Грамадскасць аб’ядналася для абароны Курапатаў

6 лістапада адноўлена дзейнасць грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты. Яна была створана ў канцы верасня 2001 года ў адказ на пашырэнне ўладамі Мінскай кальцавой аўтадарогі без праектнай дакументацыі і шырокага грамадскага абмеркавання, а таксама ў сувязі з небяспекай страты гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў “Курапаты. Сярод заснавальнікаў ініцыятывы — больш за 25 грамадскіх структур і выбітныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі і Артур Вольскі.



zumk_1.jpg

Аднаўленне дзейнасці ініцыятывы звязана з пратэстамі грамадскасці супраць будаўніцтва забаўляльнага комплексу на паўночным ускрайку Курапатаў. У ініцыятыву ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх і палітычных структур, у тым ліку міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, аб’яднанняў “Дыярыуш і “Хрысціянская злучнасць Курапаты, грамадзянскіх ініцыятываў “За Волю і “Хрысціянскі рух, праваслаўнай аўтакефаліі, мінскай поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё, суполкі “Пагоня Беларускага саюзу мастакоў, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, грамадзянскіх кампаній “Еўрапейская Беларусь і “Гавары праўду, аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, рухаў “Маладая Беларусь і “Разам. На пасяджэнне былі запрошаныя і прадстаўнікі КХП-БНФ, але яны не з’явіліся на сустрэчу.

Каардынатарамі ініцыятывы абраныя лідар грамадзянскай ініцыятывы “За Волю Ганна Шапуцька, лідар руху “Маладая Беларусь Зміцер Каспяровіч і старшыня грамадзянскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты Вацлаў Нямковіч.

Па праблеме законнасці будаўніцтва забаўляльнага комплексу каля Курапатаў ініцыятыва вырашыла звярнуцца ў шэраг дзяржаўных структураў, у тым ліку да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсана, старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры і міністра культуры Паўла Латушкі. У лісце на імя начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага прадстаўнікі грамадскасці просяць прадставіць копію схемы межаў ахоўнай зоны Курапатаў. Акрамя таго, па пытанню сустрэчы з грамадскасцю вырашана пісьмова звярнуцца да заказчыкаў будаўніцтва забаўляльнага комплексу.  

Для стварэння інтэрнэт-сайту ініцыятывы ўдзельнікі пасяджэння сабралі неабходныя сродкі.

Сябра ініцыятывы, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў пракаментаваў шэраг апошніх выказванняў старшыні КХП-БНФ, першаадкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка.

Гаворка ідзе пра наступныя выказванні: 

Хлусня вакол Курапатаў точыцца грубая і вытанчаная, хітрая і шматаблічная. У афіцыйных дакументах стараюцца нават не пісаць слова “Курапаты, прыводзяць фальшывыя лічбы расстраляных, спасылаючыся на фальшывых “спецоў, імкнуцца заблытаць факты, выдумваюць неіснуючыя падзеі, ствараюць кур'ёзную міфалогію з мэтай канфліктаў і непаразуменняў. Нядаўна адна такая асоба паведаміла, што група расейскага Мемарыялу ў Беларусі запланавала паставіць крыж у Курапатах у памяць “афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі. (…). На сённяшні дзень няма абсалютна ніякіх падставаў і абсалютна ніякіх археалагічных фактаў, якія б давалі нагоду меркаваць, што ў Курапатах “расстраляныя афіцэры польскага войска (і ўвогуле якія-небудзь вайсковыя асобы чыйго-небудзь войска) (…). Словы аб расстрэлах вайскоўцаў выглядаюць нядобрай правакацыяй, скіраванай на скандальную навіну (Са звароту спадара Пазьняка на Дзяды-2012, зачытанага ў Курапатах 28.10.2012)

“Па-першае, памяць аб продках трэба будаваць на памяці продкаў, а не на міфах. Гэты гісторык (Ігар Кузняцоў — М.Г.) ніколі не даследаваў Курапатаў. Ён не археолаг і не ведае, што гэта такое, і не мае ні навуковага, ні маральнага права займацца тым, чым займаецца. (З інтэрвью Зянона Пазьняка праграме “Гарачы каментар на Белсаце 30.10.2012);

“Мы ведаем, з кім маем справу, і ведаем, што такое Курапаты. І хто змагаецца супраць Курапатаў. І хай яны лепш маўчаць, такія абаронцы, як Дзмітрыеў! Мы ведаем тэхналогію гэтай абароны. Як толькі ўзнікае складанае пытанне з Курапатамі, як толькі ідзе навал на Курапаты — кантора адразу пачынае ствараць свае арганізацыі, якія змагаюцца за Курапаты. Яны адразу пачынаюць дасылаць сваіх спецоў, якія пачынаюць агітаваць за Курапаты — каб вылезці наперад і даваць каментары. Гэта тэхналогія, якую мы прайшлі ў 2001 годзе, калі аўтастраду вялі праз Курапаты. Дарогу зрабілі, але Курапаты засталіся. Але ўсе гэтыя арганізацыі прайгралі, і пасля гэтага духу іх не засталося — усе абаронцы выпарыліся. Толькі аднаго спеца пакінулі — Кузняцова. Але і ён цяпер праваліўся. (З інтэрвью спадара Пазняка “Еўрарадыё ад 2.11.2012).

На думку Ігара Кузняцова, заявы беларускіх афіцыйных асоб пра тое, што беларускага катынскага спісу няма і не можа быць увогуле, а таксама пра тое, што ў гады сталінскіх рэпрэсій на Беларусі не забілі ні аднаго паляка, зрабілі неабходным узвядзенне ў нацыянальным некропалі  “Курапаты сімвалічнага мемарыяльнага знаку афіцэрам польскага войску розных нацыянальнасцяў, расстраляным нкусаўцамі на Беларусі з красавіка 1940 па чэрвень 1941 гадоў.

На самой справе дакладныя месцы забойства  (акрамя дзвюх — пад Глыбокім і Оршай) і пахаванняў гэтых бязвінных людзей невядомыя да гэтай пары і магчыма ніколі не стануць вядомымі. Вось чаму памятны знак і запланавана ўзвесці менавіта ў Курапатах — адзіным у краіне афіцыйна прызнаным месцы згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

Тым больш, што забойствы ахвяраў польскай аперацыі НКУС і іх пахаванне маглі адбывацца ў шэрагу вядомых месцаў масавых расстрэлаў перыяду сталінізму ў Мінску і яго наваколлі, у тым ліку — і ў Курапатах. З 510 магільных западзін, захаваўшыхся ў Курапатах, толькі на васьмі была зроблена эксгумацыя пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка.  Аднак на выснове гэтых раскопак спадар Пазняк заявіў, што ва ўсіх курапацкіх пахаваннях знаходзяцца парэшткі выключна забітага цывільнага насельніцтва. У кастрычніку 1997 — траўні 1998 гадоў Беларуская ваенная пракуратура правяла эксгумацыю яшчэ дзевяці пахаванняў ва ўрочышчы. Прычым у некаторых з пахаванняў, у тым ліку ў раскопе № 10 былі знойдзены дзве зоркі і сем гузікаў ад форменнай вопраткі вайскоўцаў Чырвонай Арміі.

Такім чынам, каб зрабіць выснову пра адсутнасць у Курапатах пахаванняў  афіцэраў польскага войска, трэба правесці эксгумацыю астатніх магільных западзін. Я хацеў бы адзначыць, што на сённяшні дзень, на жаль, з’яўляюся адзіным беларускім даследчыкам, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме палітрэпрэсій перыяду сталінізму і рэабілітацыі ахвяраў тэрору (Томск, 1992 год). Акрамя таго, за наступныя 20 год я напісаў 9 кніг і больш 400 навуковых артыкулаў па гісторыі гэтых рэпрэсій. А любыя абвінавачванні ў маім супрацоўніцтве з спецслужбамі выглядаюць абсурдам, бо дзе вы бачылі супрацоўнікаў айчынных спецслужбаў, якія б увекавечвалі памяць ахвяраў сталінізму?.

У сувязі з тым, што выказванні спадара Пазняка закранаюць гонар і годнасць не толькі Ігара Кузняцова, але і іншых сяброў Грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі, па ініцыятыве каторых у Курапатах 29 кастрычніка была ўсталяваная закладная шыльда будучага памятнага знаку афіцэрам польскага войска розных нацыянальнасцяў, 6 лістапада яны накіравалі да беларускай грамадскасці адкрыты зварот.

Сярод яго падпісантаў — былыя вязні ГУЛАГУ Уладзімір Раманоўскі, Сяргей Ханжанкоў і старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч; гісторыкі Ларыса Андросік і Ігар Кузняцоў, культуролаг Вацлаў Арэшка, каардынатар грамадзянскіх ініцыятываў “За Волю і “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты Ганна Шапуцька, а таксама каардынатар кампаніі “Пакаянне аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Валерыя Чарнаморцава.

У звароце, між іншым, адзначаецца: “Да Вас звяртаюцца людзі, якія на працягу многіх гадоў дапамагаюць грамадству дазнацца пра трагедыю палітычных рэпрэсій на Беларусі ў перыяд сталінізму і робяць свой пасільны ўнёсак дзеля таго, каб такое злачынства больш ніколі не здаралася на нашай зямлі.

Вось чаму мы з болем і абурэннем успрынялі несправядлівыя і паклёпніцкія словы старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, але прагучалі падчас мітынгу, што адбыўся 28 кастрычніка на Дзяды ў Курапатах, а таксама ў інтэрвью “Белсату ад 30 кастрычніка і “Еўрарадыё ад 2 лістапада.

Спадар Пазьняк безпадстаўна абвінавачвае нас і чапляе на нас ярлыкі. Няхай Гасподзь рассудзіць кожнага з нас па ягоных справах. Мы аддаем належнае вялікай ролі Зянона Пазьняка ў адкрыцці праўды пра Курапаты і мемарыялізацыі ўрочышча, але лічым, што гэта не дае яму права зневажаць нас

.  

Мы вельмі ўстрывожаныя тым, што такія дзеянні старшыні КХП-БНФ спрыяюць не справе аб’яднання грамадзянскай супольнасці, а яе расколу. Недапушчальна дзяліць памяць пра бязвінна загубленых ахвяраў сталінізму па нацыянальнай, канфесійнай ці сацыяльнай прыкметах. Мы супраць любых спроб манапалізацыі праўды на гісторыю палітрэпрэсій 1920-1950-х гадоў. Мы супраць любых спроб “прыватызацыі месцаў расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінскага тэрору.

Мы спадзяемся, што ў спадара Пазьняка хопіць мудрасці і цярпімасці, каб з нашага звароту зрабіць адпаведныя высновы не дзеля задавальнення асабістых амбіцыяў, а дзеля супольнай працы па вызваленню нашага народу ад насілля, хамства і хлусні, ад якіх ён вельмі пакутуе на працягу апошніх 200 гадоў.

Мы адмаўляемся ад далейшай дыскусіі з старшынёю КХП-БНФ да той пары, пакуль краіна не вернецца з абсурднага ў нармальны стан, калі людзі шукаюць вытокі сваіх праблем не ў іншых, а ў сабе.

Мы прапануем Зянону Пазьняку і КХП-БНФ супрацоўніцтва ў справе абароны Курапатаў — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму, паколькі мемарыял патрабуе пільнай увагі грамадскасці.

Аўтар гэтага артыкулу, вядомы журналіст Марат Гаравы таксама — сябар “Мемарыялу, Грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі і грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты.