Год сабакі пачынаецца

У віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі выявілі нястачу ваеннай тэхнікі. У сталіцы 300 ліфтаў не працавалі з-за таго, што ў іх скралі дэталі з каляровых металаў. У Гомелі пры спробе абрэзаць дрот таксафона злавілі члена гарадскога выканкама. Гэта быў 1994-ы, год Сабакі.

Пратэстныя акцыі 15-22 лютага 1994, vytoki.net

Пратэстныя акцыі 15-22 лютага 1994, vytoki.net


«Новы час» працягвае серыю публікацый, прысвечаных гісторыі незалежнай Беларусі. У гэтым выпуску — пра падзеі пачатку 1994 года, якія вызначылі будучы курс краіны.



Хоць СССР на той час ужо як два гады як памёр, у 1994-ты — Год сабакі — краіна, мабыць, у сілу савецкай звычкі, уступіла з новым рэкордам. Упершыню ў гісторыі незалежнасці індэкс цэн за адзін месяц (снежань 1993-га) вырас больш чым на 50 працэнтаў. Гэта значыць, што інфляцыя ў краіне ператварылася ў гіперінфляцыю. Увогуле, цэны ў 1993-м выраслі ў 28 разоў, а сярэдняя зарплата ўзімку 1993–1994 складала ў эквіваленце ўсяго 23 долары.


1__10__2.jpg


Зрэшты, абывацелі слаба рэагавалі на рэкорды эканомікі. Хутчэй, іх цікавілі новыя практыкі выжывання, якія часта ішлі насуперак закону. У віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі нават выявілі нястачу ваеннай тэхнікі. У сталіцы 300 ліфтаў не працавалі з-за таго што ў іх скралі дэталі з каляровых металаў. У ФРГ на рынку філатэлістаў з'явіліся маркі РБ, пра якія Мінсувязі, як высветлілася, нічога не ведае. Адна з версій — хтосьці з супрацоўнікаў міністэрства таемна надрукаваў самапальныя маркі, каб пасля штурхануць за валюту. У Гомелі пры спробе абрэзаць дрот таксафона злавілі члена гарадскога выканкама.

Але ўсіх, думаецца, заткнулі за пояс бамжы з Гродна. Яны асвоілі новую тактыку — хавацца ў сталовых перад закрыццём, каб потым, калі персанал сыдзе, удосталь наесціся. Наогул, гродзенскія бамжы чамусьці былі вельмі нахабныя. Яны нават умудрыліся арганізаваць начлежку ў корпусе танка, які ў якасці помніка стаяў на пастаменце ў цэнтры горада.
Нядзіўна, што на зонах імкліва расла колькасць зэкаў. У лютым МУС пачаў біць у набат — колькасць зняволеных дасягнула паказчыкаў пачатку 1950-х гадоў, калі ў СССР быў пік злачыннасці. Да ўсяго гэтага дадаліся новыя праблемы: трэба было кудысьці ўладкоўваць беларусаў, якіх пачалі рэпатрыяваць з расійскіх калоній.
Аднак кіраўніцтву краіны, відавочна, было не да зняволеных. Па-першае, урад займаўся аб'яднаннем фінансавых сістэм Беларусі і Расіі. Валютны пакт чыноўнікі разглядалі як панацэю ад усіх бедаў. Аншлюс «зайчыка» ў пачатку 1994 года анансавалі некалькі разоў — і ўвесь час у апошні момант падпісанне пагаднення адкладвалася.
Пакуль на высокім урадавым узроўні ішлі перамовы наконт лёсу «зайчыка», на месцах даводзілася неяк выжываць аўтаномна. Так, дэпутаты Дубровенскага райсавета (Віцебская вобласць) пастанавілі браць валюту за праезд па тэрыторыі раёна. У самім жа Віцебску адмовіліся ад продажу талонаў на грамадскі транспарт. У аўтобусах і тралейбусах можна было ездзіць толькі па праязных, якія каштавалі траціну зарплаты.
Акрамя аб'яднання валют, урад актыўна гуляў у палітыку. Наогул, у пачатку 1994-га ўзмацніўся палітычны крызіс. Алегорыяй настрояў у грамадстве была карыкатура з навагодняга нумару «Народнай газеты», на якой хлопчык — Новы Год цягнуў старога Дзеда Мароза з трыбуны са словамі: «Вы апынуліся занадта гаваркім, дзядуля». Пад дзядулем тут разумеўся ўвесь стары палітычны бамонд, які дастаў простага абывацеля. Прычым, у часткі грамадства рос запыт на моцную руку.
Нядзіўна, што ў пачатку 1994-га заканадаўцам палітычнай моды лічыўся Жырыноўскі, чыя партыя на снежаньскіх выбарах у расійскую Думу атрымала другое месца. Прэса пісала, што на пасаду фюрэра беларускай секцыі ЛДПР прэтэндавалі ажно шэсць чалавек. Кожны з тых шасці мясцовых «жырыкаў» актыўна запісваў у шэрагі ліберал-дэмакратаў, хоць такая структура не была зарэгістраваная.
Закладнікам працэсу імклівага расчаравання элітай апынуўся старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які фармальна ўзначальваў дзяржаву. Многія палітыкі, у тым ліку прадстаўнікі Саўміна, спрабавалі зрабіць сабе піяр, патрабуючы адстаўкі спікера. Паводле падлікаў газеты «Свабода», Шушкевіча па стане на 1 студзеня 1994 спрабавалі зрынуць аж шэсць разоў. Адзін раз палітыка выратаваў гіпертанічны крыз: з-за хваробы старшыні галасаванне пра адстаўку адклалі. Іншы раз — дэмарш Ельцына, які забараніў Кебічу «капаць» пад Шушкевіча, што выступіў саюзнікам Крамля ў кастрычніку 1993-га. Але значна часцей Шушкевіча ратавала сітуатыўная падтрымка дэмакратаў у парламенце. Так ці інакш, на пачатак чарговай сесіі, 18 студзеня, апазіцыя анансавала новую спробу імпічменту.

2__9__3.jpg


Але да таго найперш усёй краінай трэба было перажыць прызначаны на 16 студзеня візіт Клінтанаў. Да яго рыхтаваліся вельмі старанна. Так, у вайсковай частцы ва Уруччы, дзе чакалі Біла Клінтана, у вартавых забралі зброю. Але вайскоўцы былі ўсё роўна задаволеныя — пад прыезд янкі дарожкі ў іх частцы ачысцілі ад лёду і снегу. Патрапілі пад зачыстку і двое паляўнічых, якіх напярэдадні візіту Клінтана чамусьці вырашылі папаляваць у Курапатах.

Біл Клінтан у Курапатах, vytoki.net

Біл Клінтан у Курапатах, vytoki.net


Як і належыць, напярэдадні пачалі цыркуляваць самыя незвычайныя чуткі. Мінскія пікейныя камізэлькі кляліся, што Біл Клінтан вязе дарожную карту ўступлення РБ у NATO, згодна з якой Сінявокая стане чальцом Паўночна-Атлантычнага альянсу да 2000 года. Другая папулярная тэма — Клінтан прымусіць Шушкевіча і Кебіча распусціць парламент і абвясціць датэрміновыя выбары ў ВС.
Нягледзячы на ​​тое, што Клінтан выдаткаваў на сустрэчу з Пазняком не 10 (як планавалася), а цэлых 20 хвілін, ніякіх палітычных метамарфоз візіт не выклікаў. Але пазітыў усё роўна адчуваўся. Самыя аптымістычныя каментары выклікалі сцэна сустрэчы мінчан і прэзідэнта ЗША на плошчы Перамогі. На той час беларусы ўжо неяк і забыліся, што на публічныя акцыі можна выходзіць з усмешкай.
Пакуль Клінтан ціснуў мінчанам рукі, каля бюста Дзяржынскага, што насупраць будынку КДБ, бушавалі жарсці. Тут сумаваў пікет камуністаў, незадаволеных прыездам «мерыкоса». Акцыя перастала быць сумнай, калі гісторык Алег Дзярновіч, які праходзіў міма, іранічна пракаментаваў імпрэзу. Натоўп накінуўся на гісторыка з крыкам: «Бей агента ЦРУ!». Расправа працягвалася, пакуль не прыбыла міліцыя. Яна выцягнула Дзярновіча з поля бойкі, даставіла ў апорку, дзе адразу пачала шыць гісторыку арганізацыю масавых беспарадкаў. У выніку бакі сышліся на хуліганцы, але пры гэтым у затрыманага забралі ў якасці штрафу ўсю стыпендыю аспіранта.
Нарэшце Клінтаны з’ехалі, прыхапіўшы, у тым ліку, і спецыяльны падарунак — дэкаратыўны саламяны капялюшык. Яго адмыслова для Хілары зрабіла ўмеліца-майстрыха Вера Салдатава. Самае вясёлае, што МЗС, які замовіў Веры Салдатавай капялюшык, так і не аддаў 30 долараў, абяцаныя ёй за працу.
Як толькі лайнер Клінтана знік у аблоках, «мачылава» Шушкевіча працягнулася. Фармальнай падставай на гэты раз стаў інцыдэнт з удзелам двух лідараў кампартыі Літвы, якія збеглі ў Мінск пасля распаду СССР. У студзені літоўскія спецслужбы праніклі ў Мінск, затрымалі камуністаў, каб пасля вывезці ў Вільнюс. Пры гэтым у КДБ не ведалі, што па падведамнай ім тэрыторыі шныраць замежныя джэймсы бонды. Не быў праінфармаваны Літвой і наш МЗС. Дзіўна выглядаюць і паводзіны памежнікаў, якія выпусцілі за мяжу аднаго з літоўскіх камуністаў, хаця той не меў на руках пашпарта.
Праўда, былі праінфармаваныя пра аперацыю ў пракуратуры і міліцыі, кіраўніка якой і атакавала левая апазіцыя ды фракцыя Кебіча (той канфліктаваў з дырэктарам МУС). Дэпутатам прапанавалі рэзалюцыю пра адстаўку галоўнага чэкіста Шыркоўскага і міністра МУС Ягорава.
Адстаўкі сілавікоў супраціўляліся дэмакраты, якія лічылі Ягорава гарантам невыкарыстання міліцыі супраць народа. А вось дэпутат Аляксандр Лукашэнка меў асобае меркаванне — заклікаў разам з Ягоравым і Шыркоўскім у адным пакеце пазбавіцца ад Шушкевіча і Кебіча.
У Авальнай зале, дзе бушавалі жарсці, тады было яшчэ не вядома — адначасова ў суседні з парламентам квартал (там, дзе знаходзіцца Тэатр аперэты) увайшла частка ўнутраных войскаў. Справа запахла спробай ваеннага перавароту...