
Зімовыя Алімпійскія гульні–2010 за паўтара тыдні падаравалі Беларусі як гонар за поспех нашых спартоўцаў, так і горыч расчаравання ад правалу фаварыта зборнай.
Напрыканцы першага алімпійскага тыдня ўзнёслы настрой беларускім заўзятарам задалі біятланісты — адразу два медалі ў капілку нацыянальнай зборнай. І калі бронза Дар’і Домрачавай у
гонцы на 15 кіламетраў была прагназуемай, бо спартоўка планамерна ішла да перамогі, то срэбра Сяргея Новікава сарвала воклічы захаплення ад нечаканага поспеху.
З Сяргеем акурат той выпадак, калі спартовец нечакана «выстрэльвае» ў яблычак і для заўзятараў, і для самога сябе. Ужо пасля «срэбнага фінішу» біятланіст,
які да Алімпіяды падымаўся толькі да дзевятага месца ў гонцы з масавага старту на этапе Кубка свету, прызнаўся, што «сам да канца не ўсведамляе таго шчасця, якое на яго звалілася».
Хаця будзе крывадушшам сказаць, што поспех Новікава выпадковы — рыхтаваўся, спадзяваўся. Хіба што не быў у фаварытах у букмекераў. Да слова, апошні раз на п’едэстал пасля біятлоннай
гонкі беларускія спартоўцы падымаліся 12 гадоў таму на Алімпіядзе ў Нагана, калі бронзавы медаль у гонцы на 20 кіламетраў выйграў Аляксей Айдараў. Чатырма гадамі раней «срэбра» ў
спрынце заваявала Святлана Парамыгіна.
А вось раніца 23 лютага для тых, хто «хварэе» за беларускую зборную, пачалася з кепскіх вестак. Лідэр каманды фрыстайлістаў Антон Кушнір, з якім і звязвалі надзеі на трэці
алімпійскі кругляш, нечакана не здолеў прайсці праз пратакольныя кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы сярод мужчын. Котка якога колеру перабегла ў той дзень дарогу спартоўцу —
невядома. Але ўладальнік малога крыштальнага глобуса гэтага сезону «заваліў» прызямленне ў другім скачку. Спартовыя аглядальнікі з горыччу адзначалі чыстую тэхніку выкання скачкоў і
строгасць суддзяў, якія прапусцілі ў фінал кітайскага фрыстайліста Лю Чжунцына, што таксама «змазаў» прызямленне ў другой спробе. Судзіцца з рашэннем арбітраў Беларусь не стала,
хаця іх прынцыповасць і пазбавіла айчынную каманду фрыстайлістаў аднаго з мацнейшых «штыкоў».
Пазней галоўны трэнер зборнай Беларусі Мікалай Казека зазначыў: «Улічваючы высокую адзнаку за першы скачок, пры больш добразычлівым судзействе Антон мог разлічваць на траплянне ў фінал, бо
сам скачок быў правільны, і пры прызямленні не было відавочнага перакруту, яно было, што называецца, «побач». І «дыяпазон прабачэння» дазваляў арбітрам зменшыць
Антону менш балаў, як яны гэта зрабілі ў выпадку з тым жа кітайцам Лю Чжунцынам. Але каму патрэбны ў фінале відавочны прэтэндэнт на золата?»
Сам Антон пасля няўдалай кваліфікацыі змог толькі сказаць: «Што тут каментаваць!» Многа гаварылася пра тое, што спартоўца падвяла ўласная самаўпэўненасць у перамозе, маладосць, але
хацелася б зазначыць, што нават з такім паваротам падзей фрыстайліст застаецца ў фаварытах беларускіх заўзятараў — і за спартовыя дасягненні, і з чалавечага разумення, што Алімпіяда
— справа непрадказальная.
Зрэшты, ёсць чаму і радавацца і за каго перажываць: у фінал спаборніцтваў па фрыстайлу прайшлі адразу пяцёра нашых спартоўцаў. Два з іх — прызёры Алімпійскіх гульняў — Дзмітрый
Дашчынскі і Аляксей Грышын, а таксама Цімафей Слівец. У жаночым турніры працягнуць барацьбу за медалі ад Беларусі Ала Цупер і Асоль Слівец.
Не абышлося і без скандалу. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Захараў пасля таго, як беларускія хакеісты не прайшлі ў чвэрцьфінал Алімпіяды, заявіў, што гульнёй каманды задаволены, а беларусы
стануць адкрыццём чэмпіянату свету–2010. Яно б і правільна для падтрымкі баявога духу. Але далейшыя пасажы трэнера годныя хіба што для размоў тэт-а-тэт, але ніяк не на публіцы асобе, што
трэніруе і фактычна прадстаўляе нацыянальную каманду.
«На Алімпіядзе хварэю толькі за Расію. Я сам адтуль (Захараў нарадзіўся ў Казахстане), гуляў у свой час за зборную СССР. Трэба ўсім даказаць, што наш хакей самы найлепшы ў свеце. Усе
расійскія трэнеры — мае сябры. Расія нам заўсёды дапамагае ў футболе. А ў канадцаў зусім не працуе галава, у іх мазгоў не хапае. Яны нават каляндар не змаглі нармальна скласці. Думалі, яны
будуць першыя, а ў выніку самі трапілі ў гэта г... Буду вельмі рады, калі яны прайграюць. Буду самым шчаслівым чалавекам на Зямлі», — падзяліўся сваімі спадзяваннямі Захараў.
У аматараў беларускага яёсць прэтэнзіі да стылю нашай зборнай, цяпер з’явіліся падставы не прымаць кандыдатуру трэнера і з маральна-этычных меркаванняў. «Пасля Захарава і канадзец
Глен Хэнлан (папярэдні трэнер нацыянальнай зборнай) падаецца добрым варыянтам», — такія ацэнкі Захараў атрымаў па выніках сваёй працы.
Зборная Беларусі па хакеі ў трэці раз удзельнічала ў фінальным турніры Алімпіяды. У 1998 годзе каманда Анатоля Варывончыка ўвайшла ў васьмёрку лепшых, а ў 2002-м пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова
трапіла ў паўфінал. Цяперашні турнір стаў горшым у найноўшай гісторыі нашай каманды. Праўда, на Алімпіяду 2006 года зборная Беларусі не патрапіла ўвогуле. Тады камандай таксама кіраваў Міхаіл
Захараў. Гавораць, што ён — пратэжэ кіраўніка дзяржавы. А ў нас, як вядома, калі пачынаюць нешта рэгуляваць ды занадта імпэтна падтрымліваць «зверху», дабра не чакай.
Спорт, незалежна ад таго, любім мы яго ці не, аб’ядноўвае нацыю і надае нам гонару. Пазалетась Беларусь хадзіла апантаная феноменам БАТЭ, Алімпійскія гульні падаграваюць цікавасць да спорту
і нацыянальных перамог нават у тых, хто ў паўсядзёнцы за ім не сочыць. І недарэчнымі падаюцца заявы тых, хто не лічыць беларускіх спартоўцаў такімі, маўляў, не пад тым сцягам выступаюць. Прэстыж
сённяшняй спартовай Беларусі нікуды ад яе не дзенецца і праз гады, як ніхто не стане сёння аспрэчваць беларускасць Вольгі Корбут, Аляксандра Мядзведзя, Уладзіміра Парфяновіча —
алімпійскіх чэмпіёнаў савецкага часу.