Як прасачыцца ў шчыліну, якой няма
Аляксандр Лукашэнка — майстар лавіравання. Ва ўмовах, калі «дапякло», ён заняўся звыклай справай. Напэўна, гэтым і тлумачацца супярэчлівыя крокі ўлады: з аднаго боку, сустрэча ў СІЗА КДБ з Бабарыкам і вызваленне некаторых палітзняволеных, з іншага — брутальныя дзеянні сілавікоў у мінулую нядзелю.
Дапякло?
Наступствы «вайны супраць Захаду» не прымусілі сябе чакаць. Нагадаем, раней беларускі МЗС запатрабаваў адклікаць з Беларусі «для кансультацый» амбасадараў Польшчы і Літвы — па меркаванні афіцыйнага Мінска, «галоўных лялькаводаў» беларускага пратэсту. Але ў адказ аб’яднаная Еўропа прадэманстравала еднасць, адклікаўшы «для кансультацый» амбасадараў не толькі запатрабаваных беларускім МЗС краін. У выніку ў Мінску засталіся кіраўнікі дыпламатычных місій толькі Аўстрыі і Італіі.
Такі дэмарш Еўропы вокамгненна даў эканамічны эфект. Па-першае, Літва адмовілася пералічваць чарговы транш тэхнічнай дапамогі ЕС для Беларусі. Па-другое, як і прадказвалася, «пасыпаліся» еўрапейскія банкі. Еўрапейскі інвестыцыйны банк адмовіўся ад узаемадзеяння з Беларуссю, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пакуль не агучыў па Беларусі афіцыйнае рашэнне, аднак у прынятай у верасні рэзалюцыі Еўрапарламента банку рэкамендуецца прыпыніць фінансаваць у Беларусі праекты з удзелам дзяржавы. Падобны досвед у ЕБРР ёсць: гэтая структура ўжо згортвала супрацу з Сінявокай пасля падобнай рэзалюцыі ў 2011 годзе.
А галоўнае: пад пагрозу пастаўленая магчымасць размяшчэння еўрааблігацый — у 2012–2016 гадах разлікова-клірынгавыя сістэмы ЕС Euroclear і Clearstream, спасылаючыся на наяўнасць санкцый Бруселя, адмаўляліся рэгістраваць выпускі беларускіх еўрабондаў. Між тым, менавіта еўрааблігацыі ўвесь час былі «выратавальным кругам» для беларускай эканомікі і ці не адзінай крыніцай паступлення крэдытных рэсурсаў у валюце. Бо Расія дае крэдыты толькі на рэфінансаванне нашых пазыкаў (гэта азначае, перакладае грошы з аднаго маскоўскага рахунку на іншы маскоўскі рахунак), а Кітай дае крэдыты ў юанях, і таксама «звязаныя». То-бок, за кітайскі крэдыт мы аплачваем працу кітайскіх рабочых і пастаўкі кітайскага абсталявання.
Карацей, прыціснула. Не дзіва, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей патэлефанаваў вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю. Афіцыйна яны размаўлялі пра «перспектывы адносін паміж Беларуссю і ЕС». Але відавочна, што, калі Мінск выганяе еўрапейскіх амбасадараў, ніякіх перспектыў быць не можа. Фактычна, пра гэта Макею і было заяўлена. «ЕС чакае ад уладаў Беларусі спынення гвалту і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, а таксама вызвалення ўсіх затрыманых і палітычных зняволеных, павагі свабоды СМІ і грамадзянскай супольнасці, і заклікаў улады Беларусі пачаць усёабдымны нацыянальны дыялог», — гаварылася ў паведамленні з нагоды тэлефоннай размовы, распаўсюджаным прадстаўніцтвам ЕС у Мінску.
Як прадаць палітвязня
У гэтых варунках Лукашэнка заняўся тым, чым звыкла займаецца ўжо даўно. Цяпер ён спрабуе імітаваць «дыялог» і прадаць Захаду палітвязняў. Менавіта так выглядае яго візіт у СІЗА КДБ да каманды Віктара Бабарыкі і вызваленне двух чалавек з запрошаных на сустрэчу.
Лукашэнка ў СІЗА КДБ сустрэўся з Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі, адным з каардынатараў штабу Бабарыкі Юрыем Васкрасенскім, чальцом Каардынацыйнай рады Ліліяй Уласавай, адвакатам Іллём Салеем, паліттэхнолагам Віталём Шкляравым. Верагодна, на сустрэчы таксама былі Кірыл Бадзей, які да арышту займаў пазіцыю в.а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка, а таксама дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч. Амаль усіх гэтых людзей (за выключэннем, можа, Рабцэвіча і Шклярава) можна ўмоўна назваць «штабам Віктара Бабарыкі». Пазней Васкрасенскі і Рабцэвіч выйшлі на волю — ім была змененая мера стрымання.
Афіцыйная версія пра тое, што Лукашэнка абмяркоўваў на сустрэчы магчымыя змены ў Канстытуцыю, ні ў каго не выклікала даверу. Хаця б таму, што перад сваім арыштам Віктар Бабарыка выступіў з ініцыятывай па вяртанні ў дзеянне Канстытуцыі 1994 года, а яго штаб нават абвясціў аб фарміраванні ініцыятыўнай групы, якая павінна была сабраць 450 тысяч подпісаў, неабходных для правядзення рэферэндуму па гэтым пытанні. Як, у такім выпадку, з Бабарыкам можна абмяркоўваць новую Канстытуцыю?
Тым больш, што пакуль няма нават прадмета для абмеркавання — праект гэтых зменаў не аформлены, не прадстаўлены да ўвагі грамадству, і вельмі сумнеўна, што для палітвязняў было зроблена выключэнне.
Па вялікім рахунку, ёсць дзве асноўныя версіі наведвання Лукашэнкам СІЗА КДБ. Першая: ён падбірае сабе «апанентаў» для пачатку таго «ўсёабдымнага нацыянальнага дыялогу», які патрабуе Еўропа. Відавочна, яму важна, каб за магчымым «круглым сталом» сядзела гэтакая «ўмераная апазіцыя», а не рашучыя і радыкальныя Мікалай Статкевіч з Паўлам Севярынцам. Мажліва, Лукашэнка прамацваў глебу: наколькі можна размаўляць з Бабарыкам.
Другая версія больш радыкальная: Лукашэнка гатовы «рвануць з краіны», і размаўляў пра нейкія гарантыі бяспекі для яго і яго блізкага (вельмі блізкага) атачэння. Да такой думкі падштурхоўвае выбар суразмоўцаў і час размовы — чатыры з паловай гадзіны.
Размаўляць пра гарантыі бяспекі Лукашэнку больш няма з кім. Ён не можа надаць сабе такіх гарантый, бо не з’яўляецца легітымным, і ўсе яго рашэнні не вартыя паперы, на якой напісаныя. Ён не можа размаўляць пра гарантыі са Святланай Ціханоўскай, бо яе праграма вядомая: гэта вызваленне палітвязняў і сумленныя празрыстыя выбары. Ціханоўская неаднаразова казала: яна не хоча быць прэзідэнтам і пайшла ў выбарчую кампанію толькі дзеля забеспячэння двух гэтых пунктаў.
А вось у Віктара Бабарыкі шанцы стаць прэзідэнтам на свабодных і празрыстых выбарах (як паказала перадвыбарчая кампанія) — даволі вялікія. І ён мог бы даць гарантыі непераследу былога кіраўніка краіны ў тым выпадку, калі стане прэзідэнтам.
Інсайд
Цікавую версію са спасылкай на неназваныя (зразумела, чаму) крыніцы ў беларускім кіраўніцтве — у Саўбезе, у Адміністрацыі прэзідэнта і ў Саўміне — выказалі расійскія «Адкрытыя медыя». Маўляў, раней Масква дала Лукашэнку месяц на ўтаймаванне пратэстаў. Прайшло два месяцы — нічога не зроблена. І таму Лукашэнка прапанаваў сваім апанентам здзелку. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў спыніць вулічныя выступы і спробы арганізаваць забастоўкі. Узамен Лукашэнка выпускае апазіцыянераў на свабоду, дзе яны ўвойдуць у склад будучай камісіі па выпрацоўцы новай Канстытуцыі. Калі яна будзе гатовая (у наступным годзе) — адбудуцца і новыя выбары.
Але справа ў тым, што Лукашэнка пра спыненне пратэстаў размаўляў, падаецца, не з тымі людзьмі. Разлічваць на тое, што Бабарыка выйдзе на волю, і пратэсты спыняцца — вяршыня наіўнасці. Людзі выйшлі не столькі за Віктара Дзмітрыевіча (хоць і за яго таксама) і за Святлану Ціханоўскую, колькі супраць сістэмы фальсіфікацыі і гвалту, якая ўвасобленая ў адным чалавеку. Таму ездзіць у КДБ да Бабарыкі за «спыненнем пратэсту» Лукашэнку проста бессэнсоўна.
Лукашэнка, напэўна, усё яшчэ не можа прыняць, што супраць яго — большасць краіны. І гэта нават пяць выпушчаных на волю Бабарыкаў не зменяць. Як слушна напісала Ірына Халіп, калі б Бабарыка выйшаў да пратэстоўцаў і сказаў: «Мы тут пагутарылі і вырашылі, што час сыходзіць з вуліц і пачынаць дыялог па канстытуцыйнай рэформе», яму б адказалі: «Ды хто вы такія, каб указваць, што нам рабіць?»
Але ўсё гэта — варажба на кававай гушчы. Дакладна не вядома, пра што размаўлялі Лукашэнка з камандай Бабарыкі. Тым не менш, большасць экспертаў сходзіцца ў адным: Лукашэнку прыціснула. Наведванне СІЗА КДБ — гэта вымушаны крок, і змусілі яго да гэтага вулічныя пратэсты. Улада такім чынам паказала, што пратэсты — дзейнічаюць, што ўлада — расхісталася і саслабла. Пакуль не да такой ступені, каб рассыпацца, але справа да таго ідзе.
Таму не варта супакойвацца, спыняць пратэст і крычаць, што «вуліца злілася». Не, пратэст — моцны інструмент.
Сілавы адказ Чэмберлену
У той жа час усе спробы (калі такія былі) паслаць Захаду сігнал пра гатоўнасць да перамоваў разбіліся праз жорсткае падаўленне Маршу гонару. Паведамлялася пра выкарыстанне вадамётаў, святлашумавых гранат, па пратэстоўцах зноў стралялі гумовымі кулямі. Было затрымана больш за 600 чалавек, з іх — пад тры дзясяткі журналістаў. Каля 10 чалавек даставілі з Маскоўскага РУУС Мінска ў бальніцу хуткай дапамогі з цяжкімі траўмамі.
Чаму зноў была прадэманстраваная жорсткасць? Раней казалася, што Лукашэнка хацеў запляміць крывёю як мага больш сілавікоў: маўляў, каб яны не «саскочылі» і абаранялі яго да апошняга. Таму быў такі «брутал» 9–13 жніўня. Але цяпер, імаверна, сілавікі паказалі, што гэтая тактыка працуе ў абодва бакі. Калі «саскочыць» захацеў Лукашэнка, яму выбітна прадэманстравалі: «Без нас не атрымаецца». Сілавікі вокамгненна нівелявалі ўсе «сігналы» наконт дыялогу жорсткасцю на вуліцы.
Менавіта таму ў першую чаргу хапалі журналістаў: на іх затрыманне Захад рэагуе больш балюча, чым на затрыманне простых дэманстрантаў.
Такім чынам грамадзянін Лукашэнка аказаўся ў закладніках той самай сістэмы, якую ён выпеставаў. І добрага выйсця з гэтай сітуацыі для яго няма.
Што будзе далей, наўрад ці хто прадкажа. Як зазначыў рэдактар «Салідарнасці» Аляксандр Старыкевіч, «развіццё сюжэту не будзе лінейным», і на фоне заклікаў да дыялогу верагоднае таксама ўзмацненне рэпрэсій.
Адно можна сказаць дакладна: пратэст вельмі моцна цісне на ўладу, і ў яе ўжо няма добрага выйсця. Лукашэнка, канешне, майстар выслізнуць з сітуацыі, і ён шукае гэтую шчыліну, у якую мог бы прасачыцца. Ці знойдзе — вялікае пытанне.