Гісторыя адной забастоўкі. 30 гадоў таму ўсё магло б пайсці па-іншаму

У лютым 1994 года дэмакратычная грамадскасць Беларусі зрабіла апошнюю спробу не дапусціць «камуністычны рэванш». «Новы Час» згадвае падзеі 30-гадовай даўніны і спрабуе разабрацца, чаму ж тады не атрымаўся ўсеагульны страйк.

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Па нейкай прычыне лютаўскія падзеі 1994-га застаюцца на перыферыі цікавасці гісторыкаў. Між тым, магчыма менавіта 30 гадоў таму быў закладзены падмурак цяперашняга аўтарытарнага рэжыму. Той жа Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста чацвёрты» звяртае ўвагу на тое, што менавіта тады, упершыню пасля абвяшчэння незалежнасці, людзей пачалі арыштоўваць за палітычную дзейнасць.

Атмасфера, на фоне якой праходзілі тыя падзеі, да болю нагадвае познія рэаліі лукашэнкаўскай Беларусі. 

«Да судовай адказнасьці прыцягнутыя лідэры свабодных прафсаюзаў і стачкомаў, актывісты рабочага руху. Распачаты пераслед актывістаў БНФ, рабіліся спробы запалохаць 58 народных дэпутатаў Беларусі, якія сваім аўтарытэтам падтрымалі ўдзельнікаў страйку», — так апісвала сітуацыю газета «Літаратура і мастацтва».

Напярэдадні страйку галоўны санітарны ўрач Мінска абвясціў пра эпідэмію грыпу і заклікаў не наведваць масавыя зборы. Па загадзе дырэктара Дома друку не выйшаў нумар «Свабоды», якой, да таго ж, выкацілі мільённы пазоў. У папулярнай тв-праграме «Крок» паведамілі, што ў нетрах МУС рыхтуецца спецыяльная брыгада па лакалізацыі Сяргея Антончыка (кіраўніка страйкаму). Лаяльны ўладам Саюз афганцаў паабяцаў вывесці супраць страйкоўцаў 30 тысяч ветэранаў. Савет афіцэраў Беларусі заклікаў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці лідара БНФ Зянона Пазняка за распальванне нацыянальнай варожасці. Нарэшце, прагназавалі, што ў дзень страйку з’явіцца ўказ аб забароне БНФ.

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Адкуль такая параноя? Відавочна, галоўным фактарам тут былі асцярогі наконт рэцыдыву забастоўкі, якая ахапіла рэспубліку ў красавіку 1991-га. Тая стачка па сутнасці запусціла дэмантаж камуністычнай сістэмы ў БССР. Страх перад «гегемонам» хутчэй за ўсё і выклікаў небывалы мандраж усярэдзіне каманд Кебіча і Грыба. 

Тым больш, што патрабаванні свабодных прафсаюзаў былі вельмі радыкальныя: адстаўка ўраду Кебіча, шырокая кааліцыя, датэрміновыя выбары ў Вярхоўны Савет. Па ходзе да тых патрабаванняў дадалося яшчэ адно: «Інфляцыю спыніць толькі беларускі талер!».

Зрэшты, фобіі чыноўнікаў наконт магчымага рымейку красавіка 1991-га аказаліся прыцягнутымі за вушы. 

Страйк 17 лютага, па вялікім рахунку, нешта ўяўляў сабою толькі ў тых гарадах, дзе меліся моцныя незалежныя прафсаюзы — Мінск, Орша і Салігорск. Самая незвычайная акцыя прайшла ў Бабруйску, дзе да гарсавета выйшаў голы мужык. Аматара эксгібіцыянізму імгненна адправілі ў псіхушку.

Што да сталіцы, то тут пратэсты прафсаюзаў падтрымала група дэпутатаў Мінгарсавета, пад вокнамі якога (на плошчы Незалежнасці) і сабраліся маніфестанты колькасцю прыкладна 4-5 тысяч чалавек. Праз моцны мароз хутка яны рушылі на Карла Маркса 38, дзе адбыўся мітынг. У выніку Мечыслаў Грыб прыняў дэлегацыю вуліцы, паабяцаўшы данесці іх патрабаванні да прэзідыуму ВС.

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

На гэтым тэма пратэсту заглухла, хоць на 22 лютага была абяцаная другая серыя. Напярэдадні яшчэ былі інцыдэнты накшталт адключэння святла ў будынку незалежных прафсаюзаў, але гэта была ўжо агонія. Забастоўка правалілася. 

Гісторыя акцыі 17 лютага будзе няпоўнай без згадкі пра прыгоды актывістаў Партыі Аматараў Піва (ПАП), якая тады якраз выйшла на палітычную сцэну. У гэты дзень прадстаўнікі ПАП на халяву раздавалі на плошчы Незалежнасці піва і сасіскі. Гэты філантрапічны акт, які шырока асвятляла прэса, зрабіў «аматарам піва» неверагоднае паблісіці. Калі ў зімовых сацыялагічных апытаннях ПАП наогул не фігуравала, то на сярэдзіну сакавіка яе рэйтынг склаў адразу 6 працэнтаў. 

Зрэшты, такі поспех чагосьці каштаваў партыйцам. Па дарозе з акцыі актывістаў ПАП арыштавалі і трымалі ў пастарунку двое сутак. У выніку быў складзены пратакол аб парушэнні правілаў продажу 100 кілаграмаў сасісак (!). Пад хапун трапіў нават дырэктар крамы, які прадаў тыя сасіскі. Яго звольнілі.

Фіяска лютаўскіх пратэстаў можна растлумачыць шмат чым. Напрыклад, утрымаліся ад страйку структуры ФПБ. У тым ліку шэраг галіновых прафсаюзаў, якія пад кіраўніцтвам Аляксандра Бухвостава на пачатку году моцна напужалі ўладу, арганізаваўшы агульнанацыянальную акцыю супраць падзення ўзроўню жыцця.  

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Пратэсныя акцыі 15-22 лютага 1994 г., Мінск. Крыніца: vytoki.net

Аднак галоўная прычына канфузу была наўпрост звязана з структурнымі зменамі. Праз крызіс шмат пасіянарных людзей — актыў красавіцкіх пратэстаў 1991-га, сышлі з заводаў у бізнес. 

Куды больш, падаецца, у лютым 1994-га іх цікавіла не палітыка, а ашаламляльныя зводкі з валютнай біржы. У лютым курс бакса пераваліў за 9 тысяч «зайчыкаў» (у пачатку года «зялёны» каштаваў 7 тысяч рублёў). У гэты час увайшоў у моду жарт: «Рублёвай зоны з Расіяй не будзе. Калі і будзе, то як мінімум сторублёвая». 


Глядзіце таксама

Што тычыцца большасці працоўных, то яны, як і шмат хто яшчэ, усё менш спадзяваліся на тое, што ракіроўкі палітыкаў палепшаць іх жыццё. Вырашаць свае праблемы беларусы намагаліся самастойна і часам вельмі арыгінальна. Напрыклад, на Плошчы Перамогі пасярэдзіне белага дня невядомыя залезлі на вышыню карнізаў будынкаў (каля 10 метраў) і знялі трансфарматары з неонавай рэкламы на суму 2 мільёны рублёў. У міліцыі зламыснікі прызналіся, што хацелі абмяняць здабычу на пару бутэлек гарэлкі.

Акрамя таго, простыя людзі кампенсавалі невясёлае існаванне прыкладна на 22 долара ў месяц (памер тагачаснай сярэдняй зарплаты) праглядам серыялаў. «У Беларусі на выбарах пераможа той, хто паабяцае зняць яшчэ тры тысячы серый серыялу «Багатыя таксама плачуць», — вымушана было канстатаваць адно СМІ.

Так ці інакш, страйк праваліўся. А што было б, калі страйкоўцы дабіліся выканання хаця б часткі сваіх патрабаванняў? Ці стала гэта нейкім засцерагальнікам ад наступу агрэсіўнага папулізма ў выглядзе таго ж Лукашэнкі? 

Альтэрнатыўная гісторыя дастаткова спекулятыўная рэч. Аднак можна дапусціць, што нават у выпадку большага маштабу лютаўскай забастоўкі 1994-га, аўтарытарныя трэнды ў краіне трошкі прытармазіліся. А паколькі якраз тады прымалася Канстытуцыя, магчыма, быў шанец атрымаць парламенцкую, а не прэзідэнцкую рэспубліку.