Абскарджана пастанова суду, што падтрымаў забарону пікетавання каля Курапатаў

Сёння, 3 верасня, у Мінскі гарадскі суд накіраваная касацыйнай скарга на пастанову суддзі суду Фрунзенскага раёна сталіцы Аляксандра Кузьміча, які 20 ліпеня адмовіў грамадзянам у задавальненні іх скаргі на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкама і ягонага старшыні Пятра Ярмаша.



kurapaty_mrv_mhs_kasacyja_1_logo.jpg

Нагадаем, што 20 траўня актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты у абарону Курапатаў” звярнуліся да Пятра Ярмаша з заявамі на правядзенне пікетавання для прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення ў непасрэднай блізкасці ад урочышча аб'екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. Пад час пікетавання, запланаванага на 4 чэрвеня ў Мінскім раёне каля ўваходаў ў “Бульбаш-хол” і гіпермаркет “Бігз” на рынку “Экспабэл”, меркавалася выкарыстаць лозунгі наступнага зместу: “Бульбаш-хол” — здзек з Курапатаў!”, “БелРэстІнвест” — прэч ад Курапатаў!”, “Беларусы, абаронім Курапаты ад знявагі!”, “Курапаты — месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў“ і “Не — гулянкам і вяселлям ля Курапатаў!”.

Аднак Пётр Ярмаш забараніў правядзенне пікетавання сваім распараджэннем ад 29 траўня, якое грамадзяне атрымалі толькі ў дзень запланаванай акцыі — 4 траўня.

Вось чаму заяўнікі пікетавання каля “Бульбаш-холу” — грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і філолаг Вінцук Вячорка, а таксама аўтар гэтага артыкулу абскардзілі распараджэнне старшыні Мінрайвыканкама ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, які стаў на бок чынавенства.

Паколькі грамадзяне лічаць пастанову суддзі Аляксандра Кузьміча незаконнай і неабгрунтаванай, яны накіравалі ў Мінгарсуд касацыйную скаргу.

У ёй, між іншым, адзначаецца, што згодна матывіровачнай часткі пастановы суду, заяўнікам адмоўлена ў задавальненні скаргі ў сувязі з тым, што грамадзянамі “не былі выкананыя патрабаванні рашэння Мінскага райвыканкама №6557 ад 28.09.2012 г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне”, а менавіта “ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт не былі пададзеныя копіі дамоў, заключаных з арганізацыямі, што аказваюць паслугі, звязаныя з аховай грамадскага парадку, медычным абслугоўваннем, пажарнай бяспекай”.

Заяўнікі звярнулі увагу, што Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”(далей — Закон) не прадугледжана папярэдняе заключэнне дамоў па аказанню паслуг, звязаных з аховай грамадскага парадку, медычным абслугоўваннем і пажарнай бяспекай. Згодна з прэамбулай гэтага Закону, менавіта ён “усталёўвае парадак арганізацыі і правядзення ў Рэспубліцы Беларусь сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання і іншых масавых мерапрыемстваў і накіраваны на стварэнне ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забеспячэнне грамадскай бяспекі і парадку пры правядзенні гэтых мерапрыемстваў на вуліцах, плошчах і ў іншых грамадскіх месцах”.

Згодна арт.10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, законы маюць большую юрыдычную сілу ў адносінах да нарматыўных прававых актаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Такім чынам, Закон мае большую юрыдычную сілу, чым рашэнне Мінскага райвыканкама №6557 ад 28.09.2012 г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне”, зазначаецца ў скарзе.

Яе аўтары нагадалі, што згодна арт. 5 Закона, да заявы на правядзенне масавага мерапрыемства прыкладаецца пісьмовае абавязацельства арганізатараў пікетавання па арганізацыі і правядзенню акцыі. У сваім пісьмовым абавязацельстве ад 20 мая заяўнікі, у тым ліку, пагадзіліся, “па неабходнасці, аплаціць паслугі па ахове грамадскага парадку, медычнаму абслугоўванню і прыборцы тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства”. “Такім чынам, мы выканалі патрабаванне Закону аб наяўнасці абавязацельства пры падачы заявы на масавае мерапрыемства, чым усклалі на сябе абавязацельства аплаты адпаведных паслуг”, — гаворыцца ў скарзе.

Яе аўтары падкрэслілі, што непрадугледжанае Законам патрабаванне Мінскага райвыканкама аб папярэднім заключэнні дамоў заяўнікаў пікетавання з арганізацыямі, што аказваюць паслугі па ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні і пажарнай бяспецы, ставіць арганізатараў акцыі ў залежнасць ад рашэнняў кіраўніцтва дзяржаўных структур і, тым самым, стварае перашкоды па рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на правядзенне масавага мерапрыемства і свабоду выказвання свайго меркавання.

У матывіровачнай частцы пастановы суд указаў: не з’яўляецца падставай для задавальнення скаргі заяўнікаў і той факт, што адказ старшыні Мінрайвыканкаму П.А. Ярмаша на заяву аб дазволе на пікетаванне грамадзяне атрымалі толькі ў дзень ягонага правядзення, а не пазней чым за пяць дзён, як таго патрабуе арт. 6 Закону. Сваю выснову суддзя Аляксандр Кузьміч зрабіў на падставе таго, што “праверыць суду факт своечасовасці накіравання ў адрас заяўнікаў копіі распараджэння старшыні Мінскага райвыканкама ад 29 мая 2015 году не падалося магчымым, паколькі ў Мінскім райвыканкаме не прадугледжана вядзенне рэестру ўліку адпраўленай карэспандэнцыі”, — распавядаецца ў скарзе.

Аднак яе аўтары звяртаюць увагу на тое, што згодна арт. 339 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей — ГПК), “дзяржаўныя органы, арганізацыі і службовыя асобы абавязаны падаваць суду матэрыялы, што паслужылі падставай для адпаведных дзеянняў (бяздзеяння)”, Такім чынам, Мінскім райвыканкам і ягоны кіраўнік павінны былі падаваць доказы аб своечасовасці накіравання адказу на заяву грамадзян аб дазволе на пікетаванне, падкрэсліваецца ў скарзе. На меркаванне яе аўтараў, суд нематывавана праігнараваў іхнія доказы, што Мінрайвыканкам несваечасова накіраваў адказ на заяву. Такім неабвержным доказам грамадзяне лічаць канверт з пазначанымі на паштовых штэмпелях датамі адпраўкі і атрымання копіі распараджэння старшыні Мінрайвыканкаму.

Заяўнікі нагадваюць, што права на правядзенне масавага мерапрыемства і свабоду выказвання свайго меркавання прадстаўлена грамадзянам артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

На падставе выкладзенага заяўнікі просяць Мінгарсуд адмяніць рашэнне суддзі суду Фрунзенскага раёну Мінска Аляксандра Кузьміча ад 20 ліпеня па скарзе грамадзян на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, вынесці новую пастанову і абавязаць чынавенства даць дазвол грамадскім актывістам на правядзенне пікетавання.