Дзіяна і яе сабакі. Чаму так кепска добрым людзям?

У многіх з нас жывуць сабакі. У кагосьці адзін, у кагосьці — болей, напрыклад, у галоўрэда НЧ Аксаны Колб — чатыры! А вось Дзіяна Філімончык трымае ажна 27 хвастатых гадаванцаў! Як так атрымалася і з чым давялося сутыкнуцца дзяўчыне — распавядаем.

izobrazenie_viber_2020_05_11_17_35_10_logo.jpg


Дзіяна Філімончык заўсёды любіла сабак. Калі яна жыла ў Светлагорску, у яе было 4 сабакі. На той момант (прыкладна тры гады таму) яна здымала дом, і валанцёры са Светлагорска папрасілі яе ўзяць яшчэ пяць сабак на ператрымку... Філімончык пагадзілася, аднак праз нейкі час вырашыла пераехаць у Мінск, і папрасіла тых валанцёраў сабак забраць. Аднак яны адмовіліся, а выкінуць сабак на вуліцу Дзіяна не магла. Такім чынам у яе з’явілася аж 9 гадаванцаў.
З тымі сабакамі яна пераехала ў Мінск, у прыватны дом. Сабакі, якіх папрасілі «ператрымаць», аказаліся не стэрылізаванымі, і з часам з’явіліся шчанюкі. Пасля гэтага Філімончык усіх іх стэрылізавала і прышчапіла. Ёй дапамагла арганізацыя «Эгіда» — яны аплацілі 80% кошту стэрылізацыі. А сабакаў было аж 27!
У прыватным доме ў Мінску ў яе не было праблем — суседзі не скардзіліся, а наадварот, падтрымлівалі і дапамагалі, чым маглі. Але неўзабаве гаспадары дома, які яна здымала, той дом прадалі. Зразумела ж, узнікла пытанне, куды падзецца з такой колькасцю гадаванцаў. Адзін з тых самых мінскіх суседзяў прапанаваў ёй пераехаць зноў у Светлагорск. А дакладней, у Светлагорскі раён, дзе яму і яго сваякам у спадчыну дасталіся два дамы. Гэтыя дамы, у прынцыпе, аказаліся нікому не патрэбныя.
Філімончык выбрала вёску Расаву — яна далей ад горада, там увесь час жыве ўсяго тры чалавекі. Астатнія дамы выкупілі дачнікі, і з’яўляюцца ў вёсцы толькі наездамі альбо на лета. У доме няма электрычнасці — каб яго падвесці, трэба, каб усе спадчыннікі прыйшлі ў энергазбыт. А зрабіць гэта складана, паколькі нашчадкі жывуць у розных гарадах, а хтосьці наогул у Амерыцы.
Але Філімончык пагадзілася нават на такі варыянт.

izobrazenie_viber_2020_05_11_17_35_36_logo.jpg

Незгаворлівы суседЯк толькі Філімончык прыехала ў вёску, яна паспрабавала наладзіць кантакт з мясцовымі жыхарамі. Але адзін з суседзяў аказаўся незгаворлівым. Ён заявіў, што ненавідзіць сабак і будзе рабіць усё, каб Філімончык з вёскі выселіць.
«Мы з ім асабліва і не сварыліся», — падкрэслівае дзяўчына. Аднак пасля такіх заяў у яе пачаліся праблемы. «Я напісала старшыні сельсавета заяву з просьбай падключыць святло. Замест гэтага ён сабраў нейкую камісію, і ўсе яны прыехалі да мяне — нібыта суседзі паскардзіліся, што ў мяне шмат сабак. Я звярнулася ў сельсавет з просьбай сабак зарэгістраваць — усе яны прышчэпленыя і стэрылізаваныя — але замест дапамогі старшыня напісаў заяву ў міліцыю, што ў мяне незарэгістраваныя сабакі. Гэта кшталту таго, што ты звяртаешся да доктара, а ён піша на цябе заяву», — кажа Філімончык.
З тых часоў і пачалося «баданне» ўладальніцы сабакаў з уладамі. Прычым, логіка дзеянняў адказных чыноўнікаў зусім незразумелая. Напрыклад, напачатку зімы ёй выдалі прадпісанне, у якім абавязалі Філімончык забяспечыць сабак вальерамі «ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь». Але справа ў тым, што вальеры, па-першае, каштуюць дорага, і на іх узвядзенне грошай у Філімончык, якая адна даглядае амаль тры дзясяткі сабак, грошай няма. Па-другое, па яе словах, сабакі ў вальерах дзічэюць, і тады іх практычна немагчыма ўладкаваць. А па-трэцяе, заканадаўства Беларусі зусім не патрабуе ўтрымліваць сабак у сельскай мясцовасці ў вальерах. Гэтага ў заканадаўстве проста няма.

izobrazenie_viber_2020_05_11_12_00_19_1_logo.jpg


«Едзь назад у Мінск»

«І пачалося. Прыязджаюць суседзі, пачынаюць з-за плота здымаць сабак на мабільныя тэлефоны. Сабакі, натуральна, пачынаюць брахаць. Суседзі выклікаюць міліцыю, нібыта, сабакі дзесьці бегалі. Складаюць пратакол, адразу аддаюць у адміністрацыйную камісію, камісія лепіць мне штраф, і ўсё. Сабакі ў мяне маленькія, але калі ў вёсцы сабачка пабегаў па вуліцы, гэта ўспрымаюць як парушэнне. Сабак даводзіцца трымаць на прывязі», — кажа Дзіяна.
Міліцыя і розныя чыноўнікі да яе ездзяць пастаянна. «Ніколі не прадстаўляюцца, не тэлефануюць, не папярэджваюць, што прыедуць. Першае, што яны робяць — зазіраюць за плот, дастаюць мабільнікі, пачынаюць здымаць сабак. Сабакі, зразумела, брэшуць на тых, хто здымае іх з-за плоту. З’явілася нейкая жанчына, якую я ў вочы не бачыла ніколі, і пачала казаць, што ў яе шасцёра дзяцей, і «раптам калі сабака іх пакусае?». Я адказваю: «У вас увесь час «раптам калі».

izobrazenie_viber_2020_05_11_17_37_28_logo.jpg


Да гэтага дня, за паўгода пражывання ў вёсцы, ні адзін сабака Філімончык нікога не пакусаў.
У Дзіяны наогул выклікае вялікія сумневы тое, што «скаржнікі» насамрэч маюць дачыненне да вёскі, у якой яна жыве. «У апошні раз невядомая жанчына паказвала камісіі на дом, які знаходзіцца насупраць майго, і казала, што туды ніхто не прыязджае, бо людзі баяцца маіх сабак. Але 9 траўня туды прыехала сям’я, іх дзеці нармальна гулялі ў футбол каля майго плота. Калі я спытала гэтых суседзяў, ці ёсць у іх да мяне прэтэнзіі, яны адказалі, што не, яны самі вельмі любяць сабак, і нават прапанавалі ўзяць у мяне аднаго з маіх гадаванцаў», — распавядае яна.
Апошнім часам ціск на дзяўчыну ўзмацніўся: супрацоўнікі міліцыі абяцаюць выселіць Філімончык з яе сабакамі з займанага ёю дома. «Мне кажуць, што ў доме я жыву незаконна: маўляў, чалавек, які дазволіў мне ў ім жыць, не ўступіў у правы атрымання ў спадчыну. Але, наколькі я ведаю, у правы атрымання ў спадчыну ўступаюць аўтаматычна праз паўгода. Кажуць, што дом аварыйны, аднак гэта нічым не пацвярджаецца. А ў апошні раз участковы заявіў, што ўжо сабралі 30 подпісаў жыхароў вёскі за тое, каб мяне выселіць, — распавядае дзяўчына. — Калі я кажу, што жыла з сабакамі нармальна нават у Мінску, мне той жа ўчастковы кажа: “Едзь назад у Мінск”».
Таксама была выказана прэтэнзія, што Філімончык, маўляў, выкарыстоўвае ўчастак зямлі, на якім знаходзіцца дом, «не па мэтавым прызначэнні». Між тым, яна не вядзе на гэтай зямлі прадпрымальніцкай дзейнасці, не арганізавала там прытулак для жывёл — усе сабакі яе. Проста іх шмат.
Можна было б падумаць, што Дзіяна — гэткая «няўжыўлівая» дзяўчына, з усімі сварыцца. Але ж насамрэч — не. Напрыклад, пасля таго, як старшыня (ужо былы) сельсавету нават не падказаў ёй, дзе можна зарэгістраваць сабак, яна звярнулася ў выканкам Светлагорска. Там ёй патлумачылі, што гэта робіцца ў КЖУП «Светач». Кіраўнік гэтай арганізацыі нармальна паставіўся да рэгістрацыі такой колькасці гадаванцаў, і нават патлумачыў, што, калі Філімончык сабакаў не разводзіць і на іх не зарабляе, то ўсіх жывёл зарэгіструюць абсалютна бясплатна — такі парадак у Светлагорскім раёне. Адпаведна. Філімончык падала дакументы на рэгістрацыю сваіх сабакаў.
То-бок, справа не ў дзяўчыне і яе сабаках. А ў нечым іншым.

Што кажа закон?

«Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь», зацверджаныя пастановай Савета Міністраў у 2013 годзе, рэгламентуюць толькі колькасць жывёл у кватэрах шматкватэрнага дома. На прыватныя дамы гэтыя правілы не распаўсюджваюцца. У вясковым доме, займаным адным гаспадаром, можна ўтрымліваць колькі хочаш хатніх гадаванцаў. Абы яны былі прышчэпленыя, не стваралі санітарнай небяспекі, зарэгістраваныя і не выгульваліся без павадкоў і наморднікаў.
У гэтых правілах няма ніякіх патрабаванняў па будаўніцтве вальераў — таму «Прадпісанне», выдадзенае Філімончык на гэты конт, наўрад ці можна лічыцца законным. Адзінае, да чаго могуць прычапіцца (і чапляюцца) мясцовыя прадстаўнікі ўлады — да таго, што сабакі могуць выбегчы на вуліцу без ланцужка і намордніка. Аднак Дзіяна Філімончык такіх выпадкаў імкнецца не дапускаць.

izobrazenie_viber_2020_05_11_17_36_33_logo.jpg


Пры гэтым свет не без добрых людзей: чалавек, які дазволіў дзяўчыне пражываць у яго доме, вырашыў перадаць ёй сваю долю ў спадчыне — каб «сабачніца» знаходзілася там на цалкам законных падставах. Варта адзначыць, што старшыня Чыркавіцкага сельвыканкама, у вядзенні якога знаходзіцца вёска Расова, Мікалай Нікончык, які выпісваў Філімончык незразумелае «прадпісанне» з вальерамі, старшынёй ужо не з’яўляецца — ён зусім нядаўна звольніўся.
Але на тое, каб мясцовыя палагаднелі ў дачыненні да аматаркі сабак, пакуль не падобна.
Апошні раз Дзіяну выклікалі на адміністрацыйную камісію 12 траўня, але пасяджэнне чамусьці перанеслі. «Я баюся выходзіць з дому, — кажа яна. — А раптам, пакуль мяне не будзе, гэтыя людзі прыедуць проста з адловам, і забяруць усіх маіх сабакаў? Потым жа не дакажаш, што яны ў мяне былі».

izobrazenie_viber_2020_05_11_17_36_08_logo.jpg


Пакуль у Філімончык адзіная надзея: што мясцовыя чыноўнікі і ўчастковы проста ачомаюцца і не будуць ёй перашкаджаць. А з часам яна раздасць сваіх гадаванцаў у добрыя рукі.
Кантакты дзяўчыны ёсць у рэдакцыі «Новага Часу». Калі вы хочаце дапамагчы Дзіяне Філімончык, а разам з тым набыць добрага хвастатага сябра — звяртайцеся! Усе сабакі стэрылізаваны і прышчэплены.
Больш котак і сабак, якім патрэбны дом, — ТУТ.