Гарадзенскі слесар падарожнічае па свеце не выходзячы з дому
Убачыўшы больш за тры тысячы чыгуначных білетаў і талонаў на розныя віды транспарту, можна падумаць, што гарадзенскі слесар Аляксандр Самасюк аб’ехаў увесь свет. Сваю калекцыю ён збірае крыху больш за 20 гадоў, аднак сам амаль нікуды не выязджае.
“За мяжу я выязджаў яшчэ ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады, яшчэ ў савецкі час, я ездзіў у Румынію і Балгарыю па турпуцёўцы. Але з таго падарожжа я квіткоў не прывёз. Мы ехалі да Кішынёва на цягніку, а затым — на аўтобусе, і я тады не думаў аб сваім збіральніцтве.
А пачатак маёй калекцыі паклаў выпадак: на гарышчы знайшоў некалькі старых білетаў і менавіта яны і паклалі пачатак маёй калекцыі. Потым сябры і знаёмыя даведаліся аб маім хобі і сталі мне прыносіць квіткі і талоны”.
Самы стары з квіткоў, які ўжо стаў візітнай карткай калекцыі, гэта воінскі білет у адзін канец. Па гэтым квітку салдат вяртаўся дадому з вайны ў 1945 годзе. Яго Аляксандру Самасюку прынеслі знаёмыя калекцыянеры ў гарадзенскі клуб калекцыянераў, куды ён ходзіць кожную нядзелю.
Ёсць унікальны білет па маршруце Ленінград-Кузніца (праз Гродна) пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта цяпер Кузніца — маленькая прыдарожная станцыя ў Польшчы, а раней да яе існаваў адмысловы маршрут.
“Самы, можна сказаць, дзіўны білет, гэта асобны квіток на сабаку, па якім мае знаёмыя перавозілі свайго гадаванца з Расіі ў Мінск. І вось да прыкладу — асобны квіток для тых, хто паліць. Цяпер ужо такіх квіткоў няма”.
У асобнай тэчцы ў яго сабраны квіткі, па якіх многія гарадзенцы падарожнічалі па свеце.
“Квіток у выглядзе кніжкі — гэта нашы спецыялісты з Гродна вярталіся ў 1971 годзе з Манголіі па маршруце Дархан — Гродна. А вось гэтыя квіткі мне прывезлі з Тайланда, знаёмыя ездзілі на цягніку па гэтай краіне.
Квіткі з Бангладэш — яны як упрыгожванне маёй калекцыі. Сярод квіткоў з іншых кантынентаў: квіткі з Аўстраліі, з Паўднёвай Амерыкі — з Чылі і Аргенціны. А з Афрыкі — квіткі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі”.
Пра калекцыю гарадзенца ведаюць збіральнікі і з іншых краін:
“Гэтую частку калекцыі мне даслалі з Іспаніі. Квіткі прысвечаны 400-годдзю Мігеля Сервантэса, на іх Дон Кіхот і Санча Панса. Акрамя сучасных квіткоў мне даслалі і старыя іспанскія квіткі, якія цешаць вока сваёй разнастайнасцю”.
Еўрапейскія краіны прадстаўлены ў калекцыі Аляксандра амаль цалкам:
“Самая вялікая колькасць квіткоў з Вялікабрытаніі, затым вельмі розныя квіткі з Нідэрландаў. Квіткі з Швейцарыі паказваюць вышыню горных вяршыняў. Шмат квіткоў з розных польскіх гарадоў: Беласток, Варшава, Гданьск, Сопат.
Шмат з прыбалтыйскіх краін: Літва, Латвія, Эстонія. Вось, да прыкладу, білет з Эстоніі. Бланк яшчэ стары, савецкі, а кошты на ім — у еўра.
Ганаруся білетам з Бельгіі, на якім намаляваны чыгуначны вагон. Партугалія ў маім зборы прадстаўлена ў асноўным старымі квіткамі, якія мне даслаў калега з Іспаніі. Венгрыя, Балгарыя і Югаславія таксама ў мяне прадстаўленыя ў гэтых папках. Самы дарагі для вандроўніка білет — квіток з Масквы ў Аўстрыю. Яго кошт склаў 900 еўра.
А на чэшскіх квітках шмат рэкламы і розныя святы: дзень чыгуначніка і, да прыкладу, спецыяльны білет да 150-годдзя чэшскіх чыгунак”.
Аб сваім хобі Аляксандр ахвотна распавядае і на розных выставах, якія праходзяць на дні горада або падчас Фестывалю нацыянальных культур, што праходзіць у Гродне кожныя два гады.
“Мяне таксама запрашалі прадставіць калекцыю ў музеі, калі была выстава ў Старым замку, прысвечаная 150-годдзю чыгунцы. Але я не пагадзіўся з іх умовамі. Пра квіткі трэба расказваць, а там яны б проста ляжалі без апісання”.
Сваім хобі Аляксандр зусім не звязаны са сваёй прафесіяй — ён працуе слесарам на адным з гарадзенскіх прадпрыемстваў. Акрамя калекцыі чыгуначных білетаў, ён збірае талоны на грамадскі транспарт. Прасачыць змены цэн на транспарт у Гродне можна на асобных старонках у альбоме ў Аляксандра.
Акрамя дакументаў на праезд калекцыянер збірае і розныя аблігацыі, самая старая з якіх у яго ў калекцыі — з далёкага 1923 года.
Сяргей Апановіч, www.t-styl.info
Здымкі Вольгі Мілавай і Сяргея Апановіча