Філасофія дабрыні: Ад катастрофы — да сада надзеі

«Кніга — падзяка тым, хто не пашкадаваў свайго здароўя дзеля здароўя іншых. Яна пра філасофію дабрыні», — так праанансаваў падрыхтаванае да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі выданне яго аўтар.



burkchart_chomajer_logo.jpg

Прапануем чытачам адзін з урыўкаў кнігі Аляксандра Тамковіча "Філасофія дабрыні: Ад катастрофы — да сада надзеі":

 

Студэнцкі пастар

Буркхарт Хамаер нарадзіўся 13 красавіка 1941 года ў горадзе Мюнстэр на паўночным захадзе Германіі. Бацькі яго былі сацыял-дэмакратамі. У іх доме жыла жанчына, чый сын загінуў на вайне. Аднойчы яна сказала, што «гэтага Гітлера трэба павесіць...» Адзін з суседзяў пачуў і данёс. Жанчына знікла, а потым Хамаеры даведаліся, што яна ў турме.

Гэтая гісторыя, расказаная бацькамі, з дзяцінства пакінула ў свядомасці Буркхарта вялікі адбітак.

Пра сваё жыццё далей распавядае сам Буркхарт Хамаер:

«Пасля школы я паступіў ва ўніверсітэт, дзе вывучаў тэалогію і філасофію, пасля чаго стаў студэнцкім пастарам, бо вельмі шмат і шчыльна кантактаваў менавіта з моладдзю.

Для такога выбару былі сур’ёзныя падставы, і самая галоўная — у тым, што лічу: чалавек павінен быць заўсёды адкрытым у дачыненні да таго, што вышэй за яго. Вось мне і захацелася больш ведаць пра тое, што вышэй і мацней за нас. І што выходзіць за межы чалавечага ўяўлення пра свет.

Пра што мы думаем? Чаго баімся? У чым сутнасць сяброўства і варожасці? Адкуль яны паходзяць?

1_dzecjam_charnobilja_logo.jpg

Буркхарт Хамаер

У 1986 годзе я выдаў кнігу з назвай «Масты ўзаемаразумення: за новыя адносіны з Савецкім Саюзам». Гэта быў надзвычай небяспечны перыяд супрацьстаяння паміж Захадам і Усходам, бо ракеты былі ў поўнай боегатоўнасці з абодвух бакоў.

У Заходняй Германіі пачаўся вялікі рух за мір.

У сваёй кнізе я напісаў, што нам абавязкова трэба з’ездзіць да тых, хто падчас вайны быў ворагам. Няхай людзі сустрэнуцца, пазнаёмяцца адзін з адным і разам скажуць: мы не жадаем вайны, мы супраць яе і не хочам больш адзін у аднаго страляць. Мы хочам міру.

Адразу пасля гэтага пагаварылі са студэнтамі і сфарміравалі групу для паездкі ў СССР. Так мы ўпершыню трапілі ў Мінск. Было гэта на мяжы 1987 і 1988 гадоў.

У адрозненне ад беларусаў, немцы шмат чыталі і чулі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Да таго ж, сярод студэнтаў было нямала будучых медыкаў, фізікаў, хімікаў. У адзін голас яны гаварылі, што здарылася нешта вельмі кепскае.

У Мінску адбыліся сустрэчы ў Таварыстве сяброўства, Камітэце Міра, Акадэміі навук. Паўсюль сустракалі нас вельмі ветліва, ахвотна размаўлялі на розныя тэмы. Нашы студэнты пачалі задаваць пытанні пра Чарнобыль.

Маўляў, мы столькі пра гэта чыталі, а што пра Чарнобыль думаюць тут? У адказ гучала афіцыйнае: мы ўсё трымаем пад кантролем…

Пасля размовы ў Акадэміі навук да нас падышоў адзін журналіст і сказаў: «Калі вы хочаце ведаць, што адбываецца ў нашай краіне на самай справе, то ідзіце ў Чырвоны касцёл на плошчы Леніна. У гэтым будынку, у пакоі пад лесвіцай, сядзяць людзі, якія дакладна скажуць, што адбылося».

Высветлілася, што там знаходзіўся будучы фонд «Дзецям Чарнобыля», які тады называўся камітэтам. Так я пазнаёміўся з Генадзем і Ірынай Грушавымі.

Што мяне тады моцна ўразіла, дык гэта рытм іх працы. Офіс нагадваў мурашнік — ходзяць людзі, вядуцца размовы, нешта друкуецца на друкарцы. Усё бурліла, віравала. Падумалася, што з такімі людзьмі я і хачу супрацоўніцтва.

Праз некаторы час, калі пачалося аздараўленне беларускіх дзяцей у Германіі, я сабраў тых, хто іх да сябе запрашаў, — і арганізаваў паездку ў Беларусь, у сем’і, адкуль былі гэтыя дзеці. Паехала каля шасцісот немцаў. Цэлы цягнік.

Дарэчы, такія паездкі ладзіліся пастаянна. І не толькі для немцаў.

Памятаю, аднойчы для бацькоў, чыя дзеці прыязджаюць з Беларусі, мы арганізавалі нават самалётны чартар. Тая паездка запомнілася, бо паліва для самалёта было аплачана толькі да Мюнстэра. Калі госці сабраліся вяртацца назад, высветлілася, што яго больш няма, а ў пілотаў няма грошай. Прыйшлося ўсё аплачваць самому.

Шмат хто, сустракаючыся з вашымі людзьмі, чуў: зрабіце што-небудзь для нашых дзяцей! І многія немцы паехалі ў Беларусь. Фонд тлумачыў ім сітуацыю ў рэгіёнах, падказваў, дзе і што канкрэтна больш патрэбна.

Галоўны прынцып работы быў наступны. У тых, хто не жыве ў Беларусі і не пацярпеў, можа быць шмат добрых ідэй, аднак вырашальным павінна быць, што патрэбна тым, каму накіраваная дапамога.

Мы не хацелі быць нейкімі вонкавымі ментарамі, якія вырашаюць, што і як трэба рабіць, таму што даем грошы. Нам хацелася бачыць у беларусах не аб’ект для дапамогі, а роўных партнёраў.

У гэтым сэнсе фонд «Дзецям Чарнобыля» аказаўся ўнікальным, бо мы ўбачылі крыніцу сапраўднай інфармацыі пра тое, што больш за ўсё патрэбна беларусам. Мы зразумелі, што там сабраліся людзі, якія не збіраюцца чакаць, пакуль прыйдзе з дапамогай нейкі «добры дзядзька», а імкнуцца дапамагаць сабе самі.

Натуральна, што такі падыход спадабаўся не ўсім. Некаторыя немцы (і не толькі) не зразумелі гэтай філасофіі. Яны казалі, што ў Беларусі не могуць ведаць, што ім на самай справе трэба. Маўляў, мы ведаем лепш, што ім дапаможа насамрэч; мы даем грошы, таму і вырашаць, на што іх выдаткоўваць, будзем самі…

Менавіта гэта і стала «яблыкам разладу». Некаторыя немцы пачалі публічна выказваць сваю незадаволенасць і называць фонд «Дзецям Чарнобыля» ледзь не злачынцамі. Загучалі плёткі пра нейкі крадзеж, карупцыю, махлярства…

Каб абараніць фонд аб такога кшталту папрокаў (мякка кажучы, хлуслівых) і такіх «памочнікаў», мы вырашылі адкрыць у Германіі спецыяльны рахунак, які б адпавядаў усім нямецкім законам і для ўсіх быў цалкам празрыстым. Менавіта на гэты рахунак павінны былі ісці ўсе сродкі для ажыццяўлення беларускіх праектаў.

З гэтага моманту ўсе фінансавыя спрэчкі і дыскусіі наконт таго, ці правільна выкарыстоўваюцца грошы, спыніліся — таму што ўсё было відавочна.

У гэты ж час мы стварылі Асацыяцыю чарнобыльскіх ініцыятываў Германіі (Bundesarbeitsgemeinschaft «Den Kindern von Tschernobyl»). Я стаў яе старшынёй. У нашых шэрагах аб’ядналіся больш за 250 нямецкіх ініцыятываў. Было гэта ў 1992 годзе.

2dzecjam_charnobilja_logo.jpg

2011 год. Жэнева. 25 гадоў фонду "Дзецям Чарнобыля". Акцыя "Марш Міра дзяцей Чарнобыля", Буркхарт з расцяжкай, на якой лога Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля"

Каб інфармаваць усе нямецкія ініцыятывы пра тое, што адбываецца ў нашай Асацыяцыі і беларускім фондзе, я пачаў выпускаць адмысловы бюлетэнь. Па сутнасці, гэта быў абмен досведам і думкамі. У маім архіве захаваліся ўсе нумары гэтага бюлетэня.

У 1997 годзе была створана яшчэ адна структура — Міжнародны савет «Дзецям Чарнобыля», у які ўвайшлі прадстаўнікі 21 дзяржавы. Мне пашанцавала стаць аўтарам «Чарнобыльскай хартыі» — гэта своеасаблівы кодэкс, маніфест тых, хто займаецца ва ўсім свеце чарнобыльскім праблемамі.

Сярод асноўных тэзісаў гэтага дакумента — імкненне да міру, што стала прычынай разыходжання ў поглядах з амерыканцамі, калі пачалася іх першая вайна з Іракам.

У тым жа годзе на сваё пасяджэнне мяне запрасіла ААН. У іх праходзіла сустрэча патэнцыйных донараў — тых, хто дапамагае справіцца з чарнобыльскімі праблемамі. На гэтую сустрэчу былі запрошаныя і прадстаўнікі дзяржаваў, якія больш за ўсё пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Яны нічога не казалі пра Чарнобыль. Толькі прасілі грошай, а я гаварыў пра людзей, якія пакутуюць ад радыяцыі, пра іх дзяцей, пра мужных змагароў, якія дапамагаюць сабе самі.

3dzecjam_charnobilja_logo.jpg

Апошняя станцыя на шляху "Маршу Міра" — Люнебург (Ніжняя Саксонія). Пасля прыёму ў ландтагу Гановера, шэраг сустрэч арганізавала Ушы Штоернагель, сябар Усегерманскай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятыў. На фота злева направа: Буркхарт Хамаер, Генадзь Грушавы, Ірына Грушавая і Ушы Штоернагель

То бок, у ААН адбывалася тое, пра што мы не раз казалі ў Германіі. Беларускія ўлады жадалі атрымліваць гуманітарную дапамогу, аднак не жадалі прызнаваць палітычны складнік трагедыі.

Як бы ў працяг гэтага ў 1997 годзе ў Беларусі быў створаны Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе. Ён наўпрост падпарадкоўваўся прэзідэнту.

Тыя замежнікі, якія працавалі з дзяржаўнымі структурамі, для сваёй работы атрымлівалі «зялёнае святло». У іх не было ніякіх праблем, калі яны трымаліся прынцыпу не гаварыць пра тое, чаму патрэбная іх гуманітарная дапамога.

То бок, за лекі — дзякуй, а пра тое, чаму людзі хварэюць — ні слова…

Па сутнасці, беларуская ўлада, якая адчувала вялікія цяжкасці ў вырашэнні эканамічных праблем, зрабіла гэтых замежнікаў сваім памагатымі, змоўшчыкамі злачынства.

Іншымі словамі, з дапамогай аўстрыйцаў, немцаў, італьянцаў і г.д. беларуская дзяржава ўмацоўвала свой імідж, а тым замежнікам, хто працягваў супрацу з фондам, рабілася ўсё цяжэй і цяжэй.

Добра вядома, што дзейнасць фонду «Дзецям Чарнобыля» некалькі разоў прыпынялася, доўгі час была забарона на паездкі беларускіх дзяцей за мяжу.

Менавіта ў такіх умовах актыўнасць Міжнароднага савета стала надзвычай важнай, бо як толькі пачаліся спробы крыміналізаваць дзейнасць фонду, мы стварылі Міжнародную камісію, якая павінна была абвергнуць усе абвінавачванні КДБ, Савету бяспекі, следчых органаў. Так яно і адбылося.

4dzecjam_charnobilja_logo.jpg

Буркхарт Хамаер і Генадзь Грушавы

Дзевяць чалавек з васьмі краін свету прыехалі ў Савет бяспекі Беларусі, дзе не пачулі не аднаго доказу злачыннай дзейнасці Грушавых.

Я хачу скончыць свой расповед адным эпізодам з Бібліі. Калі да Хрыста прынеслі паралізаванага чалавека, ён не даў нейкіх казачных лекаў, не зрабіў нейкага цуда, хаця мог. Ён сказаў: «Уставай і ідзі! Ты можаш!» У гэтым і ёсць наша асноўная філасофія — людзі павінны вучыцца дапамагаць сабе самі, трымаць спіну прама і не згінацца перад тымі, хто хоча нас апусціць да ролі ахвяры».

tamkovich_logo.jpg