«Бывай, Яблонская, бывай»

Прачынацца зранку «ворагам беларушчыны» мне даводзілася і раней — з нагоды самых розных культурных ініцыятываў. Але ніколі ранішні пад’ём не рабіў мяне ўвасобленым злом беларускай нацыі так нечакана і на роўным месцы. Па просьбе “НЧ дзялюся сваім досведам па арганізацыі аб’яднанага стэнду прыватных выдаўцоў на 18-м Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбывалася з 9 да 13 лютага ў выставачным цэнтры БелЭКСПА.

Дылема байкоту



27669f3f141da48bfe5e6b7aa37c38f9.JPG

Прачынацца зранку «ворагам беларушчыны» мне даводзілася і раней — з нагоды самых розных культурных ініцыятываў. Але ніколі ранішні пад’ём не рабіў мяне ўвасобленым злом беларускай нацыі так нечакана і на роўным месцы. Па просьбе “НЧ дзялюся сваім досведам па арганізацыі аб’яднанага стэнду прыватных выдаўцоў на 18-м Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбывалася з 9 да 13 лютага ў выставачным цэнтры БелЭКСПА.
Дылема байкоту
Да сёлета на Мінскую кніжную выставу-кірмаш я хадзіла як пакупніца і як журналістка. З года ў год перада мной разгортвалася шараговая, вельмі сумная, фармальная падзея, асвятленне якой як у афіцыйных, так і ў незалежных СМІ ніколі не выпаўзала далей за рубрыку «Культура». Мяне ўскрай здзіўляў і нават абураў факт, што сярод кніг, выстаўленых на стэндах дзяржвыдавецтваў, няма чаго чытаць, а, скажам, Уладзіміра Арлова я сустракаю на выставе ў якасці звычайнага наведніка, які завітаў прыкупіць кніжныя навінкі. Прычына гэтага здавалася відавочнай — палітыка.
Але калі год таму, у лютым 2010-га, я стала задаваць наўпроставыя пытанні пра прычыны няўдзелу ў выставе тых ці іншых прыватных выдавецтваў, тады і прадстаўнікі кампаніі «Макбел» (галоўнага арганізатара кірмашу), і самі выдаўцы, назвалі іншую прычыну — эканоміка. Кошт стэнду на выставе непамерна высокі. Адно маленькае выдавецтва не прадукуе ў год столькі кніг, каб удзел у выставе акупіўся. Менавіта тады, пасля гутаркі з дырэктаркай выдавецтва «Лімарыус» Марынай Шыбко (Фядута) у мяне нарадзілася ідэя аб’яднаць высілкі незалежных кніжных ініцыятываў у наступным годзе, каб актуальная беларуская кніга трапіла да чытача.
Можна шмат разважаць, чаму вершы Алеся Разанава друкуе «Логвінаў», Анатоля Вярцінскага — «Галіяфы», Генадзя Бураўкіна — «Кнігазбор», Рыгора Барадуліна — Глеб Лабазенка на народныя грошы, а «туалецішча» Анатоля Рубінава — холдынг «Літаратура і мастацтва» за падаткі грамадзян краіны. Можна шмат абурацца і кпіць з гэтай нагоды. Я вырашыла дзейнічаць.
І раптам — разам з пачаткам падрыхтоўкі стэнду — Мінскі кніжны кірмаш быў уцягнуты ў вір паслявыбарчага скандалу. З падзеі беларускай афіцыйнай культуры ён ператварыўся ў яшчэ адзін аб’ект сімвалічных жэстаў, якія так неабходныя грамадзянскай супольнасці ў дэпрэсіўны час пасля выбараў–2010. У беларускіх СМІ сталі тыражаваць заявы замежных пісьменнікаў і выдаўцоў з заклікам байкоту кірмашу. Ідэя байкатаваць, здаецца, усім спадабалася. І толькі Крыстаф Вайль, амбасадар Германіі — галоўнай госці сёлетняга фестывалю, абвясціў на прэс-канферэнцыі напярэдадні кірмашу, што не варта змешваць культуру і палітыку.
Два метры беларускай кнігі
Аб’яднаны стэнд прыватных выдаўцоў быў скляпаны літаральна за два дні. Мы замовілі два квадратныя метры — менш было нельга, а на больш не хапала грошай. Заяву на ўдзел мы падалі толькі ў панядзелак, 7-га лютага, а 9-га ўжо распачынаўся гандаль. З рэкламай нам проста пашанцавала: варта было напісаць прэс-рэліз на паўстаронкі і разаслаць у некалькі беларускіх СМІ — як пра нас напісалі ўсе. Лягчэй за ўсё было залучыць удзельнікаў — выдаўцы пагаджаліся несці кнігі, а пісьменнікі — падпісваць іх на стэндзе літаральна з паўслова. У выніку партнёрамі стэнду сталі выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Зміцер Колас», «Лімарыус», а таксама МГА «Бацькаўшчына» і часопісы «ARCHE», «Дзеяслоў» і «pARTisan». У нас выступалі Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Зміцер Вішнёў, Валянцін Акудовіч, Алесь Разанаў, Анатоль Вярцінскі, Андрэй Хадановіч, Наталка Бабіна і іншыя пісьменнікі.
Такая лёгкая згода, я думаю, тлумачыцца проста. Хацець выдаць кнігу, але потым не хацець яе распаўсюджваць, прэзентаваць — гэта як мінімум нелагічна. Лёс кнігі пасля выхаду друкам — яе публічныя чытанні, а таксама яе існаванне на паліцы кнігарні і бібліятэкі — гэта частка творчасці. Рэдкі пісьменнік не працуе на гэта. Інакш навошта пісаць і выдаваць?
Кніг нам навезлі шмат. Я падазравала, што так будзе, але ў першую хвіліну разгубілася. У выніку, пасля ўпарадкавання экспазіцыі, наш мікраскапічны стэнд стаў нагадваць грузінскае застолле — і без таго ненадзейныя выставачныя сталы ў літаральным сэнсе ламіліся. Яшчэ гэта ўсё нагадвала індыйскі кірмаш, што адбываецца ў тым жа павільёне ў іншыя дні — тыя яго закуткі, дзе прадаюць каляровыя ядвабныя хусткі па 5 тысяч. Людзі ішлі зранку да вечара. Сама я па кніжнай выставе амаль не хадзіла, але знаёмыя казалі, што цягам пяці дзён у нас было людней за ўсіх.
Вельмі шкадую, што на такой мінімальнай плошчы было цяжка паказаць усе-ўсе кнігі: мы спрабавалі раскладваць іх тэматычна, рубрыкаваць, штогадзіны «мяняць экспазіцыю» — але хаос быў відавочны. Калі аматары палітычных санкцый не падстрэляць мяне і маіх кампаньёнаў цягам гэтага года, наступны незалежны стэнд мы арганізуем іначай. Або дамо парады тым, хто прыйдзе на кірмаш замест нас.


Прыгоды мумітроляў па-беларуску
Гандаль кнігамі адбываўся ва ўмовах пастаяннага псіхалагічнага ціску. Ладна, заклікі лінчаваць нас, што змяшчаліся ў інтэрнэце, — чытаць іх мы проста не паспявалі. А вось візіты на стэнд прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі адчувальна казыталі нервы. Здаецца, чыноўнікі і самі не ведалі, чаго ад нас чакаць, а таму нічога не забаранялі, а толькі ўшчушвалі. То часопісы ў нас «непажаданыя», то пра аўтограф-сесіі пісьменнікаў трэба было ў дырэкцыю заяўляць... Калі пасля 2006 года мы ўсе перажывалі паранойю, то цяпер у шэрагах неабыякавых людзей пачалася наўпрост істэрыя.
Увосень 2010-га, калі ў нас была «лібералізацыя», Уладзіміра Някляева і іншых апазіцыйных кандыдатаў адкрыта называлі клоўнамі, з іх смяяліся. Някляеву настойліва не маглі дараваць таго, што ў дзяцінстве ён забіў кацяня, — гэты эпізод з уласнай біяграфіі быў апісаны паэтам у прадмове да драмы «Армагедон» і надрукаваны ў № 44 часопіса «Дзеяслоў», які выйшаў акурат у разгар перадвыбарчай гонкі. Але пасля жорсткага збіцця кандыдата ў прэзідэнты і яго незаконнага зняволення ўсё змянілася. Мы ўсе хваляваліся за яго здароўе, патрабавалі адпусціць яго, маліліся... Хваляванні не суцішыліся дагэтуль. Учарашні «жывадзёр» стаў пакутнікам за свабоду.
Гэтак жа Аляксандру Фядуту неяк рэзка і вось так проста даравалі яго галоўны дагэтуль грэх перад нацыяй — прывод у 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Фядута перастаў быць для масаў паліттэхнолагам, а Уладзімір Някляеў — палітыкам. У турме сядзяць найперш паэт і літаратуразнаўца. У выніку некалькіх наступных сафістычных высноваў купляць кнігі на Мінскім кніжным кірмашы цяпер значыла зневажаць Някляева і Фядуту асабіста. І я нават не ведаю, чым думала паненка, якая публічна тэлефанавала з нашага стэнду жонцы аднаго палітвязня: «Ёсць «Прыгоды мумітроляў» па-беларуску. Табе браць?»
Калі кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў вёў калону ад свайго штабу на Кастрычніцкую плошчу, па сведчанні журналісткі — адной з тых, каго падчас нападу на кандыдата паклалі «мордай у снег» — за ім ішло 30 чалавек. Збольшага — яго ініцыятыўная група. Перакладчык-багеміст Сяргей Сматрычэнка, які падчас працы нашага кірмашу прадставіў сваю манументальную працу — «Славацкі нумар» часопіса ARCHE, таксама быў удзельнікам пікету ў падтрымку Вольгі Някляевай, якая 27 снежня заносіла ў КДБ скаргу. Па словах Сматрычэнкі, пад жоўтыя муры прыйшло «10–15 чалавек, плюс 8 журналістаў плюс столькі ж гэбістаў». Вядома ж, значна прасцей НЕ прыйсці куды-кольвек у знак салідарнасці, чым прыйсці.
Жывучы ў краіне Беларусь, мы па вушы ўвязлі ў стасункі з дзяржавай і на кожным кроку здзяйсняем калабаранцкія ўчынкі. Мы сядаем у грамадскі транспарт або заліваем у машыны бензін — галоўную субстанцыю спекуляцый у палітычных гульнях. Мы купляем хлеб і малако, вырабленыя ў аграгарадках прыгоннымі калгаснікамі. Мы штомесяц плацім за газ, ваду і цяпло ў ЖКГ. Мы аддаем дзяцей у школы, дзе яны наведваюць урокі дзяржаўнай ідэалогіі. Але без метро, бензіну, хлеба, малака, газу, вады і нават школы беларус не можа пражыць. А без кнігі — калі ласка. Паводле адчуванняў большасці, без кнігі можна спакайнютка абысціся, і таму мы ні ў якім разе не павінныя былі прапаноўваць прадукцыю незалежных выдавецтваў на мерапрыемстве, арганізаваным дзяржавай.
Але вось як быць з людзьмі, якім без кнігі — ніяк? Іх мала, але яны ёсць. І менавіта яны, нягледзячы ні на што, з года ў год прыходзяць на кніжную выставу, хто б там ні ўдзельнічаў і хто б яе не арганізоўваў. Я думаю, для іх мы і стараліся.
«Вы хацелі б, каб вас адлілі ў бронзе?» — спыталіся ў Сяргея Жадана ўкраінскія чытачы на прэзентацыі анталогіі маладой паэзіі. — «Больш верагодна, што нас неўзабаве заліюць у бетон», — адказаў пісьменнік. Беларускія выдаўцы і пісьменнікі, якія прынялі рашэнне прэзентаваць сваю прадукцыю на Мінскім кніжным кірмашы, ужо пашыхтаваныя крытыкамі пад заліўку. Але, на жаль, акцыя мае ўсе шанцы сарвацца ўжо на этапе падгону бетонамяшалкі — беларускія барацьбіты з дыктатурай зноў не змогуць дамовіцца пра супольныя дзеянні.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Удзел у кірмашы: за і супраць (каментары ў інтэрнэце)
СУПРАЦЬ
Ананім: Са сваёй задумай «юныя змагары» абкакаліся. Ім вельмі хочацца піяру любым коштам. Але ці здрадай вядучаму паэту і змагару краіны? Дарэчы, чаму не запрасілі на сваю пляцоўку Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр? Дзіцячы садок дый толькі. А ўлада зноў прадэманстравала сваю перамогу: Фядута ў турме, а жонка вольна пачувае сябе на выставе, кажуць, што ў нас друк прыцясняюць — ідзіце глядзіце — у нас ДЭМАКРАТЫЯ! Навошта толькі ладзіцца пад пакрыўджаных? Аддалі б лепш гэты мільён за выставу Наталцы Бабінай на новы кампутар. Упэўнены, што Праляскоўскі яшчэ і прыз вам дасць. Суцяшальны.
Ананім: Абалдуі. Вылезлі, каб лізаць сра... Міністэрству інфармацыі. Міхась Скобла, вам павінна быць сорамна за такіх ура-патрыётаў, як чалавеку, які некалі прынцыпова пакінуў гэта міністэрства. Як піша Някляеў: «Бывай, Мартысевіч, бывай...» Жах. Некалі ж мы ішлі на плошчу за ідэю.
ЗА
Тамара Алешка, горад Берасце: Вельмі падабаюцца творы Уладзіміра Арлова, праблематычна набыць творы выдавецтва «ARCHE». Таму гэта адна з магчымасцей набыць любімыя кніжкі. Вялікі дзякуй за ўдзел у выставе-кірмашы. Я з Берасця, а сябар са Століна мэтанакіравана прыехалі на выставу за гэтымі кніжкамі. Для мяне з сябрам ваш стэнд быў самы цікавы!
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік: Вось не шкадую, што пайшоў на той кірмаш. Прайшоўся міма стэндаў дзяржаўных выдавецтваў, пасмяяўся, назіраючы ўсе гэтыя скокі і задушэўную некрафілію — гады ідуць, а нічога не змяняецца. Паглядзеў на чыноўнікаў, аднавіў запасы нянавісці. Адчувалася, што маленькі стэнд прыватных выдаўцоў і тое, што там адбывалася, усіх напружвалі. Часам трэба пабыць бяльмом на воку, а бяльмо не ходзіць дэманстратыўна недзе там за кіламетр, бяльмо ўскоквае проста на твар. Так што настаяшчага празніка ў іх не палучылась. Хоць ані так хацелі.