Чарнобыльскую зону адчужэння адкрылі для турыстаў

Сёння ў свеце ўсё менш месцаў, куды патрапіць складана ці немагчыма. Чарнобыльская АЭС адкрыла для турыстаў некалькі новых аб'ектаў, доступ на якія раней быў абмежаваны.

Сэрца найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы, як магніт, прыцягвае экстрэмалаў з усяго свету. Паглядзець на «мёртвыя» землі можна і ў Беларусі. Зону адчужэння з нашага боку адкрылі для наведвання. Ці так вольны доступ, і што можна ўбачыць у свеце, дзе прырода ўзяла сваё?
Няўжо зона гатовая адкрыць свае таямніцы? Тое, што яшчэ пару гадоў таму здавалася неймаверным, сёння цалкам укладваецца ў рамкі афіцыйнай экскурсіі. З гідам, як мае быць. Арыентыровачна, для групы з пяці чалавек, экскурсія каштуе ў межах 340 рублёў. Няўжо спраўдзілася мара аматараў радыяцыйнага экстрыму? Праўда, турыстычныя маршруты яшчэ толькі пракладваюць. Пакуль гэта больш падобна на эксперымент.
На што тут можна паглядзець? «Магільнікаў» тэхнікі і памерлых гарадоў, якія з'яўляюцца мэтаю «сталкераў», тут няма. А на пажарныя вышкі, адкуль можна ўбачыць тэрыторыю Чарнобыльскай станцыі, падымацца забаронена. Затое ёсць выселеныя вёскі. Мясцовы эксклюзіў.
Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік з'явіўся ўслед за Чарнобыльскай катастрофай. Яго стварылі для аховы забруджанай тэрыторыі і навуковых даследаванняў. Узровень радыяцыі на некаторых участках зашкальвае і сёння, перавышаючы дапушчальныя нормы ў сотні і нават тысячы разоў. Але такія месцы тут пад забаронай, туды турыстам не патрапіць.
Так званая «трыццацікіламетроўка» была зачынена для старонніх больш за трыццаць гадоў. Хоць жадаючыя ўбачыць «мёртвыя» землі былі заўсёды. Прыязджалі з самых розных краін. Зараз турыстам рады цалкам легальна. Першы час групы будуць адпраўляць прыкладна два разы на месяц. Масавыя экскурсіі пачнуцца пасля абкаткі галоўных маршрутаў.
ont.by