Ці прыме генпракурор грамадзянаў, якія апякуюцца Курапатамі?

4 верасня актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” звярнуліся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка з просьбай аб прыёме. 



kurapaty_hp_4_9_15_1_logo.jpg

Сярод падпісантаў заявы — культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг Вінцук Вячорка, археолаг Валянціна Вяргей, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкула.

У заяве, між іншым, распавядаецца, што 4 снежня 2014 года грамадзяне звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці адпаведную праверку і ўзбудзіць крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Бяздзейнасць службовай асобы”), альбо іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу ў адносінах да службовых асобаў, якія не выканалі прадстаўленне Генпракуратуры № 0703-05д-18745 “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць”, накіраванае Мінскаму аблвыканкаму 27 лістапада 2012 года.

Гэтае прадстаўленне было вынесена ў сувязі з тым, што пад час будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-­хол” СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” з іх заходнягя боку шэраг новых аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

Зварот грамадзянаў ад 4 снежня быў выкліканы тым, што на выкананне прадстаўлення Генпракуратуры Мінаблвыканкаму быў дадзены адзін месяц, аднак і праз 24 месяцы прадстаўленне не было выканана. Пра гэта сведчыў той факт, што на момант звароту на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў знаходзіліся аб’екты, незаконнае і самавольнае ўзведзенне якіх стала прычынай вынясення Генпракуратурай яе прадстаўлення.

Аднак адказы супрацоўнікаў Генпракуратуры В.Д. Клімава ад 24.12.2014 г., А.М.Лашына ад 10.02.2015 г. і 10.03.2015 г. сведчаць пра тое, што зварот грамадзянаў так і застаўся неразгледжаным па сутнасці.

23 красавіка 2015 г. грамадскія актывісты звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку наконт узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м км. МКАД аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць.

Аднак адказы супрацоўнікаў Генпракуратуры Д.Р.Васілевіча ад 11.05.2015 г, В.Д.Клімава ад 01.07.2015 г. і А.М.Лашына ад 17.08.2015 г. сведчаць пра тое. што і гэты зварот грамадзянаў застаўся неразгледжаным па сутнасці.

Заяўнікі лічаць, што Генеральная пракуратура двойчы парушыла  канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманне адказаў па сутнасці пастаўленых пытанняў.

На падставе выкладзенаага заяўнікі просяць Аляксандра Канюка прыняць іх у дзень асабістага прыёму грамадзянаў 10 верасня ці ў любы іншы дзень.