Як судзілі Святлану Алексіевіч
Гэтак выйшла, што дзве леташнія даты засталіся ў ценю чорных навін мінулага года: 5 гадоў таму Святлана Алексіевіч стала першым беларускім нобелеўскім лаўрэатам, і 30 гадоў таму была апублікаваная кніга «Цынкавыя хлопчыкі», за якую аўтара потым судзілі.
Той судовы працэс над Святланай Алексіевіч зрабіўся не проста фактам яе біяграфіі — ён стаў фіналам «Цынкавых хлопчыкаў».
Кошт гонару
З судовай позвы Ляшэнкі Алега Сяргеевіча, былога радавога, гранатамётчыка:
«6 кастрычніка 1989 года ў артыкуле “Мы вяртаемся адтуль…”, апублікаваным у газеце “Літаратура і мастацтва”, былі надрукаваныя ўрыўкі з дакументальнай кнігі Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”. Адзін з маналогаў падпісаны маім імем (прозвішча пазначанае няправільна).
У маналогу перададзены мой аповед пра афганскую вайну і маё прабыванне ў Афганістане, стасункі паміж людзьмі на вайне, пасля вайны і г. д.
Алексіевіч цалкам сказіла мой аповед, дапісала тое, што я не гаварыў, а калі гаварыў, то разумеў гэта па-іншаму, зрабіла самастойныя высновы, якіх я не рабіў.
Частка выказванняў, якія напісала С. Алексіевіч ад майго імя, прыніжаюць і абражаюць мае гонар і годнасць. […].
20 студзеня 1993 года.
Без асабістага подпісу».
Са стэнаграмы дасудовай гутаркі:
«Суддзя: Т. Гараднічава, адвакаты: Т. Уласава, В. Лушкінаў, пазоўнік: А. Ляшэнка, адказчыца: С. Алексіевіч.
Суддзя Т. Гараднічава: Пазоўнік, вы сцвярджаеце, што пісьменніца сказіла факты, якія вы ёй паведамілі?
А. Ляшэнка: Так.
Суддзя Т. Гараднічава: Адказчыца, прашу вас патлумачыць па сутнасці дадзенага пытання.
С. Алексіевіч: Алег, я хацела табе нагадаць, як ты расказваў і плакаў, калі мы сустрэліся, і не верыў, што тваю праўду можна будзе недзе надрукаваць. Ты прасіў, каб я гэта зрабіла… Я напісала. І што цяпер? Цябе зноў падманваюць і выкарыстоўваюць. Другі ўжо раз… Але ж ты тады казаў, што ўжо ніколі не дасі сябе падмануць?
А. Ляшэнка: Каб вы пабывалі на маім месцы: жабрачая пенсія, працы не маю, двое маленькіх дзяцей… Жонку нядаўна таксама скарацілі. Як жыць? На што жыць? А ў вас ганарары. Друкуецеся за мяжой. А мы, выходзіць, забойцы, гвалтаўнікі. […]
Суддзя Т. Гараднічава: На чым настойвае пазоўнік?
А. Ляшэнка: Каб пісьменніца перада мной публічна выбачылася і мне была кампенсаваная маральная страта… […] За мой зняважаны салдацкі гонар я патрабую, каб С. Алексіевіч заплаціла мне 50 тысяч рублёў.
С. Алексіевіч: Алег, я не веру, што гэта твае словы. Ты кажаш гэта з чужых словаў… Я памятаю цябе іншага… І ты занадта танна ацаніў свой абпалены твар, сваё страчанае вока… Толькі не мяне трэба клікаць у суд. Ты пераблытаў мяне з Міністэрствам абароны і Палітбюро КПСС… […]».
Рамантыка рабства
Мы гутарылі са Святланай Алексіевіч яшчэ да гэтых судовых разбораў — вясной 1991 года, неўзабаве пасля таго, як выйшла яе кніга пра вайну СССР у Афганістане з драматычнымі маналогамі тых, хто выжыў, і з аповедамі маці тых, што вярталіся на радзіму ў цынкавых трунах. Інтэрв’ю называлася сімвалічна — «Каб чалавек жахнуўся самога сябе»…
«Я не хацела пісаць пра вайну. Ніякіх фізічных і душэўных сіл для гэтай тэмы ў мяне ўжо не было. Але ўся наша гісторыя — ваенная. І дзяленне пісьменнікаў на ваенных і неваенных няправільнае — мы ўсе дзеці ваеннага часу, дзеці ваеннага сацыялізму, дзеці ваеннай псіхалогіі, — гаварыла тады Алексіевіч. — Я вельмі доўга чакала, каб з’явілася такая кніга. Я пастаянна чула гук гэтай вайны, калі, напрыклад, спачатку бачыла пахаванне і маці на могілках, а потым гэтая ж маці выступала недзе ў школе, і я з жахам глядзела на хлопчыкаў з гітарамі, што хацелі быць героямі!..
Ваенныя газеты часта абвінавачваюць мяне ў нападках на армію. Але што значыць — нападкі на армію? Мы ўсе — адна армія… Армія — злепак з нашага грамадства, дзе ўсе плюсы і мінусы даведзены да вобраза, да сімвала. Я лічу: каб даведацца, што гэта за грамадства, трэба ўбачыць ягоныя войска і турму. Там бяспраўе і рабства дасягнулі максімальных формаў».
І хоць з таго часу прайшло трыццаць гадоў, я і сёння памятаю яшчэ адну жорсткую фразу пісьменніцы, якая была адной з тых глыбінных прычын, з-за якой яе потым прыцягнулі ў суд: «Мы зразаем гэты нарыў, а не займаемся самагубствам. І калі ў Тэатры імя Янкі Купалы мы рэпеціравалі сцэны са спектакля, я казала актрысам, што іграюць маці: «Не іграйце пакуты! Калі вы пакутуеце, вы тым самым кажаце: вінаватая армія, яшчэ нехта! Але забойцы сыноў — вы самі. Вы, рабы, выхавалі рабоў, бо ніхто з вас не выйшаў на плошчу, як рабілі гэта ў Амерыцы салдацкія маці. Ніхто не спаліў партбілет! Так што не іграйце пакуты — іграйце забойцаў».
Алексіевіч казала так, бо падчас рэпетыцый адна актрыса крычала ў бок будынка ЦК КПБ, што месціўся побач з Купалаўскім тэатрам: «Вы яго забралі! Вы яго забілі!» У гэтым была звыклая з савецкіх часоў фальшывасць, і пісьменніца параіла актрысе: «Крычыце ў сябе. Гэта вы забілі свайго сына. Бо рабыня выхавала раба. І ўсе мы — рамантыкі рабства. Гэта вы, маці, спачатку выхавалі сваіх сыноў, потым самі ж аддалі іх, а затым самі панеслі іх касцюмчыкі і дзіцячыя сшыткі ў музеі. Вы зрабілі гэта замест таго, каб падумаць: Божа мой, што ён там рабіў? Што з імі зрабілі?! Мы прывыклі вінаваціць каго заўгодна, але толькі не сябе».
«Мне не патрэбная вашая праўда!»
З судовай позвы Кацярыны Мікітаўны Плаціцынай, маці загінулага маёра Аляксандра Плаціцына:
«[…] У маналогу, надрукаваным у газеце і кнізе, скажоны мой аповед пра сына. С. Алексіевіч, нягледзячы на тое, што кніга дакументальная, некаторыя факты дадала ад сябе, шмат што з маіх аповедаў выкінула, зрабіла самастойныя высновы і падпісала маналог маім імем.
Артыкул абражае і прыніжае мае гонар і годнасць…
Без асабістага подпісу і даты».
Са стэнаграмы дасудовай гутаркі:
«Суддзя: Т. Гараднічава, адвакаты: Т. Уласава, В. Лушкінаў, пазоўніца: К. Плаціцына, адказчыца: С. Алексіевіч.Суддзя Т. Гараднічава: Мы слухаем вас, Кацярына Мікітаўна…
К. Плаціцына: Вобраз сына, захаваны ў маёй свядомасці, цалкам не адпавядае вобразу, што выведзены ў кнізе. […] Там усё не так, як я казала. Мой сын быў не такі. Ён любіў сваю Радзіму. (Плача.)
Суддзя Т. Гараднічава: Я прашу вас супакоіцца і назваць нам факты.
К. Плаціцына (зачытвае з кнігі): «Пасля Афганістана (гэта калі ён прыехаў у адпачынак) яшчэ пяшчотнейшы зрабіўся. Усё яму дома падабалася. Але былі хвіліны, калі сядзе і маўчыць, нікога не бачыць. Начамі падхопліваўся, хадзіў па пакоі. Адзін раз прачынаюся ад крыку: “Выбух! Выбух!” Другі раз чую ўначы: хтосьці плача. Хто можа ў нас плакаць? Маленькіх дзетак няма. Адчыняю яго пакой: ён абхапіў галаву дзвюма рукамі і плача…»
Ён быў афіцэр. Баявы афіцэр. А тут ён паказаны як румза. Хіба пра гэта трэба было пісаць?
Суддзя Т. Гараднічава: Я сама гатовая заплакаць. І не раз плакала, калі чытала гэтую кнігу, ваш аповед. Але што тут абражае ваш гонар і годнасць?
К. Плаціцына: Разумееце, ён быў баявы афіцэр. Ён не мог заплакаць. […] Святлана Аляксандраўна, навошта вы такое панапісвалі?
С. Алексіевіч: Калі я пісала ваш аповед, я таксама плакала. І ненавідзела тых, хто паслаў вашага сына дарэмна загінуць у чужой краіне. І мы тады былі з вамі разам, былі паплечніцамі.
К. Плаціцына: Вы кажаце, я павінна ненавідзець дзяржаву, партыю… А я ганаруся сваім сынам! Ён загінуў як баявы афіцэр. Яго ўсе таварышы любілі. Я люблю тую дзяржаву, у якой мы жылі, — СССР, бо за яе загінуў мой сын. А вас ненавіджу! Мне не патрэбная вашая страшная праўда. Яна мне не патрэбная! Чуеце?!»
Развітанне з міфамі
«Яны пра ўсё мне распавядалі! — прыгадвала Святлана Аляксандраўна. — Але прачытаць у кнізе хацелі зусім пра іншае: яны хацелі, каб я пісала толькі пра гераізм. Думаю, што гэта масавая культура краіны, у якой мы жылі (а хутчэй за ўсё гэта было прапагандысцка-ваенная культура), навязала ім гэтую гераічную патэтыку, што не прызнае каштоўнасці пачуццяў, перажыванняў і ўласнага жыцця. І вось гэтыя жанчыны чакалі ад мяне, што я зраблю гэтаксама, як і іншыя журналісты, што прыходзілі да іх. Яны ім расказвалі адно, а ў газетах з’яўлялася зусім іншае: там раптам нараджаўся вобраз геройскага хлопца, які перагарадзіў шлях ворагу. То-бок досвед іх чалавечых пачуццяў, іх уласнае асэнсаванне таго, што мы такое, чаму гэта ўсё з намі адбываецца, і што мы наогул разумеем пра сэнс чалавечага жыцця, — усё гэта лічылася не галоўным. І таму самы складаны для мяне канфлікт быў не з уладай (з ёй якраз усё зразумела!), а з масавай свядомасцю, якая і да гэтага часу базіруецца на міфах, сілкуецца міфамі. Развітвацца ж з міфамі вельмі балюча — яны сядзяць у чалавеку вельмі глыбока, дзесьці на падсвядомым узроўні...
І вось калі я напісала праўду пра тое, што ўсё было, па сутнасці, бессэнсоўна, што дзіця, якое ты гадавала ў адзіночку, у цябе проста забралі, а потым нават не далі з ім развітацца... Не кожны чалавек можа падняцца да асэнсавання, што мы такое. Дзяржава прапануе толькі міф пра герояў: маўляў, ваш сын, працягваючы справу бацькоў, па-геройску загінуў... Так, гэты міф яшчэ неяк апраўдвае і твае цяжкія сумкі, і тваю маленькую кватэру, і твае слёзы...»
Зрэшты, той першы суд закончыўся нічым — пазоўнікі на судовы разбор не прыйшлі. Аднак праз паўгода пісьменніца атрымала дзве новыя судовыя позвы ўжо ад іншых герояў сваёй кнігі.
«Мы дзяцей страцілі, а ёй — слава»
З судовай позвы Іны Сяргееўны Галаўнёвай, маці загінулага старшага лейтэнанта Юрыя Галаўнёва:
«[…] У апублікаваным маналогу, падпісаным маім прозвішчам, маюцца недакладнасці і скажэнні фактаў, якія я паведаміла С. Алексіевіч, а таксама адкрытая хлусня, выдумкі, то-бок пераказаныя нібыта з маіх слоў абставіны, пра якія я не паведамляла. Вольная інтэрпрэтацыя маіх выказванняў, а таксама яўныя домыслы, пераказаныя нібыта ад майго імя, зневажаюць мой гонар і годнасць, пагатоў аповесць дакументальная. Як я мяркую, аўтар-дакументаліст абавязаны дакладна пераказваць атрыманую інфармацыю, мець запісы гутарак, узгадняць тэксты з інтэрв’юаванымі.
Так, Алексіевіч піша ў артыкуле: «Няхораша маці ў гэтым прызнавацца, але я любіла яго больш за ўсіх на свеце. Больш за мужа, больш за другога сына». (Гаворка ідзе пра майго загінулага сына Юру.) Прыведзеная цытата прыдуманая (не адпавядае майму аповеду). Згадка пра нібыта розную ступень любові да сыноў прывяла да канфлікту ў сям’і, мяркую, прыніжае маю годнасць. […]
Алексіевіч сказіла і мой нібыта аповед пра абставіны адпраўкі сына ў Афганістан. Яна ўказвае на нібыта ягоныя словы: «Я паеду ў Афганістан, каб даказаць ім, што ў жыцці ёсць і высокае, і не кожнаму хапае для шчасця забітай мясам лядоўні». Нічога такога не было. Сцверджанні Алексіевіч зневажаюць мяне і майго сына. Як нармальны чалавек, патрыёт, рамантык, ён добраахвотна прасіўся ў Афганістан.
Не казала я Алексіевіч і такіх фразаў, калі западозрыла пра намер сына папрасіцца ў Афганістан: «Цябе заб’юць там не за Радзіму, цябе заб’юць немаведама за што… Хіба можа Радзіма пасылаць на згубу…» Я сама адправіла яго туды. Сама! […]».
З выступу ў судзе І. С. Галаўнёвай:
«…Месяц я ляжала плазам. Не хацела нікога чуць. Усё ў маім доме было вымкнутае. Я нікому не адчыняла дзвярэй. Алексіевіч была першая, хто ўвайшоў у мой дом. Яна сказала, што хоча напісаць праўду пра вайну ў Афганістане. Я ёй паверыла. Сёння яна прыйшла, а назаўтра мяне меліся пакласці ў больніцу, і я не ведала, вярнуся я адтуль ці не. Я не хацела жыць, без сына я не хацела жыць. Калі Алексіевіч прыйшла, яна сказала, што піша дакументальную кнігу. […] І я ёй аддала дзённік свайго сына, які ён там вёў: «Вы хочаце напісаць праўду, — сказала я, — вось яна, у дзённіку майго сына».
Потым мы з ёй гутарылі. Я ёй расказала сваё жыццё, бо мне было цяжка, я поўзала на каленках у чатырох сценах. Я не хацела жыць. Яна мела з сабой дыктафон і ўсё запісвала. Але не сказала, што будзе гэта друкаваць. Я ёй апавядала проста так, а надрукаваць яна мусіла дзённік майго сына. […]
Але я ёй верыла, я чакала кнігі. Я чакала праўды: за што забілі майго сына? […]
Алексіевіч гэтага не надрукавала, праўды майго сына. Іншай праўды быць не можа, праўду маюць тыя, хто там быў. Яна чамусьці апісала маё жыццё. Простай, дзіцячай мовай. Якая гэта літаратура? Гідкая маленькая кніжыца… […]
Сын мой вырас на палігонах, ён пайшоў па слядах бацькі. У нас дзяды, усе браты бацькі, стрыечныя браты — усе ў войску. Вайсковая дынастыя. І ў Афганістан ён паехаў, таму што быў сумленны чалавек. Ён даў ваенную прысягу. Калі трэба, ён паехаў. Я выхавала цудоўных сыноў. Яму загадалі, ён паехаў, ён быў афіцэр. А Алексіевіч хоча даказаць, што я маці забойцы. І мой сын там забіваў. Што выходзіць? Я яго туды пасылала? І дала яму ў рукі зброю? Мы, мацеркі, вінаватыя, што там была вайна? […]
Мы дзяцей страцілі, а ёй — слава…»
Ці можна судзіць за праўду?
І была яшчэ адна судовая позва — былога радавога Тараса Кецмура, і новыя абвінавачванні: з Алексіевіч наогул не сустракаўся і нічога не распавядаў… І гучалі ў судзе галасы маці загінулых у Афганістане савецкіх салдатаў і афіцэраў, да якіх далучаліся галасы абураных ветэранаў Другой сусветнай вайны: «Як смелі абліваць брудам магілы нашых хлопчыкаў. Яны да канца выканалі свой абавязак перад Радзімай», «Абывацель зараз ва ўсім абвінаваціць гэтых васямнаццацігадовых хлопчыкаў… Вось што вы зрабілі!..», «Зірніце на іх фатаграфіі… Якія маладыя, якія прыгожыя! Хіба ў забойцаў бываюць такія твары? Мы вучылі сваіх дзяцей любіць Радзіму… Навошта вы напісалі, што яны там забівалі? За даляры напісалі… А мы — жабракі. На лекі не хапае. Кветак на магілу сынам няма на што купіць», «Не трэба пытацца ў маці: забіваў яе сын ці не забіваў? Яна памятае адно — яе сына забілі…», «Праз такіх пісакаў, як вы, мы сёння здаём свае пазіцыі ўва ўсім свеце… Польшчу страцілі, Нямеччыну, Чэхаславакію… Мы яшчэ дажывём да таго дня, калі Гарбачова будуць судзіць за гэта. І вас таксама. Вы — здраднікі. Дзе вашы ідэалы? Дзе нашая вялікая дзяржава?»
І былі абразы прама ў зале суда. І пагрозы забіць і парэзаць на кавалкі. І тэлефанавалі і гаварылі, дзе Алексіевіч сёння была і як была апранутая… А ў царкве заламалі свечку на яе смерць… Сябры-літаратары прапаноўвалі ўсталяваць дзяжурства, але яна была фаталістам і адказвала, што навучылася годна прымаць удары ў сваіх настаўнікаў Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. «Проста трэба ўмець спакойна рабіць сваю працу, трэба ўмець не мітусіцца, — гаварыла Алексіевіч мне потым, і дадавала, маючы на ўвазе сваіх абвінаваўцаў: — Яны ўсе аказаліся закладнікамі — закладнікамі ідэі, закладнікамі краіны, якая, прадаўшы іх, знікла і не было з каго ўжо спытаць. Таму прасцей было спытаць з пісьменніцы. Але я ўсё роўна схіляюся і перад маці, і перад загінулымі хлопцамі».
Ад суда яе не ратавала нават заступніцтва вядомых пісьменнікаў-франтавікоў Міколы Аўрамчыка, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Аляксандра Дракахруста, Навума Кісліка і Валянціна Тараса, якія пісалі на адрас суда:
«Паважаючы асабістую мужнасць салдатаў і афіцэраў, пасланых брэжнеўскім кіраўніцтвам КПСС змагацца за чужую, раней сяброўскую нам краіну, шчыра падзяляючы смутак мацярок, чые сыны загінулі ў афганскіх гарах, пісьменніца разам з тым бескампрамісна выкрывае ў гэтай кнізе ўсе спробы гераізаваць ганебную афганскую вайну, спробы рамантызаваць яе, развенчвае хлуслівую патэтыку і фальшывыя хваласпевы. […] Так, яна не паказвала іх рамантычнымі героямі. Але толькі таму, што цвёрда трымалася талстоўскага запавету: “Герой… якога я люблю ўсімі сіламі душы… быў, ёсць і будзе — праўда”. Дык ці можна абражацца на праўду? Ці можна за яе судзіць?»
З беларускімі літаратарамі былі салідарныя вядомыя пісьменнікі Расіі і Польшчы, але суд не прыняў гэта пад увагу, гэтаксама як двойчы не прыняў хадайніцтва аб правядзенні літаратурнай экспертызы. Між тым, паводле заключэння дырэктара Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі Віктара Каваленкі і старшага навуковага супрацоўніка інстытута Міхася Тычыны, «Цынкавыя хлопчыкі» — твор дакументальнай літаратуры, дзе літаральны, кропля ў кроплю, пераказ аповедаў герояў немагчымы, усё тут вырашае воля аўтара і яго здольнасць злучаць дакументальнасць з мастацкай выявай. Гэтаксама мае права аўтар і на змену прозвішчаў і імёнаў герояў. Зрэшты, пра гэта казала і сама пісьменніца: «…Я мушу даказваць, што ёсць праўда і праўдападабенства, што дакумент — гэта не даведка з ваенкамата і не трамвайны квіток. Тыя кнігі, якія я пішу, гэта і дакумент, і адначасова мой вобраз часу… Я не выдумляю, не дадумваю, а збіраю кнігу з самой рэчаіснасці…»
А яшчэ яна гаварыла-пісала: «…Я прыйшла паразмаўляць з мацяркамі. Папрасіць у іх прабачэння за тое, што нельга здабыць ісціну без болю. У мяне ўсё тое ж пытанне, што і ў маёй кнізе: хто мы такія? Чаму з намі можна рабіць усё, што заўгодна? Вярнуць маці цынкавую труну, а потым пераканаць яе падаць у суд на пісьменніцу, што напісала, як гэтая маці не магла нават пацалаваць свайго сына апошні раз і абмывала травамі, гладзіла цынкавую труну… Хто ж мы такія?..
У маёй кнізе “Цынкавыя хлопчыкі” матчыны аповеды — найжурботнейшыя старонкі. Маці моляцца пра сваіх забітых сыноў…
Чаму ж цяпер мы сядзім у судзе насупраць адно аднаго? Што ж адбылося за гэты час?..
Кажуць, што малітва маці і з дна марскога дастане. У маёй кнізе яна дастае іх з нябыту. Яны — ахвяры на алтары нашага цяжкога пакаяння. Яны — не героі, яны — пакутнікі. Ніхто не смее кінуць у іх камень. Мы ўсе вінаватыя, мы ўсе датычныя да той хлусні — пра гэта мая кніга. Чым небяспечны любы таталітарызм? Ён усіх робіць саўдзельнікамі сваіх злачынстваў. Добрых і злых, наіўных і прагматычных…. Маліцца трэба за гэтых хлопчыкаў, а не за ідэю, ахвярамі якой яны сталі. Я хачу сказаць мацяркам: не хлопчыкаў сваіх вы тут бароніце. Вы абараняеце страшную ідэю. Ідэю-забойцу…»
Тым не менш аўтара «Цынкавых хлопчыкаў» судзілі. Судзілі імем Рэспублікі Беларусь. Судовы вырак абвяшчаў: паколькі Алексіевіч і рэдакцыя «Комсомольскай правды», дзе і былі апублікаваныя фрагменты з кнігі, не прадставілі доказаў адпаведнасці сапраўднасці звестак, значыцца, яны несапраўдныя. Таму пісьменніца мусіць выбачыцца перад Тарасам Кецмурам, а газета павінна надрукаваць абвяржэнне. Што ж датычыць позвы Іны Галаўнёвай, суд хоць і прызнаў, што частка звестак, прыпісаная яе аўтарству, не адпавядае рэчаіснасці, тым не менш яе позва была адхілена, бо была прадстаўлена касета з запісам выступу Галаўнёвай на мітынгу некалькі гадоў таму, дзе яна падтрымлівала аўтара «Цынкавых хлопчыкаў»…
…Мы неаднойчы яшчэ гаварылі пра гэты гучны судовы працэс, які Святлана Алексіевіч называла маральнай траўмай, аднак ні ў якім разе не паразай, — кажучы гэта, яна спасылалася на свайго ўлюбёнага Талстога: «Памятаеце, у “Войне и мире” П’ера Безухова вядуць на расстрэл, і спачатку ў яго ўзнікае пачуццё страху, а потым раптам ён пачынае смяяцца: “Мяне расстраляць? Маю несмяротную душу? Ды няўжо гэты французік можа мяне расстраляць?..” Гэтак жа і пісьменнік — калі ён думае пра сур’ёзныя рэчы, ён існуе ў зусім іншай прасторы. І гэта не пагарда — гэта проста стан духу, які вы выхоўваеце літаральна штодня. Бо я ж не толькі кнігі пішу, мой галоўны клопат — гэта праца над сваёй душой. А калі я буду знаходзіцца на ланцугу ў часу, што я напішу?.. Таму каго тады судзілі? — маю кнігу. Але яны не маглі судзіць мой светапогляд, маю несмяротную душу».
А тады, у 1993-м, пакідаючы залу суда пасля чарговай адмовы пра літаратурную экспертызу, Святлана Алексіевіч казала: «Як чалавек… Я папрасіла прабачэння за тое, што прынесла боль, за гэты недасканалы свет, у якім часта немагчыма нават прайсці па вуліцы, каб не закрануць іншага чалавека… Але як пісьменніца… Я не магу, не маю права прасіць прабачэння за сваю кнігу. За праўду!»
У артыкуле выкарыстаны фрагменты з кнігі Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» ў перакладзе з рускай мовы Андрэя Хадановіча.