Чэмпіёнка свету Таццяна Драздоўская: Пераварот будзе, калі людзям не даваць выказвацца

Лідар нацыянальнай каманды, адна з вядучых яхтсменак свету Таццяна Драздоўская ў мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўзначаліла сусветны рэйтынг Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту ў класе судоў «Лазер-Радыял». Таццяна распавяла пра сваю грамадзянскую пазіцыю.



drozdovska.jpg

 На працягу мінулага года шэраг беларускіх спартсменаў пазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю, станоўча выказаўшыся адносна беларускай мовы, гісторыі і культуры...
— Цалкам з імі салідарная. Але, шчыра кажучы, з улікам таго ж польскага фактару я, здараецца, блытаю польскія словы з беларускімі. Мой сын Коля пайшоў у школу, і калі я з ім раблю ўрокі, пачынаю гаварыць па-беларуску, мяне мама папраўляе: «Таня, гэта не беларускае слова, а польскае». Сорамна, але я сапраўды часам блытаюся.

Хоць я абсалютная прыхільніца таго, што мы беларусы і павінны размаўляць па-беларуску. Сама я вельмі люблю беларускую мову, у захапленні ад беларускіх песень.


У пэўнай ступені я, вядома, патрыёт сваёй Беларусі.
Многія, асабліва мамінага пакалення, сябры кажуць: «Таня, у цябе такая магчымасць з'ехаць, дзесьці застацца, што ты тут робіш?» А я не магу. Так, магчыма, у нас у чымсьці складаная палітыка, я гэта таксама разумею. Аднак я беларуска, менталітэт у мяне наш, беларускі, і туды я магу паехаць толькі ў госці. Жыць дзесьці я не змагу. Жыць можна і ў нас, іншая справа — як? Але ў маім выпадку ўсё досыць проста: я люблю Беларусь і люблю нашых людзей. Так, людзі ўсе розныя, але ў асноўнай сваёй масе беларускі народ добры і ветлівы. Вось і я такая ж, спадзяюся.
— Але чаму «добрыя людзі» не хочуць зразумець, што, жывучы ў сваёй краіне, важна гаварыць на сваёй мове, ведаць сваю гісторыю з глыбіні стагоддзяў, а не з 1917 года? Чаму бязвольна растварыліся ў расейскім асяроддзі?

— Мая мама з вёскі, з-пад Узды. Яна згадвае, што калі прыехала ў Менск, то, натуральна, гаварыла па-беларуску. З яе многія  смяяліся, было шмат кпінаў. Для маладой дзяўчыны гэта было, вядома, балюча. І тады яна пачала старацца размаўляць на рускай мове.


Таму калі мы з братам Сяргеем былі маленькія, каб з нас не смяяліся, мы выхоўваліся рускамоўнымі. Думаю, такое перажыло большасць сем'яў, якія пераехалі ў горад. На лета прыязджаючы ў вёску, натуральна, мы моцна папаўнялі беларускі запас, разумелі сэнс усіх слоў.

Але цяпер сітуацыя іншая. Мы чытаем Мікалаю кніжкі на беларускай мове, народныя казкі, і часам я ад яго чую: «Мама, а што гэта значыць? Нічога не разумею, што ты прачытала». Мне так дзіка.


Здавалася, калі нарадзіўся ў Беларусі, ужо на генетычным узроўні павінен разумець беларускую мову. Даводзіцца канстатаваць, што не. І гэта на самой справе праблема, якую я спрабую выправіць. І да гэтага часу вадзіла яго на беларускія спектаклі, а цяпер радуе, што калі ён пайшоў у школу, у іх там шмат пазнавальных экскурсій, паходаў у тэатры, у тым ліку беларускія. Напэўна, мяне таксама трэба недзе прымусіць, зашчаміць, каб я пачала размаўляць па-беларуску.
— Вам даводзілася асабіста пераконвацца, што беларусы «забуксавалі» ў савецкім мінулым?

— Напрыклад, калі я пачынаю размаўляць з літоўцамі — а ў нас у Літве ёсць сябры, добрыя знаёмыя — яны пачынаюць атакаваць: ну што Беларусь? Вось Літва — сіла, наша Вялікае Княства Літоўскае і г.д. Мяне гэта так бярэ за душу, што я адразу пачынаю спрачацца: на якой падставе яны «прыватызавалі» ВКЛ?


Тым не менш яны перакананыя, што гэта мы не ведаем гісторыі, нам няправільную падаюць інфармацыю і гэта мы, беларусы, сапраўднай праўды не ведаем. На гэтай глебе ў мяне з імі ідзе вайна. Але гэта яскравы паказчык таго, як можна сказіць факты на сваю карысць. Літоўцы ўжо напраўду вераць, што Вялікае княства Літоўскае было іх.

А вось беларусам у большай масе ўсё роўна. Зноў жа, я за гэта не вінавачу беларусаў, бо гэта палітыка краіны такая. Я лічу так: калі б палітыка дзяржавы была накіраваная на падачу гістарычнай праўды, то і народ цягнуўся б за гэтымі ведамі.


А тут курсы, на жаль, не супадаюць.
— У той час як літоўцы карыстаюцца «Пагоняй», у Беларусі фактычна забаронены і гістарычны герб, і бел-чырвона-белы сцяг. А хто пад ім ходзіць, аўтаматычна прыраўноўваюцца да апазіцыянераў...
— Я лічу, што гэта перабор. У кожнага свая праўда. Я такіх забаронаў абсалютна не разумею.

У мяне бацька вельмі добра ведаў нашу гісторыю і яшчэ ў савецкі час сам шыў бел-чырвона-белы сцяг. Яны з мамай часта хадзілі ў паходы, захапляліся водным турызмам, да траўмы брата прайшлі ўвесь Савецкі Саюз ад Камчаткі да Узбекістана і Кыргызстана, шмат дзе пабывалі. І бацька пастаянна на байдарцы мацаваў бел-чырвона-белы сцяг. Апазіцыянерам я яго не магу назваць, ён быў проста адукаваны чалавек.


Калі ў пачатку 1990-х Станіслаў Шушкевіч стаў кіраўніком Беларусі, тата быў надзвычай задаволены, вельмі ганарыўся за краіну. Я таксама люблю бел-чырвона-белы сцяг з-за таго, што гэта наша гісторыя. Яна была, навошта яе адкідваць? Многія людзі лічаць, што ў нас гістарычна павінен быць гэты сцяг. Калі ласка! Дайце ім такую магчымасць, каб яго хоць бы шанаваць, чаму не? Гэта ж гісторыя, яе змяніць нельга, гэта ўжо адбылося! Тым больш, па часе гэты сцяг быў нашмат даўжэй, чым чырвона-зялёны.
— Вам давялося выступаць на спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым?

— На адным з чэмпіянатаў свету ў Галандыі, калі я толькі пачынала у парусным спорце, да нас падыходзяць арганізатары і пытаюцца: скажыце, які ваш сцяг? І паказваюць бел- чырвона-белы і чырвона-зялёны. Мы з трэнерам выбралі бел-чырвона-белы. Прычым гэта было ўжо ў 1998 годзе.


Хацелася пачуцця сапраўднай датычнасці да беларускага народу, нацыі. Для мяне бел-чырвона-белы — гэта сцяг незалежнасці. Гэта значыць — гэта свабодная краіна, незалежная краіна.
Усё ж чырвона-зялёны — гэта сцяг савецкай рэспублікі. Я не спрачаюся: мы зараз незалежныя, так. Але, напрыклад, я ў душы вельмі баюся, каб мы не патрапілі пад Расею. Я на самой справе баюся, каб не паўтарылася сітуацыя Савецкага Саюза.

Расея вельмі вялікая і нахабная, і я баюся, што наша маленькая краіна проста не вытрымае гэтага прыгнёту, з якім з нашымі людзьмі супрацьстаяць надзвычай складана. Вядома, я вельмі хачу, каб у нас была незалежная, свабодная краіна. Чаму тыя ж літоўцы, латышы, эстонцы, у якіх дзяржавы яшчэ меншыя, сапраўды незалежныя, гавораць на сваіх родных мовах? Я гэтага таксама вельмі хачу.


— Вы асабіста адчуваеце падзел у грамадстве на «чэсных» і «нячэсных»?
— Такое сапраўды ёсць. Калі казаць, напрыклад, пра нашага знакамітага Васіля Быкава, якога я вельмі люблю як пісьменніка, то яго фактычна нідзе няма!

Мая мама да гэтага часу не можа супакоіцца: як гэта ў нас у Менску няма вуліцы Быкава? Ёсць, кажа, бульвар Мулявіна, але хіба яго ўклад настолькі больш, чым Быкава?


Хоць, вядома, і бясспрэчны. На самой справе маем факт: чалавек прызнаны ва ўсім свеце, і каб стаўленнем да яго дэманстраваць такую непавагу да ўласнай культуры — шчыра кажучу, у галаве не ўкладваецца.

Дарэчы, я да гэтага часу не магу прывыкнуць да перайменавання праспект Машэрава: адкрываюцца іншыя вуліцы, няўжо нельга там эксперыментаваць? Навошта ламаць тое, што ўжо склалася гістарычна? Быў праспект Францыска Скарыны. Выдатны беларускі дзеяч, такая фігура, сусветная гісторыя! І куды яго перасунулі? Тая ж экскурсія замежных турыстаў: вы едзеце па праспекце Скарыны. «Хто гэта?», — пацікавяцца людзі і па крайняй меры атрымаюць адказ. А цяпер? «Вы едзеце па праспекце Незалежнасці». Хто-небудзь задасць пытанне? Пра што? Вядома, ёсць шмат момантаў, якія не падабаюцца.


— Дзякуючы брату Сяргею, каардынатару Офіса па правах людзей з інваліднасцю, вы, напэўна, мелі справу з прадстаўнікамі «трэцяга сектара». Чаму, у адрозненне ад іншых краін, беларускія ўлады, па сутнасці, ігнаруюць грамадзянскую супольнасць?
— Маё меркаванне такое: разумных людзей проста баяцца. Гэта ўжо амаль не сакрэт. Так, я маю зносіны з Аленай Танкачовай, нас сапраўды пазнаёміў Сяргей. У мяне, шчыра кажучы, быў шок, калі я патрапіла ў тое асяроддзе. Я проста сядзела, маўчала і слухала.
Перш за ўсё , я трапіла ў акружэнне неспартовае, зусім для мяне нязвыклае. І для мяне радыкальная змена становішча аказалася вельмі цікавай. Людзі выдатна ведаюць тую гісторыю, якую не выкладаюць у школах, у ВНУ — гісторыю, скажам так, сапраўдную. Нават калі я задаю Алене і яе сябрам нейкія пытанні і яны пачынаюць адказваць, мне проста падабаецца іх слухаць. Таму што яны распавядаюць такія рэчы, якіх я сапраўды не ведаю. Нават не тое што нейкія палітычныя рэчы, не. Гаворка пра Беларусь, пра нашу гісторыю, пра асобныя моманты, якія мне цікавыя, але я пра гэта нідзе не прачытаю. Магчыма, на самой справе я гэтымі тэмамі да гэтага часу асабліва не цікавілася, але цяпер прыйшлося на многае адкрыць вочы.
— Гэта значыць, пэўныя абставіны прымусілі зацікавіцца палітыкай?
— Я выдатна ведаю, якая ў краіне палітыка. Я выдатна ведаю, як ставяцца да апазіцыянераў. Я нават ведаю такую сітуацыю, што былую настаўніцу Сярожы, класную кіраўніцу, папрасілі звольніцца са школы, таму што яна нейкім чынам была звязаная з апазіцыяй.

Я лічу, што гэта так няправільна! У кожнага чалавека ёсць свой пункт гледжання, навошта кагосьці за гэта ціснуць? Так, людзі розныя, але яны не ворагі сваёй краіне! Можа, не ведаю, наверсе баяцца нейкага перавароту? Але гэта глупства! Пераварот будзе, калі людзям не даваць выказвацца.


Таму, калі я ўсё шырэй пазнаю круг зносін Сяргея, мне ўсё больш цікава адкрываць для сябе нешта новае, бо я трапляю ў зусім іншы свет. Адназначна сказаць, за што я іх паважаю, наўрад ці можна. Але для мяне гэта сапраўды людзі з нейкага іншага вымярэння. Яны сапраўды вельмі разумныя, вельмі шмат ведаюць і рэальна робяць для краіны.

svaboda.org