Пахаванне Уладзіміра Кішкурны адбудзецца 5 верасня
5 верасня на могілках вёскі Строчыцы Мінскага раёна адбудзецца пахаванне выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Уладзіміра Кішкурны.
Ён адышоў у лепшы свет раніцай 4 верасня ў аддзяленні рэанімацыі Івацэвіцкага цэнтральнага раённага шпіталя (Брэсцкая вобласць), куды быў дастаўлены 2 верасня пасля дарожна-транспартнага здарэння.
Развітанне з Уладзімірам Кішкурнай адбудзецца 5 верасня з 11.00 да 12.00 на ягонай прыватнай сядзібе ў Мінску па Сморгаўскаму праезду, 3 (прыпынак тралейбуса “Кіеўскі сквер” на вул. Арлоўскай).
Нагадаем, што раніцай 2 верасня на сваім легкавіку 77-гадовы Уладзімір Кішкурна, які два гады таму перанёс інфаркт, выехаў з Мінска на лячэнне ў санаторый “Белая вежа”, што знаходзіцца ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.
Дзесьці каля 14 гадзінаў на вялікай хуткасці аўтамабіль спадара Уладзіміра ўехаў у грузавік, які рухаўся ў спадарожным напрамку з хуткасцю 70 км. у гадзіну. ДТЗ адбылося на аўтамагістралі Мінск—Брэст у 10 км. на паўднёвы захад ад Івацэвічаў з той прычыны, што падчас кіравання аўтамабілем Уладзіміру Кішкурну стала кепска. Нягледзячы на тое, што спрацавалі падушкі бяспекі, кіроўца атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні лёгкіх і печані. Пасля аперацыі спадар Уладзімір быў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ сябра Уладзіміра Кішкурны Вінцук Вячорка адзначыў, што ягоны паплечнік быў таленавітым, прыгожым, шчырым, надзейным і адважным чалавекам:
“Нават цяжка ўявіць беларускую справу і справу беларускай свабоды, да якой бы не меў дачыненне Уладзімір Кішкурна. Ён ведаў напэўна ўсіх вольнамыслячых людзей па ўсёй Беларусі. І шмат чаго практычна, як мала хто, зрабіў для Беларусі, у тым ліку дзеля Курапатаў, падтрымкі кантактаў Мінска з рэгіёнамі і друкавання незалежнай прэсы.
Ён усёй душой ненавідзеў усякі таталітарызм — сталінскі і гітлераўскі, бо дзіцячай памяццю памятаў іх і страхі сваёй сям’і пад час Другой сусветнай вайны і пасля яе, Ён арганічна не прымаў таталітарызм і марыў пра незалежную і свабодную Беларусь. Таму Курапаты былі для яго вельмі важнай мясцінай. Апошнім часам спадар Уладзімір паставіў ва ўрочышчы мемарыяльны знак сваім дзядзькам — ахвярам сталінізму, упарадкоўваў народны мемарыял, арганізоўваў талокі дзеля высаджвання дэкаратыўных раслінаў і санітарнай ачысткі курапацкага лесу, заўсёды ўсіх падганяў у справе аховы і добраўпарадкавання нацыянальнага некропалю, актыўна дапамагаў усім ягоным рупліўцам.
Дарэчы, і пра гэта мала хто ведае, Уладзімір Кішкурна быў галоўным маторам славутай абароны Курапатаў ад знішчэння пад выглядам пашырэння Мінскай кальцавой аўтадарогі ў 2001–2002 гадах. Менавіта спадар Уладзімір забяспечваў удзельнікаў маладзёвага намётавага лагера ва ўрочышчы ўсім неабходным, у тым ліку намётамі і харчаваннем. Спадзяюся, што абаронцы Курапатаў гэта не забылі.
Мне давялося правесці з ім пару тыдняў у вязніцы і хачу сказаць, што сваім аптымізмам і энергіяй Уладзімір натхняў мяне і ўсю камеру. Шмат гадоў на ягонай сядзібе размяшчалася памнажальная тэхніка для друкавання ўлётак, якія неслі людзям праўду пра беларускае жыццё. Ён адважна выходзіў на любыя акцыі пратэсту і дэманстрацыі ў абарону волі, незалежнасці і дэмакратым. І ягоная прыгожая постаць натхняла іншых. Апроч таго, інжынер па адукацыі, ён быў вельмі творчы чалавек, за выдатны спеўны голас яго бралі па конкурсе ў тэатр аперэты. Пры гэтым быў не пыхлівым, а вельмі сціплым чалавекам, заўжды гатовым брацца за любую чарнавую працу. І калі б усе людзі ў нашым народзе былі такія, мы, даль Бог, многіх бедаў не ведалі. І бяда, што мы страцілі Уладзіміра Кішкурну”, — сказаў Вінцук Вячорка.