Як ствараюцца беларускія дзягі (+відэа)
Рамеснік Алесь Славінскі
займаецца вырабам унікальных скураных рамянёў, бранзалетаў і іншых рэчаў, якія
аздабляе нацыянальнай сімволікай. І шукае інвестараў, каб адчыніць грамадскую творчую майстэрню.
Майстраваць са скуры Алесь пачаў ужо ў сталым узросце і пры тым досыць нечакана. “У 2012 годзе на фірме, дзе я працаваў, пачаўся крызіс. Працы амаль не было. А ў доме, дзе я кватараваўся, было шмат усялякай старой галантарэі. У кладоўцы я знайшоў кавалак скуры. Гэта была якасна апрацаваная скура,здаецца, смілавіцкага скуранога заводу, які ўжо не працуе. Паспрабаваў нешта з гэтай скуры зрабіць. Атрымаўся даволі прывабны бранзалет. Сябры яго ацанілі, што натхніла мяне на далейшую працу са скурай. Паціху рабіў бранзалеты і рамяні на падарункі сябрам. Можа, яны і не былі ідэальнымі, але зробленыя з душой, на што людзі звярталі ўвагу”, — узгадвае Алесь.
Алесь спачатку апрацоўваў скуру падручнымі сродкамі: сцізорыкам, ножыкам, малатком. Потым паціху пачаў збіраць спецыяльны інструмент. “Нават дзірку ў скуры звычайным цвіком прыгожа не зробіш — патрэбны адмысловы прабойнік. У нас у Мінску ёсць добрая крамка, што гандлюе швейнай фурнітурай. Там я набыў некаторыя прылады. Шмат замаўляў інструменту на Aliexpress, там атрымлівалася значна танней”, — распавядае майстар.
Фотаздымкі сваіх вырабаў Алесь пачаў выкладаць у сацсеткі. Пайшлі водгукі. З’явіўся невялікі попыт. Пасля гэтага Алесь зарэгістраваўся рамеснікам і пачаў выраб рэчаў на замову.
“Скуру спачатку браў у Гатава. Ёсць адыходы вытворчасці, ласкуты, якія прадаюцца за капейкі. Але гатаўская скура апрацоўвалася досыць складана. Зараз перайшоў на гарадзенскую скуру. Пытанне вырашылася не адразу. Прыязджаеш на завод, звяртаешся ў камерцыйны аддзел, а яны кажуць: “Нам з вамі працаваць нецікава!”. Не хацелі вазіцца з дробным рамеснікам, бо вельмі малая партыя. Але я пагаварыў з дырэктарам і ён даў згоду. Гродзенская скура “кулат” добра пасуе для вырабу аднаслойных дзяг, якія я, збольшага, раблю”, — тлумачыць Алесь.
Сябры Алеся збольшага нацыянальна арыентаванае, таму ідэя аздабляць свае вырабы нацыянальнай сімволікай прайшла сама сабой. Так з’явіліся унікальныя дзягі з Пагоняй ды іншымі цікавосткамі. Аказалася, што дзяг з выяваю “Пагоні” ў Беларусі практычна не было. Больш за тое, калі майстар пачаў шукаць фірмы, якія б змаглі зрабіць пражкі з “Пагоняй”, гэта таксама стала пралемай. “На жаль беларускія фірмы, якія пагадзіліся гэта зрабіць, выставілі вялікія кошты. Знайшоў праз інтэрнэт украінскую фірму, што займаецца вырабам значкаў. Прапанаваў ім вырабіць пражкі з Пагоняй. Яны вырашылі паспрабаваць, узгаднілі эскіз і ўрэшце зрабілі мне 50 пражак па прымальным кошце”, — кажа Алесь.
Зараз Алесь марыць
стварыць грамадскую творчую майстэрню, дзе любы чалавек пад кіраўніцтвам
майстра мог бы ўласнаручна зрабіць для блізкага чалавека ўнікальны скураны падарунак.
На такі праект у Алеся Славінскага сваіх сродкаў няма, але ён думае пра тое, каб прыцягнуць інвестараў
ці паспрабаваць краўдфандынг. Магчыма хтосьці з нашых чытачоў зацікавіцца гэтай
ідэяй.