Чаму хворых на рэўматоідны артрыт лечаць побач з хворымі на пнеўманію?

У Слуцку пачасціліся выпадкі, калі хворыя, нягледзячы на абвастрэнне рэўматоіднага артрыту, адмаўляюцца ад шпіталізацыі. Яны баяцца падчапіць бранхіт альбо ў пнеўманію ў пульманалагічным аддзяленні, дзе яны павінны праходзіць лячэнне.

35473558_c175_40cd_a6ce_c493c9b40e01.jpg


Складваецца парадаксальная сітуацыя: рэўматоідны артрыт лечыцца імунадэпрэсантамі, якія аслабляюць імунную сістэму, а на стацыянарнае лячэнне такіх хворых кладуць побач з пацыентамі з інфекцыйнымі захворваннямі лёгкіх і бронхаў.
Рэўматоідны артрыт страшны тым, што прычыны яго ўзнікнення да гэтага часу невядомыя, а вылечыць яго практычна немагчыма. Без правільнага лячэння хворы хутка становіцца інвалідам з абмежаванай здольнасцю да перасоўвання.
Імунная сістэма захварэўшага чалавека раптоўна пачынае ўспрымаць свае клеткі, органы і тканіны як чужыя. Замест таго, каб ваяваць з бактэрыямі і вірусамі, імунітэт пачынае знішчаць суставы, пазваночнік, унутраныя органы. Чалавек не можа ўстаць з ложка, сесці на гаршчок, апрануцца…
Пры гэтым ніхто — ні дарослы, ні дзіця — не застрахаваны ад развіцця рэўматоіднага артрыту. Мы не ведаем нашу генетычную схільнасць.
Самая вялікая праблема ў жыцці чалавека, які пакутуе на РА — знайсці добрага лекара. Чым далей ад сталіцы жыве чалавек, тым цяжэй яму змагацца з гэтым страшным захворваннем. Па-першае, каб пачаць змагацца, патрэбна своечасова паставіць правільны дыягназ. На базе раённых паліклінік зрабіць гэта практычна немагчыма.
Случчанка Зінаіда Цімошак, якая пакутуе на гэтую хваробу больш за 6 гадоў, распавяла, што дыягназ паставіла самастойна — пасля вывучэння сімптомаў у інтэрнэце і платнага аналізу крыві.
Я цягам 8 месяцаў хадзіла па кабінетах слуцкай паліклінікі, — гаворыць жанчына. — Дактары рознага профілю аглядалі мяне, знаходзілі хваробы па сваім профілі і прызначалі лячэнне. Неўрапатолаг знайшоў «сіндром Мортана», траўматолаг — плоскаступнёвасць, тэрапеўт — артроз, псіханеўролаг — неўроз і гэтак далей. Ляжала ў бальніцах, калолі ўколы. А хвароба прагрэсіравала. І толькі пасля аналізу ў дыягнастычнай лабараторыі «Сінлаб» была накіравана ў рэўматалагічнае аддзяленне Мінскай абласной клінічнай бальніцы, дзе ўжо і паставілі канчатковы дыягназ, на некаторы час затармазілі захворванне і назначылі базісны прэпарат «метатрэксат».
Аднак, патрапіць на комплекснае лячэнне да прафесіянальных дактароў-рэўматалогаў у абласную бальніцу з кожным годам становіцца ўсё цяжэй.

addzjalenne_005_logo.jpg


Па-першае, запісвацца на кансультацыю трэба за некалькі месяцаў наперад. Па-другое, у бальніцы ўжо некалькі гадоў вядзецца капітальны рамонт і рэўматалагічнае аддзяленне страціла сваё памяшканне. Прытулак для аддзялення быў знойдзены ў пульманалагічным аддзяленні, што вельмі не падабаецца ні самім дактарам, ні хворым людзям.
— Хворыя на рэўматоідны артрыт прымаюць імунадэпрэсанты, і вельмі лёгка падхопліваюць розныя інфекцыйныя захворванні, — працягвае распавядаць патэнцыяльная пацыентка. — У пульманалагічнае аддзяленне абласной бальніцы трапляюць людзі з захворваннямі бронхаў і лёгкіх, якія не паддаліся лячэнню на рэгіянальным узроўні. Уявіце сабе псіхалагічны стан пацыента, якому доктар гаворыць: «Я вас магу пакласці ў аддзяленне, але вы можаце захварэць на пнеўманію». Такое ж становішча і ў Слуцкай раённай бальніцы. Койкі для рэўмахворых таксама месцяцца ў пульманалагічным аддзяленні. Прыходзіцца займацца самалячэннем у хатніх умовах, пакутаваць ад болю і марыць аб эўтаназіі.

Каб змяніць сітуацыю, якая склалася з рамонтам рэўматалагічнага аддзялення ў Мінскай абласной бальніцы і дзіўным лячэннем у пульманалогіі, Зінаіда Цімошак у канцы лістапада звярнулася ў Міністэрства аховы здароўя. У пачатку студзеня атрымала пазітыўны адказ з упраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама. У ім гаворыцца, што «ў цяперашні час рэўматалагічнае аддзяленне размешчана на тэрыторыі ўжо адрамантаванага аддзялення алергалогіі», а таксама паабяцана павялічэнне ложкавага фонду пасля заканчэння рамонту.


— У некаторых выпадках дзейнічае прынцып: «Хворы, дапамажы сабе сам», — пасміхаецца грамадская актывістка. — Толькі дзіўна, што прыходзіцца выконваць работу саміх дактароў і загадчыкаў аддзяленняў, якія павінны разумець, дзе нельга лячыць хворых асобнай катэгорыіі.
Дарэчы, ва ўсім свеце і ў нашай краіне ад гэтай хваробы існуюць біялагічныя лекі, што ў хуткія тэрміны паляпшаюць становішча людзей, якія не паддаюцца лячэнню хімічнымі базіснымі прэпаратамі і гармонамі. Толькі простаму беларусу яны не па кішэні, бо курс лячэння толькі на адзін год каштуе каля 15 тысяч еўра. У многіх развітых еўрапейскіх краінах існуюць адмысловыя праграмы для лячэння такіх хворых, якім не дапамаюць хімічныя імунадэпрэсанты. Застаецца толькі чакаць, калі наша краіна ўрэшце разбагацее і зверне ўвагу на гэтую хваробу, альбо рэфармуе ўсю сферу аховы здароўя. Пакуль жа пасля пастаноўкі дыягназу ў айчынных лякарнях хворым на рэўматоідны артрыт выпісваюць бясплатны айчынны «метатрэксат». Дактары ж рэспубліканскага рэўматалагічнага цэнтра раяць купляць за грошы аўстрыйскі прэпарат, бо ён больш ачышчаны і не так губіць печань.
Пасля атрымання пазітыўнага адказу з Мінскага аблвыканкаму Зінаіда Цімошак спадзяецца вырашыць пытанне аб бяспечным лячэнні хворых на рэўматаідны артрыт таксама і ў Слуцкай бальніцы.