, якія па-сапраўднаму важныя, – каментуе генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. – Наша кампанія апошнія некалькі гадоў засяроджана на развіцці воблачных рашэнняў для бізнесу і на пабудове складаных адказаўстойлівых сервісаў. Але на пэўным этапе мы зразумелі, што тэхналогіі – гэта не ўсё ў нашай справе. Хацелася б падзяліць гэтае ўсведамленне з максімальнай колькасцю людзей”.
Нагадаем, у першым сезоне праекта “Дбай: інтэрнэт людзей” лідэрамі сімпатый беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў сталі сайт petitions.by і vouk.by – блог, напісаны ад імя ваўкоў Белавежскай пушчы. Яны абышлі платформы грамадзянскай актыўнасці “Мой горад” (115.бел), мотолькопомоги.бел, сэрвіс страчаных рукавіц і іншыя рэсурсы.