Чаму Лукашэнка не бярэ прыклад з Трампа і не ідзе ў сацыяльныя сеткі?

Кіраўнік дзяржавы анансаваў серыю сваіх сустрэч з прадстаўнікамі новага пакалення, але не выявіў жадання заводзіць старонку ў Instagram. Чым тлумачацца гэтыя супрацьлеглыя памкненні?

soc_1.jpg

Быкоўскі: У Лукашэнкі не ўзнікае патрэбы дадаткова мець зносіны, адстойваць сваю пазіцыю

На сустрэчы з моладдзю Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант ужо даўно прапаноўвае адкрыць старонку ў якой-небудзь сацыяльнай сетцы, у тым ліку ў Instagram. Але ён не хоча гэтага рабіць, бо не можа асабіста адказваць на ўсе пытанні.
Гэта тлумачэнне выглядае некалькі дзіўным. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі адзначае, што ў іншых краінах усё часцей кіраўнікі дзяржаў маюць акаўнты у сацыяльных сетках. І вядуць іх прэс-службы альбо іншыя прызначаныя спецыялісты.
Адзін з самых яркіх прыкладаў — дзеянні Дональда Трампа ў ЗША. Ён выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, каб выступаць перад шырокай аўдыторыяй без пасярэднікаў у выглядзе не заўсёды лаяльных СМІ.
— У выпадку Трампа гэта працуе, — кажа Паўлюк Быкоўскі.

У ліпені 2017 года беларуска Вікторыя Рачыцкая-Карылет апублікавала ў Instagram першае вядомае ў гісторыі сэлфі з Аляксандрам Лукашэнкам. Але з-за каментароў неўзабаве выдаліла яго і закрыла свой профіль

У ліпені 2017 года беларуска Вікторыя Рачыцкая-Карылет апублікавала ў Instagram першае вядомае ў гісторыі сэлфі з Аляксандрам Лукашэнкам. Але з-за каментароў неўзабаве выдаліла яго і закрыла свой профіль

Што ж на самай справе спыняе кіраўніка Беларусі ад падобнага кроку? Медыяэксперт называе магчымыя прычыны.
— Хутчэй за ўсё, усё ўпіраецца ў тое, што ў яго няма асабістай патрэбы ў гэтым. Аляксандр Лукашэнка належыць да пакалення, якое прызвычаілася спажываць інфармацыю яшчэ да наступлення эры інтэрнэту. Ён досыць даўно выпаў са звычайнага жыцця ў жыццё буйнога чыноўніка, і зараз яму зручней глядзець спецыяльна падрыхтаваныя для яго вытрымкі з матэрыялаў прэсы. А дадаткова мець зносіны, адстойваць сваю пазіцыю ў яго патрэбы не ўзнікае, — лічыць Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі. Фота: mediakritika.by

Паўлюк Быкоўскі. Фота: mediakritika.by

Разам з тым нельга казаць, што кіраўнік Беларусі недаацэньвае сілу сацыяльных сетак, адзначае медыяэксперт. Інакш міністэрствы і ведамствы не звярталі б такую вялікую ўвагу на інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
Дадамо, што ў лютым міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што акцэнт у рабоце Мінінфарма у 2018 годзе будзе зроблены на інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, акаўнты, якія даводзяць інфармацыю да спажыўца.

Нікалюк: У маладзёжным асяроддзі не відаць пратэсту

Моладзь у апошні час не давала падстаў казаць пра сябе з палітычнага пункту гледжання, лічыць сацыёлаг Сяргей Нікалюк.
— Наколькі моладзь сёння лаяльная да Лукашэнкі? Складанае пытанне, — кажа эксперт. — З лета 2016 года мы не маем незалежнай сацыялогіі. З іншага боку, не відаць нейкага пратэсту ў маладзёжным асяроддзі. Часта студэнцтва з’яўляецца самай апазіцыйна настроенай групай у дзяржаве, але сёння ў Беларусі ў гэтым асяроддзі не зафіксавана нават нейкіх мікрапрацэсаў.
У цэлым беларускае грамадства знаходзіцца ў стане палітычнай апатыі, і вылучаць асобныя групы, якія больш гатовыя да пратэсту, не даводзіцца, канстатуе Сяргей Нікалюк.
Суразмоўца таксама дадае, што грамадства пераходзіць ва ўзбуджаны стан і ініцыюе змены ў сітуацыі, калі ранейшая сістэма вычарпала свой рэсурс.
— Цяперашняя беларуская мадэль свой пік прайшла, што фіксуюць і эканамічныя паказчыкі. Але прайсці пік яшчэ не азначае вычарпаць свой рэсурс, — мяркуе сацыёлаг.
Паводле Заўтра тваёй краіны