Як лячыць ВРВІ? Спытайце ў педыятра
Тэмпература, кашаль, насмарк здараюцца з усімі дзецьмі. Гэты сімптомакомплекс называюць «вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыяй» або «вострым рэспіраторным захворваннем». Што трэба, а што не трэба рабіць пры ВРВІ, — расказвае доктар Мая Церакулава.
У арэале Беларусі жыве больш за шэсцьсот штамаў розных відаў рэспіраторных вірусаў. Усе яны выклікаюць больш-менш падобную сімптаматыку і лечацца аднолькава, таму высвятляць, які менавіта вірус вы падхапілі, не трэба: усё роўна лячэнне сімптаматычнае.
Эфектыўныя супрацьвірусныя прэпараты існуюць ад ВІЧ, гепатыту С, грыпу і герпесу. Яны, скажам так, больш-менш эфектыўныя. У леках ад кожнага канкрэтнага віруса — рэчывы, якія дзейнічаюць супраць гэтага і толькі гэтага віруса. Не існуе прэпарата, які б уздзейнічаў на ўсе рэспіраторныя вірусы. Рэклама хлусіць.
Раней вірус гепатыту С лячылі вялікімі дозамі інтэрферону — калі паўставала пытанне жыцця і смерці. Людзі лячыліся паўгода, трацілі тысячы долараў, іх ванітавала, яны пастаянна адчувалі сябе дрэнна, худнелі на дваццаць кілаграм — і лячэнне дапамагала не заўсёды. Я гэта расказваю, каб вы разумелі, як выглядае лячэнне інтэрферонам. Кропелькі за дзесяць рублёў у аптэцы не працуюць. Ні «Кагацэл», ні «Гропрынасін», ні «Анаферон», ні іншыя фероны не працуюць. «Сінупрэт» і «Танзілгон» не працуюць таксама — нельга вылечыць танзіліт, праглынуўшы трохі травак. На жаль.
«Павышаць імунітэт» не трэба. Калі дзіця часта хварэе, але цалкам паспяхова выздараўлівае, значыць, яго імунітэт выдатна спраўляецца. Піць вітамінкі не трэба: калі дзіця паўнавартасна сілкуецца, яму хапае вітамінаў з ежы. Хочаце дапамагчы імунітэту — пазнаёмце яго з самымі небяспечнымі інфекцыямі загадзя: вакцынуйцеся. Вакцынавацца ад грыпу можна з паўгода, гэта эфектыўны і бяспечны спосаб прадухіліць мноства выкліканых грыпам ускладненняў.
Не трэба лячыць вірусныя інфекцыі антыбіётыкамі, таму што бактэрыі і вірусы — розныя тыпы арганізмаў. Антыбіётыкі не дапамагаюць ад вірусаў. Бескантрольнае ўжыванне антыбіётыкаў робіць бактэрыі ўстойлівымі да іх, фармуе бактэрыяльную рэзістэнтнасць. Іншых антыбіётыкаў ўжо не вынайдуць, спосабы ўплыву на бактэрыі вычарпаныя. Чалавецтва можа зноў застацца безабаронным. Выпіўшы які-небудзь рэзервовы фторхіналон на хворае горла, чалавек пазбаўляе сябе выратавання ў выпадку трапляння ў ДТЗ. Таму што бактэрыі ўжо знаёмыя з фторхіналонам і не баяцца яго.
Ужыванне антыбіётыкаў пры рэспіраторных вірусных інфекцыях не толькі бескарыснае, але і небяспечнае ў доўгатэрміновай перспектыве.
Як жа лячыць ВРВІ? Багатым пітвом. Вось так, сумна. Пры высокай тэмпературы прымаць парацэтамол або «Ібупрафен». Худзенькім дзецям пры высокай тэмпературы прапануйце салодкія напоі: глюкоза лёгка папоўніць страту калорый. Мае маленькія пацыенты любілі мяне за тое, што ў якасці лячэння я прапаноўвала ім пернікі і кампот. І яны заўсёды выздараўлівалі.
Калі закладзены нос, выкарыстоўвайце самыя простыя судзіназвужальныя кроплі, у складзе якіх ксіламетазалін. «Фраміназін» і «Пратаргол» не працуюць. Гарманальныя спрэі працуюць яшчэ як, але не варта паліць з гарматы па вераб'ях.
Калі баліць горла, рассмоктвайце мятныя ледзяшы — і нават не абавязкова аптэчныя. Гаючыя ўласцівасці травак у аптэчных ледзяшах вельмі сумнеўныя, а ў антысептыках для горла няма зусім ніякага сэнсу, таму што вы іх праглынаеце са слінай.
Калі дзіця кашляе вільготным прадуктыўным кашлем, не трэба даваць яму мукалітыкі — ні «Амбраксол», ні АЦЦ. Дзеці маленькія і слабыя, яны задыхнуцца, калі не змогуць адкашляць аб'ём макроты, які значна павялічыўся. Прапануйце лепш шмат піць — гэтага дастаткова, каб зрабіць макроту вадкай і лёгка адкашлівацца.
Аснова лячэння ВРВІ — сімптаматычная тэрапія
Хоць існуе панацэя — грудное малако. Дзіця нараджаецца з імунітэтам маці да ўсіх перанесеных ёю калі-небудзь інфекцый. Але месяцам к пяці-шасці гэтыя імунныя клеткі пачынаюць гінуць. Іх запас можна папаўняць грудным малаком.
Яшчэ з блізкага да панацэі — увільгатняльнік паветра. Ён не толькі палягчае сімптаматыку, але і шмат у чым дапамагае прафілактыцы рэспіраторных інфекцый. На нашых слізістых жыве імунаглабулін А, наш уласны імунітэт. Але жыве ён толькі на вільготных слізістых. А ў ацяпляльны сезон паветра ў памяшканнях перасушанае, і сухія слізістыя становяцца выдатнымі варотамі для інфекцый. Таму, сустракаючы на сваім участку нованароджанага, я настойліва прашу: купіце ўвільгатняльнік паветра..
І напрыканцы скажу: не бойцеся вірусных інфекцый. Так ці інакш, дзіцяці трэба будзе набыць імунітэт — у садку ці ў школе. Калі вы плануеце жыць у соцыуме, трэба фарміраваць імунітэт да інфекцый гэтага соцыума. Я прапаную бацькам ставіцца да чарговай рэспіраторнай інфекцыі дзіцяці як да яшчэ адной зафарбаванай клетачкі на аркушы. Чым больш клетачак зафарбавалі, тым менш засталося.