Беларусь, не бойся прыняць Хрыста!

Калі анёл з’явіўся бэтлеемскім пастушкам і абвясціў аб нараджэнні Збаўцы, яны напалохаліся. І мы ўчынілі б тое самае, калі б нам з’явіўся анёл, кажа ў пастырскім пасланні на Божае Нараджэнне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.



kandrusevich_25122015.jpg

Але Божы пасланец іх супакоіў, кажучы што ў горадзе Давіда нарадзіўся Збаўца, якога чалавецтва з нецярпеннем чакала (пар. Лк 2, 10-11).

Нараджэнне Езуса ў Віфлееме больш за 2000 гадоў таму, адзначае Кандрусевіч, — гэта ўжо гісторыя, хаця вельмі прыгожая і сентыментальная, аднак гісторыя. З яе мы павінны вучыцца, бо гісторыя з’яўляецца маці-настаўніцай. Нараджэнне ж Хрыста, будучы гістарычнай падзеяй, адначасова з’яўляецца дынамічным працэсам. Хрыстус і сёння нараджаецца ў Касцёле і прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакраментах, перадусім у еўхарыстыі, прыходзіць у іншай дзейнасці Касцёла, асабліва праз учынкі міласэрнасці.

Ці мы пазнаём Яго? Ці не баімся адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і дазволіць быць з намі? Ці радуемся Яго прыйсцю? На гэтыя і падобныя пытанні нам неабходна адказаць, бо бяда будзе нам, калі мы будзем верыць у тое, што Ён нарадзіўся ў Віфлееме, а сваёй ласкай не нараджаецца ў нашых сэрцах, — як казаў наш вялікі паэт Адам Міцкевіч.

Мы жывём у асаблівы для Касцёла і свету час. З аднаго боку, свет імкнецца спіхнуць хрысціянскую веру на ўзбочыну грамадскага жыцця. З іншага ж  — мы бачым шмат знакаў дзеяння Святога Духа. Мы з’яўляемся часткай гісторыі, якая адбываецца на нашых вачах, і, як веруючыя, павінны сваім жыццём і хрысціянскім сведчаннем вызнаваць веру ў Езуса Хрыста, які быў зачаты ад Святога Духа, нарадзіўся з Панны Марыі ў Віфлееме, быў укрыжаваны, пахаваны, уваскрос, узышоў на неба і сядзіць праваруч Айца.

Божае Нараджэнне стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, кажа Кандрусевіч, “бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові да бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай.

Падобная духоўная рэвалюцыя павінна адбыцца і ў кожным з нас, каб мы моцна трымаліся сваёй веры і не дазволілі спіхнуць яе на ўзбочыну жыцця, але з высока паднятай галавой ішлі праз яго, ведаючы, што нашай мэтай ёсць шчаслівая вечнасць, мяркуе мітрапаліт.

Мы жывём у чаўне дваццацьпершастагоддзевага стылю жыцця і яго моды і баімся з яго выйсці, бо што скажа свет, што скажуць блізкія і сябры? Могуць назваць старамоднымі. Сёння хрысціяне могуць згадзіцца на разводы, аборты, эўтаназію, апладненне «in vitro», гомасексуальныя саюзы і іншыя духоўныя анамаліі. Чаму? Бо свет такі, бо мы яго баімся, бо лягчэй плысці па цячэнні, чым супраць, бо ў наша духоўнае жыццё ўваходзіць феномен паліткарэктнасці, калі мы не маем, а можа, не хочам мець свайго меркавання па тым ці іншым маральным пытанні.

У той жа час неабходна падкрэсліць, што сучасны свет змагаецца не толькі з фінансавым, але і з культурным і духоўным крызісам. Матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці сталі новымі багамі, якім усе пакланяюцца і падпарадкоўваюць сваё жыццё. З праслаўленнем фальшывых бажкоў чалавецтва адварочваецца ад адзінага і сапраўднага Бога.

Божы закон лічыцца састарэлым, неактуальным і ўспрымаецца як рэлікт мінулых часоў. Усё больш маладых людзей жыве без шлюбу, і такі стыль жыцця лічыцца знакам свабоды і сучаснасці. Наш час — гэта таксама час вельмі небяспечных залежнасцяў ад азартных і камп’ютарных гульняў, шопінгу, інтэрнэту, алкагалізму, наркаманіі, неўпарадкаванага сексуальнага жыцця і г.д. Кожнае пятае дзіця ў нашай краіне выхоўваецца ў няпоўнай сям’і. А колькі разводаў і іншых сямейных трагедый, звязаных з насіллем, алкагалізмам, наркаманіяй!

Бурнае развіццё тэхналогій і імкненне да як мага большай прадуктыўнасці падрывае праўдзівы сэнс і значэнне чалавечай працы. Нярэдка культура, замяняючы духоўнае свецкім, спрыяе ўкараненню амаральнасці. Сучасныя медыя ў шматлікіх серыялах, рэкламах і забаўляльных праграмах распаўсюджваюць стыль жыцця, у якім зло, грэх і незахаванне Божага закону ўспрымаецца як нешта захапляючае і пазітыўнае. Усё гэта вядзе да таго, што заганы называюцца норавамі.

Усё гэта, разам з іншымі шматлікімі праблемамі сацыяльнага, грамадскага і палітычнага характару, негатыўна ўплывае на рытм біцця сэрца сучаснага свету і нашага народу. Пры гэтым мы не заўсёды ўсведамляем, што такія праблемы ўзнікаюць па прычыне непрыняцця Божага закону. Таму найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян.

У выніку гэтага мы самі сабе ствараем сітуацыю глыбокага маральнага крызісу і ў пэўным сэнсе нагадваем «Тытанік», на якім, нягледзячы на набліжэнне катастрофы, аркестр граў да апошняй хвіліны, а пасажыры пілі шампанскае.

Страх перад светам нас паралізуе і не дазваляе даверыцца Хрысту. У кожным з нас у большай ці меншай меры ён прысутнічае, і толькі давер Езусу дапамагае яго перамагчы. Для гэтага неабходна адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, перамагчы самога сябе і сказаць: «Так, Пане Езу, я, як Твой вучань, не згаджаюся з тым, што прапануе секулярны стыль жыцця». Калі так учыню, то перамагу самога сябе і страх, які мяне апанаваў, каб быць сапраўдным вызнаўцам Хрыста”.

Тут да месца ўзгадаць словы святога Яна Паўла II, які ў далёкім 1978 годзе казаў: «Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту. Яго збаўчай уладзе адчыніце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі і развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што ў сабе носіць чалавек. Ён адзін гэта ведае!»

У той жа час народжаны ў Віфлееме Езус праз паслугу Касцёла прыходзіць да нас. Не трэба баяцца прыняць Яго, бо Ён нічога не адбірае, а дае ўсё, — як вучыць Папа Бенэдыкт XVI. Каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву сучасных секулярных тэндэнцый, неабходна адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і душаў! Неабходна адчыніць сёння, бо заўтра можа быць позна!

Віншую ўсіх католікаў з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста! Віншую хрысціян іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць яго! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ў хуткім часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне!

Таму, Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога і на знак нашай духоўнай еднасці дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай. Амэн.

Друкуецца ў скарачэнні. Крыніца: catholic.by