Павал Севярынец
Рашэнне аб выключэнні Севярынца з ПЭН-цэнтра прымаў савет арганізацыі. Паводле статуту, адмяніць яго можа толькі вышэйшы орган — агульны з'езд дэлегатаў, які праходзіць адзін раз у два гады. Напярэдадні з'езду
Павел Севярынец падаў заяву, у якой прасіў адмяніць яго выключэнне. Для гэтага ён заплаціў усе ўнёскі з 2014 года.
Галасаванне па пытанні Севярынца доўжылася больш за паўгадзіны — і было самым дыскусійным. За адмену выключэння і супраць гэтага выказваліся многія дэлегаты, сярод якіх — пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Юлія Цімафеева, публіцыст Аляксандр Фядута і іншыя.
У выніку было прынята рашэнне аднавіць сяброўства Севярынца ў беларускім-ПЭН-цэнтры.
Многія дэлегаты з гэтым не пагадзіліся, паколькі рашэнне, па іх меркаванні, было прынята не простай большасцю галасоў, як гэта патрэбна. Справа ў тым, што арганізацыя складаецца з 112 чалавек. На з'езд прыйшло 59 пісьменнікаў і журналістаў. Але не ўсе былі ў залі падчас галасавання.
У знак пратэсту больш за дзесяць членаў ПЭН-цэнтра сышлі са з'езду. Некаторыя парвалі свой мандат дэлегата. Далейшы ход з'езду апынуўся пад пагрозай.
Што такое ПЭН-цэнтр?
ПЭН-клуб — гэта міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, перакладчыкаў, журналістаў. Ён быў створаны ў 1921 годзе, каб пашырыць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абараняць іх правы.
Усяго ў свеце каля 140 аўтаномных прадстаўніцтваў, якія ўваходзяць у міжнародны ПЭН-цэнтр. Сёння яго ўзначальвае амерыканская пісьменніца Джэніфер Клемент. Адным з пяці віцэ-прэзідэнтаў нядаўна стала беларуска Святлана Алексіевіч.
Беларускі ПЭН-цэнтр увайшоў у склад міжнароднага ў 1990 годзе. Яго першым прэзідэнтам быў паэт
Рыгор Барадулін. Затым —
Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Някляеў і
Андрэй Хадановіч. З 2017 года арганізацыю ўзначальвае паэтка і перакладчыца
Таццяна Нядбай.
tut.by