Cтвораны Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паўстала навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”. Стварэнне такой структуры звязана з неабходнасцю сістэматычнага збірання дакументаў, друкаў, артэфактаў, што ствараліся і ствараюцца беларусамі па-за межамі метраполіі.
Калі раней функцыі такога збірання ў пэўнай ступені выконвалі эміграцыйныя ўстановы на Захадзе, як, прыкладам, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане, або Цэнтр Ф. Скарыны ў Мінску, дык цяпер, з пашырэннем геаграфіі беларускіх дыяспар, сістэматычнага мэтанакіраванага збірання даробку замежных суайчыннікаў не вядзецца. У выніку, каштоўная частка беларускай культурнай спадчыны губляецца для сучасных і будучых даследчыкаў.
Лёсы архіваў беларускіх дзеячаў і арганізацый у замежжы — складаная, а часам і трагічная старонка айчыннай гісторыі. Можна прывесці дзясяткі прыкладаў знікнення ці нават свядомага знішчэння каштоўных збораў нашчадкамі або нейкімі структурамі. Разам з тымі дакументамі знікае вялікі пласт інфармацыі і сам даробак суродзічаў за мяжой. Яны застаюцца нябачнымі і для даследчыкаў, і, як вынік, для шэраговых суайчыннікаў.
Паводле задумы, новы Цэнтр прызначаны для садзейнічання выяўленню, захаванню, апісанню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага замежжа на базе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літататуры і мастацтва.
Варта адзначыць, што ў БДАМЛіМ на працягу апошніх дзесяцігоддзяў ужо ішло паступовае збіранне замежнай беларусікі. Свае архіўныя зборы сюды перадалі вядомыя дзеячы замежжа Масей Сяднёў, Алесь Алехнік, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель. Нядаўна ў архіў была перададзеныя вялікая калекцыя дакументаў згаданага ўжо вышэй Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Такім чынам, новаствораны Цэнтр мае добрую базу для сваёй дзейнасці.
Сярод задач Цэнтра можна адзначыць выяўленне беларускіх дакументаў у замежных архівах, музеях і бібліятэках, зборах арганізацый беларускага замежжа, а таксама прыватных асобаў; арганізацыю камплектавання і стварэнне архіўных фондаў беларускіх грамадска-культурных арганізацый замежжа і дзечаў беларускіх дыяспар у складзе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва; навуковае апісанне дакументальнай спадчыны беларускага замежжа; спрыянне яе навуковаму вывучэнню; папулярызацыя ў беларускім грамадстве ведаў пра дзейнасць за мяжой беларускіх арганізацый, выдатных асобаў беларускага паходжання. Мяркуецца ажыццяўляць кансультаванне зацікаўленых асобаў па пытаннях захавання і вывучэння дакументаў, публікацыю матэрыялаў на падставе сабраных архіваў.
Сёння надзвычай важным ёсць збіранне дакументаў і друкаў дзеючых арганізацый і суполак, а таксама захаванне архіваў дзеячаў далёкага і блізкага замежжа. Таму Цэнтр спадзяецца наладзіць цеснае супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі як за мяжой, так і ў Беларусі, каб не даць знікнуць багатай спадчыне беларускага замежжа.
У справе супрацоўніцтва па пытаннях, звязаных з захаваннем і вывучэннем замежнай беларусікі, можна звяртацца да дырэктара БДАМЛіМ Ганны Запартыкі або гісторыка Наталлі Гардзіенкі.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
Сайт: http://bdamlm.by/
Адрас: Мінск, вул. Кірыла і Мефодыя, 4.
Тэл.: +375(17)3274781.
E-mail: bdamlim@tut.by; nhardzijenka@gmail.com.