Эколагі б'юць трывогу: у Беларусі хочуць легалізаваць адстрэл рысі
Пакуль што гэтая жывёла занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Паводле даных Мінлясгаса, колькасць рысі ў краіне на пачатак года ацэньваецца ў 1090 асобін. Пры гэтым аптымальная колькасць — 1500 асобін, а размнажаецца рысь вельмі павольна: палавая сталасць звычайна надыходзіць да канца другога года жыцця, а жыве яна ў сярэднім усяго 4—5 гадоў, хоць пры спрыяльных умовах можа дажываць да 15—16 гадоў. Да 2/3 рысянят не дажываюць нават да першага дня нараджэння. Такім чынам, на сёння падстаў для выключэння віду з Чырвонай кнігі няма.
Да гэтага апошні раз «перапіс» рысі праводзілі 10 гадоў таму, а значыць, невядома, якая ў папуляцыі на сёння дынаміка — станоўчая ці адмоўная. Каб гэта высветліць, патрэбныя рэгулярныя ўлікі на працягу некалькіх сезонаў.
16 траўня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства лясной гаспадаркі правялі гарачыя лініі. На пытанні грамадзян адказвалі першыя намеснікі міністраў.
На гарачую лінію тэлефанавалі і людзі, занепакоеныя лёсам рысі, многія з іх падзяліліся вынікам сваіх гутарак. У большасці выпадкаў прадстаўнікі міністэрстваў запэўнівалі людзей у тым, што рысі нічога не пагражае і яна застаецца ў Чырвонай кнізе, але некалькі адказаў выклікаюць сур'ёзная падстава для турботы.
Так, было сказана, што ў некаторых раёнах, «дзе рысь асабліва шкодзіць паляўнічым гаспадаркам», магчыма «эксперыментальнае рэгуляванне рысі ў навуковых мэтах, каб высветліць, чаму менавіта ў гэтых раёнах так вырасла яе колькасць».
Вы не недачулі: каб даведацца прычыны росту колькасці рысі ў асобных рэгіёнах, там хочуць дазволіць яе адстрэл. Такім чынам, лабісты ўсё роўна хочуць арганізаваць паляванне на ахоўны від.
Гэта чарговы спосаб «абгрунтаваць» легітымнасьць палявання на рысь. Паколькі гэта асцярожны і ўтойлівы звер, высачыць і забіць яго нялёгка, асабліва ў раёнах, дзе колькасць віду невысокая. Таму нядзіўна, што лабістаў палявання на «чырвонакніжнікаў» цікавяць толькі раёны з высокай шчыльнасцю рысі.
Пры гэтым кансультант аддзела біяразнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова адзначае, што міністэрства не можа выдаваць дазволу на адабранне «чырвонакніжнікаў» з мэтай іх забойства.
«Мы можам выдаваць дазвол на адабранне толькі ў пэўных мэтах, — патлумачыла яна. — Гэта навуковыя мэты (напрыклад, каб вымераць рысь і пазначыць ашыйнікам), мэты ўсялення, рассялення (стварэння новых мікрапапуляцый, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь, — такім прыкладам з'яўляецца транслакацыя вяртлявай чарацянкі), мэты рэінтрадукцыі, акліматызацыі, скрыжавання альбо ўтрыманне і развядзенне ў няволі. Ні ў якім разе не ў мэтах рэгулявання колькасці, забою — такога няма. Ні адна з мэтаў не прадугледжвае свядомае забойства жывёл. Нам шмат разоў падавалі заявы на адабранне жывёл, у тым ліку на рысь, і ўхвалена было толькі адзін раз, але па гэтым рашэнні ў выніку не было ніякага адабрання».
Але ёсць і іншы варыянт канфіскацыі «чырвонакніжнікаў», калі жывёл дазволена забіваць.
«Ёсць Пастанова № 237 Савета Міністраў "Аб узаемадзеянні дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый пры выяўленні дзікай жывёліны", накіраванае на адабранне параненых, хворых жывёл або тых, што пагражаюць жыццю і здароўю грамадзян (напрыклад, шалёных), — патлумачыла Таццяна Жалязнова. — Калі спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных структур, у тым ліку дзяржінспекцыя, ветурачы, нашы тэрытарыяльныя органы, прыйдзе да высновы, што траўмы жывёлы несумяшчальныя з яе жыццём і жывёла будзе пакутаваць, то можа быць прынята рашэнне аб яе забойстве».
Зусім нядаўна, у жніўні-кастрычніку 2019 года ў абарону рэдкай кошкі праходзіла кампанія, а пад петыцыяй падпісалася 4590 чалавек. Тады Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адказала, што для выключэння рысі з Чырвонай кнігі няма ніякіх падставаў, а Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што паляўнічыя віды жывёл знаходзяцца пад большым кантролем, чым рэдкія, а гэта дазваляе больш эфектыўна кіраваць іх папуляцыяй.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь падстаў на сёння адкрыць паляванне на рысь будучыня віду ў краіне застаецца пад пагрозай. Мы памятаем 2005 год, калi шэрая гусь усяго праз год пасля ўключэння ў нацыянальную Чырвоную кнігу "вылецела" з яе "пасля званка зверху" і тут жа была ўключана ў спіс паляўнічых жывёл з сезонам і ўвесну і ўвосень. За 15 гадоў від не знік, але і не стаў звычайным, як у суседняй Польшчы ці Літве».
Паводле ptushki.org