Досвед «старой апазіцыі» цяпер вельмі запатрабаваны, — Губарэвіч

Лідар руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч рапавядае пра адносіны паміж «старой» і «новай» апазіцыяй і адказвае на пытанне «Свабоды», як сёння варта ставіцца да «канстытуцыйных» прапановаў улады

295dc164_b467_484e_a70f_b72c7edd143a_w1597_n_r0_st.jpg

— За апошнія месяцы — падчас прэзідэнцкай кампаніі і пасля — узніклі такія паняцці, як «новая апазіцыя» і «старая апазіцыя». Пры гэтым у бок «старой апазіцыі» (маючы на ўвазе зарэгістраваныя апазіцыйныя структуры) часам гучыць даволі рэзкая крытыка, некаторыя знаходзяць ёй месца выключна ў гісторыі. Ці лічыце вы такі падзел абгрунтаваным і як увогуле ставіцеся да гэтых вызначэнняў?

— Я лічу, што сёння кожны чалавек, які змагаецца за перамены, можа знайсці, дзе прыкласці свае намаганні. Гэта тычыцца як актывістаў зарэгістраваных структураў, так і кожнага грамадзяніна. Сёння асноўны акцэнт барацьбы за перамены перайшоў у сферу адказнасці кожнага чалавека. Усе тыя, хто змагаецца за перамены, знаходзяць для сябе нішу, як і дзе можна прыкласці свае намаганні — з улікам рызыкаў і ўласных магчымасцяў.

Што да саміх структураў і партыяў, — то, напэўна, у грамадстве сёння няма вялікай у іх запатрабаванасці. І раней, у час адсутнасці выбараў, яны існавалі па-за сістэмнай палітыкай, і зараз гэтыя структуры не ёсць нейкай сістэмнай часткай пратэсту. І не іх у гэтым віна. Рэжым карыстаецца старымі падыходамі, шукае лідараў, шукае структуры — што, вядома, ускладняе магчымасць палітычным структурам праяўляць сябе. Але, з іншага боку, адсутнасць арганізаваных структураў дапамагае пратэсту працягвацца ўжо чацвёрты месяц.

— Калі людзі аналізуюць першыя дні пратэстаў, калі па нядзелях на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей, — то некаторыя лічаць, што тады не хапіла палітычнага лідэрства: сітуацыя магла б скласціся па-іншаму. Ці лічыце вы, што нейкіх палітычных лідараў не хапала ў жнівеньскія і вераснёўскія дні?

— Не, я так не лічу. Людзі ведалі, што рабіць, усе гэтыя дні. Гэта і масавае назіранне, і выхад на выбарчыя ўчасткі, каб дачакацца вынікаў выбараў, што паўплывала на некаторыя камісіі, якія агучылі рэальныя вынікі. Гэта і наступныя выхады на вуліцы па ўсёй Беларусі, і масавасць пратэстаў. Наяўнасць нейкіх фармальных лідэраў наўрад ці б нешта змяніла.

— Як выглядаюць зараз адносіны і кантакты паміж «новай» і «старой» апазіцыяй? Вядома, што некаторыя актывісты зарэгістраваных партыяў зараз актыўна працуюць у камандзе Ціханоўскай…

— Час камандаў кандыдатаў застаўся ў мінулым. Сёння ідзе размова не пра тое, які з лідараў лепшы, а пра тое, як дасягнуць супольнай мэты, якая аб’ядноўвае людзей Беларусі. Гэта сыход тых, хто працягвае ўтрымліваць уладу, прайграўшы выбары, спыненне гвалту і пакаранне за яго, а таксама новыя выбары. Пасля дасягнення гэтых мэтаў, магчыма, на палітычнае поле зноў вернуцца «каманды», «кандыдаты» і гэтак далей.

— Ці магчыма цяперашнюю сітуацыю параўнаць, правесці паралелі з канцом 1980-х, калі быў адзіны масавы рух БНФ, у якім часова аб’ядналіся самыя розныя паводле перакананняў людзі?

— Натуральна, і падобныя рухі мелі ў сваёй гісторыі нашы суседзі. Можна параўнаць з «Салідарнасцю» ў Польшчы, у якой былі прыхільнікі самых розных канцэпцыяў развіцця дзяржавы, аб’яднаныя мэтай зрынання камуністычнага рэжыму. Потым ужо выхадцы з “Салідарнасці» вялі паміж сабой цывілізаваную палітычную барацьбу за перамогу сваіх прынцыпаў і права кіраваць дзяржавай. Таму тут нічога новага, такія ж падзеі былі ў гісторыі многіх краінаў, якія сталі на шлях трансфармацыі.

— «Старая апазіцыя» мае вялікі досвед змагання з цяперашнім рэжымам (дзесяцігоддзі, а не некалькі месяцаў) у самых розных фарматаў — ад выбараў да вулічнай актыўнасці і нават, як вы, напрыклад, удзел у мясцовых Саветах. Ці ёсць запатрабаванасць гэтага досведу ў «новай» апазіцыі, ці хочуць яны пачуць і ўлічваць тое, праз што вы праходзілі?

— Прадстаўнікі руху «За свабоду» і на сёння застаюцца на пярэдняй лініі змагання. Супраць нашых актывістаў узбуджаны крымінальныя справы, больш за сотню адміністрацыйна затрыманых, ідзе паляванне на нашых актывістаў, якія дапамагаюць у дваровых чатах і раённых супольнасцях. Натуральна, што калі чалавек меў досвед працяглага супрацьстаяння рэжыму — то такія актывісты робяцца нефармальнымі лідарамі ў сваіх гарадах і супольнасцях.

— Рэжым спрабуе прапанаваць варыянты нейкай канстытуцыйнай рэформы, каб супакоіць грамадства. Некаторыя з гэтых варыянтаў нібыта прадугледжваюць больш актыўны ўдзел зарэгістраваных палітычных партыяў у палітычным жыцці. Па-вашаму, як трэба ставіцца да гэтых прапановаў?

— Размова пра канстытуцыйную рэформу — гэта спроба замыліць вочы грамадству, змяніць парадак дня, перавёўшы акцэнт з пратэстаў на нібыта трансфармацыю ўлады. Але сёння з боку рэжыму не было агучана ніводнай канкрэтнай прапановы — як мусяць выглядаць гэтыя змены, якім чынам грамадства атрымае большыя правы на ўдзел у кіраванні краінай. Натуральна, што адказ на гэтае пытанне рэжым не ў стане даць у сілу таго становішча, у якое ён сябе загнаў.

Бо ніводныя выбары нават па старых схемах рэжым ужо не можа выйграць. Бо грамадства адчула сваю сілу, зразумела сваё права на кантроль за сітуацыяй. Таму наўрад ці рэжым агучыць хоць якую формулу, дзе прадстаўнікам грамадства будзе адведзена сур’ёзная роля, акрамя нямога ўдзельніка ў тых сцэнарах, якія захоча прапанаваць рэжым.