«Для Бабарыкі як высокаадукаванага чалавека гэта дзіка і дзіўна. Але пачуццё гумару ратуе»
9 чэрвеня скончылася стадыя судовага следства па крымінальнай справе ў дачыненні да топ-менеджараў «Белгазпрамбанка» і яго экс-старшыні Віктара Бабарыкі. Яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі распавёў пра тое, што адбываецца ў судзе па «справе Белгазпрамбанка», паведамляе TUT.BY.
Паводле слоў абаронцы, суд адмовіўся далучыць да
справы матэрыялы, якія даказваюць агучаныя Віктарам Бабарыкам довады пра тое,
што крымінальны пераслед у дачыненні да яго не меў на мэце раскрыцця рэальнага
злачынства, а быў накіраваны на перашкоду яму ў выказванні палітычнага
меркавання і ўдзелу ў выбарах прэзідэнта.
— Сваю пазіцыю Віктар Бабарыка, выступіўшы 6 красавіка на пасяджэнні, абгрунтаваў канкрэтнымі фактамі аб тым, што пачатак і поспехі яго выбарчай кампаніі па часе супадаюць з рэакцыяй службовых асоб і праваахоўных органаў, якая прывяла да ўзбуджэння крымінальнай справы і заключэння яго пад варту. Але доказы гэтых фактаў суд у справе бачыць не захацеў. Хоць ёсць прамая норма, якая абавязвае суд далучаць да справы матэрыялы, сабраныя абаронай.
Таксама, кажа абаронца, суд адмовіўся выклікаць на пасяджэнне двух грамадзян Латвіі, якія неаднаразова згадваюцца ў абвінавачанні як асобы, праз якіх нібыта Віктар Бабарыка здзяйсняў інкрымінуемыя дзеянні. Гаворка ідзе пра Аляксандра Ростаўса і Аляксея Сцепанаўса, якія фігуруюць у абвінаваўчым заключэнні як кіраўнікі замежных кампаній, нібыта падкантрольных Бабарыку.
— Падчас папярэдняга следства гэтыя грамадзяне дапытаныя не былі. Іх паказанняў у справе няма. Раней адмова выклікаць іх матывавалася тым, што нібыта адсутнічаюць звесткі аб іх адрасах, а таксама што нібыта прадпрымаліся меры для іх допыту шляхам накіравання просьбы аб міжнародна-прававой дапамозе. Цяпер мы ўжо ў трэці раз хадайнічалі аб выкліку гэтых людзей: мы знайшлі ў нетрах 122-х тамоў справы пашпартныя даныя і адрасы гэтых грамадзян, а таксама прывялі норму міжнароднага дагавора пра магчымасць выкліку гэтых грамадзян непасрэдна судом. І галоўнае — мы паказалі, што просьбы пра міжнародную дапамогу накіроўваліся наогул не па гэтай справе, што гэтыя просьбы накіроўваліся не судом і што ў іх пытанне пра выклік грамадзян у суд або аб уручэнні ім позвы нават не ставілася. Але выклікаць іх суд адмовіўся. Добра, што закон дазваляе нам у гэтай сітуацыі заявіць пра недаказанасць абставін, указаных у абвінавачанні ў сувязі з імёнамі гэтых грамадзян.
Таксама абароне, паводле слоў Лаеўскага, удалося далучыць да справы выключна важныя новыя доказы, сабраныя імі за межамі Беларусі.
— Гэтыя дакументы абвяргаюць ключавыя довады абвінавачання аб тым, што: 1) нібыта Віктару Бабарыку была падкантрольная латвійская кампанія, якая ўвайшла ў пачатку 2005 года ў склад удзельнікаў беларускай кампаніі, што рэалізуе сумесны праект з «Белгазпрамбанкам»; 2) нібыта дывідэнды, што паступалі ў латвійскую кампанію ад беларускай кампаніі, такім чынам былі «прынятыя» Віктарам Бабарыка ў якасці хабару. Мы паказалі, што заснавальнікам латвійскай кампаніі і чальцамі органаў яе кіравання былі суб'екты, не проста ніяк не звязаныя з Віктарам Бабарыкам, але якія нават ні разу не згадваліся нікім у гэтым крымінальным працэсе. І паказалі, што дывідэнды, якія паступаюць у латвійскую кампанію, ніякага дачынення да Віктара Бабарыкі не мелі.
Дзмітрый Лаеўскі распавёў «Радыё Свабода», што гаворка ідзе пра арыгіналы дакументаў з пячаткамі і подпісамі латвійскіх афіцыйных асоб.
— Мы дастаўляем іх у суд, і пракурор кажа: можа быць, вы знайшлі гэтыя дакументы на вуліцы. Пры гэтым абвінавачанне спасылаецца на некаторыя дакументы ў матэрыялах справы, на якіх няма ні подпісу, ні пячаткі. Гэта адзін з прыкладаў таго, што адбываецца па-за разуменнем звычайнага здаровага чалавека. Для Бабарыкі як высокаадукаванага і высокакультурнага чалавека гэта дзіка і дзіўна. Але ў яго ўсё яшчэ ёсць пачуццё гумару — і гэта ратуе.
Лаеўскі кажа, што ў боку абароны ёсць яшчэ шэраг вартых увагі фактаў на карысць невінаватасці Віктара Бабарыкі.
— Абвінавачанне зачытвалі шмат дзён, потым шмат дзён доўжыліся допыты і яшчэ больш — вывучэнне дакументаў. Усё гэта стварае ілюзію нібыта ёсць нейкае складанае злачынства і нейкія яго доказы. Мы простымі словамі патлумачым, чаму абвінавачанне беспадстаўнае.
21 чэрвеня ў 10.00 пачынаюцца судовыя спрэчкі па «справе Белгазпрамбанка».