Генпракуратура падтрымлівае змену заканадаўства на карысць канкрэтных асоб

Такую выснову можна зрабіць з ліставання грамадскіх актывістаў з Генпракуратурай у сувязі з незаконным увядзеннем у ахоўнай зоне Курапатаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. 



kurapaty_hp_skarha_9_7_15_1.jpg

Сярод падпісантаў зваротаў — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Нагадаем, што 23 красавіка 2015 года прадстаўнікі грамадскасці згодна з артыкуламі 166, 167 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь звярнуліся да генпракурора з просьбай правесці адпаведную праверку на прадмет узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м км. МКАД аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць. Прычым сваю пазіцыю падпісанты заявы абгрунтавалі.   

Аднак у адказе ад 11.05.2015 года начальнік аддзела Генпракуратуры Д.Р. Васілевіч паведаміў: “Генеральнай пракуратурай разгледжаны Ваш зварот аб адмове ў правядзенні даследчай праверкі па факту невыканання службовымі асобамі Мінаблвыканкама прадстаўлення Генеральнай пракуратуры…”.

Такім чынам, у сваім адказе супрацоўнік Генпракуратуры паведаміў аб тым, што зварот грамадскасці не разглядаўся, а разглядаўся факт невыканання службовымі асобамі Мінаблвыканкама прадстаўлення Генпракуратуры.

Таму 4 чэрвеня 2015 года грамадскія актывісты былі вымушаныя паўторна звярнуцца да Аляксандра Канюка з просьбай разгледзець зварот ад 23 красавіка 2015 года па сутнасці выкладзенага і ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь даць заяўнікам матываваны адказ.

На гэты раз у сваім лісце ад 1 ліпеня 2015 года начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Віктар Клімаў паведаміў, што ў мэтах устаранення парушэнняў заканадаўства быў распрацаваны і 1 снежня 2014 года зацверджаны Міністэрствам культуры новы праект зонаў аховы Курапатаў, згодна якому аб’ект прыдарожнага сервісу апынуўся ўжо па-за межамі ахоўнай зоны названай гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Такім чынам, сваім адказам спадар Клімаў пацвердзіў, што ў краіне дзеля ўстаранення парушэнняў заканадаўства мяняецца само заканадаўства, а не ліквідуюцца наступствы парушэнняў заканадаўства і застаюцца беспакаранымі ягоныя парушальнікі — канкрэтныя асобы.

“Але мы звярталіся да Вас не па гэтаму пытанню, а ў сувязі з тым, што ўзвядзенне на 51-м км. МКАД аб’екту з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварыла пагрозу Курапатам і зняважыла гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць”, — падкрэсліваецца ў трэцім звароце ад 9 ліпеня 2015 года прадстаўнікоў грамадскасці да генпракурора.

На падставе выкладзенаага і ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аўтары апошняга звароту просяць Аляксандра Канюка “усё ж такі разгледзець ліст грамадскасці ад 23 красавіка па сутнасці выкладзенага і даць заяўнікам матываваны адказ”.