Як жывуць гарадскія птушкі і дзе ў сталіцы знайсці гілей? Разбіраемся разам с АПБ
Гарадскія птушкі часам амаль незаўважныя людзям. Калі яны не збіраюцца ў зграі і не спрабуюць з’есці булку літаральна з рук, здаецца, нікому да іх і справы няма.
Але гэта толькі здаецца, бо час ад часу гарадскія птушкі прыцягваюць увагу гарадскіх камунальных ды іншых службаў. Маўляў, як бы пазбавіцца ад непажаданых суседзяў.
Літаральна днямі ў столінскім парку «Маньковічы» супрацоўнікі мясцовай ЖКГ ліквідавалі птушыныя гнёзды. Паспелі да 15 лютага, ад якога афіцыйна нельга чапаць не толькі гнёзды, але і дрэвы, на якіх тыя гнёзды месцяцца.
Жыллё гракоў у Століне спрабавалі нават вадою збіваць, так людзям заміналі «непажаданыя» птушкі. Чым менавіта прыйшліся недаспабоды гракі ў старым парку, не паведамляецца. Здаецца, мясцовыя ўлады проста вырашылі, што так будзе лепей і чысцей. На жаль, такое стаўленне да гарадскіх пернатых — ня рэдкае.
Што будзе з нашымі населенымі пунктамі, калі з іх знікнуць традыцыйныя для гарадоў птушкі, чаму ў Мінску паболела чаек і дзе зараз можна пабачыць гілей, Зелёны партал запытаў у спецыяліста па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямёна Левага.
Дзве сотні і яшчэ трошачкі
За ўсю гісторыю назірання за птушкамі ў Мінску бачылі больш за 200 розных відаў: некаторыя гняздзяцца, іншыя сустракаюцца толькі пад час міграцыі, ёсць і проста залётныя. Колькасць гэтая з году ў год крыху павялічваецца.
«На сайце АПБ ёсць адмысловы раздзел „Бёрдвочынг у Мінску“. Па ім можна бачыць, што самыя багатыя на віды месцы ў сталіцы — гэта Лошыцкі парк, Чыжоўскае вадасховішча, наваколле Цнянскага вадасховішча, Батанічны сад», — распавядае Сямён Левы.
Усяго такіх месцаў, дзе відавая разнастайнасць птушак даволі высокая, у Мінску каля дзесятка. Падчас чэмпіянатаў па фотабёрдынгу за пяць гадзін каманды там фатаграфуюць больш за 40 відаў птушак, і гэта ўлічваючы, што кагосьці проста сустракаюць, але не здымаюць.
Бургамістр і мармытуля — залётныя сталічныя госці
Якія самыя незвычайныя для нашых шыротаў птушкі заляталі ў Мінск апошнім часам? Перш за ўсё эксперт АПБ узгадвае палярную чайку.
«У норме яна гняздзіцца ў Паўночнай Амерыцы, у Грэнландыі, вельмі рэдка залятае ў Еўропу. А для Беларусі, якая не мае выхаду да мора, — гэта была незвычайная рэгістрацыя. Год таму ў сярэдзіне сакавіка палярная чайка трымалася некалькі тыдняў у Мінску», — кажа Сямён Левы.
Не так даўно да нас залятала чайка-бургамістр, пачала гняздзіцца чайка-чарнакрылка. З’явілася на гнездаванне паўночная мармытуля.
«Пакуль не зразумела яе размеркаванне па нашай краіне, але ў Мінску два гады запар яна з’яўляецца ў адным месцы», — кажа эксперт.
Замест буслоў на дахах чайкі
Спецыялісты адзначаюць, апошнім часам у гарадах сталі больш заўважнымі чайкі.
«Яны вельмі хутка прыстасоўваюцца да пераменлівых умоў гарадскога асяроддзя, — кажа Сямён Левы. — Зараз чайкі асвойваюць новы тып месца гнездавання — дахі буйных прадпрыемстваў. Гэта дазваляе ім павялічваць сваю колькасць, так гэтыя птушкі становяцца больш недасяжнымі для наземных драпежнікаў, напрыклад, бадзяжных сабакаў».
Гарадскія чайкі сёння знайшлі сабе неасвоеную іншымі відамі нішу і дастаткова вялікія харчовыя запасы з-за адходаў горада.
Канкурэнцыя крумкачоў з пацукамі
Дарэчы, на пытанне, на колькі дрэнна тое, што птушкі харчуюцца са сметніцаў, эксперт АПБ адказвае, што калі людзі будуць працягваць вырабляць столькі ж харчовых адходаў і, адначасова, змагацца з крумкачовымі і чайкамі, на іх месца, хутчэй за ўсё, прыйдуць пацукі.
«Закрытыя ад птушак месцы, напрыклад, кантэйнеры для смеццеправодаў у дамах, пацукі добра асвойваюць як кармушку. З майго пункту погляду, калі лішкі выкідаюцца, лепш хай іх ядуць птушкі ніж грызуны», — кажа эксперт АПБ.
Калі ж людзі пачнуць больш клапаціцца пра харчовыя адкіды і чалавечага корму для гарадскіх птушак стане менш, яны хутка пераключацца на сельскагаспадарчыя ўгоддзі ці будуць шукаць іншыя крыніцы харчавання.
Пакуль жа птушкі на звалках уступаюць у прамую канкурэнцыю за харчовыя рэсурсы з грызунамі, напрыклад, шэрым пацуком. І яшчэ не зразумела, хто ў той бойцы мацнейшы.
Куды падзеліся гілі і чаму ў Мінск завітала сойка
Гарадскія жыхары ў апошнія гады амаль не бачаць зімой гілёў і ўжо пачалі хвалявацца, ці не зляцелі гэтыя птушкі з нашых мясцінаў. Эксперт АПБ супакоўвае: гілі нікуды не зніклі і сустрэць іх нават у Мінску можна, трэба толькі ведаць, дзе і як шукаць.
«Я некалькі разоў за тыдзень у горадзе з імі сустракаюся. Як правіла, іх чутна перш за ўсё па гуках. Калі не ведаеш голасу, можна проста не заўважаць, — кажа Сямён Левы. — Калі хтосьці хоча знайсці, трэба паслухаць голас — і па характэрных гуках паспрабаваць пашукаць».
А вось сойку ў сталіцы і шукаць ня трэба, яна залятае ў населеныя пункты падчас восеньскай міграцыі. Часам бывае ў гарадах і ўзімку.
«Гняздзяцца сойкі, у асноўным, у лесе, але ёсць выпадкі, што і ў межах населеных пунктаў. Бывала, што сойка гняздзілася ў старых будынках, — распавядае эксперт АПБ. — Гэта сойкі крумкачовыя і яны, як усе крумкачовыя валодаюць большым інтэлектам у параўнанні з іншымі птушкамі і хутка прыстасоўваюцца да пераменлівых умоў».
Так, як напрыклад, шэрая варона, якая да 1980-х жыла ў асноўным за межамі населеных пунктаў, на балотах, на ўскраінах лясоў.
«А калі горад стаў вырабляць шмат харчовых адходаў, яна знайшла гэту „кармушку“ і перасялілася. Цяпер практычна ўсе шэрыя вароны жывуць у населеных пунктах. Тое ж самае сойка. Калі мы вырошчваем, напрыклад, грэцкія арэхі, якімі яна харчуецца, птушка знаходзіць такі дадатковы корм у населеных пунктах», — тлумачыць Сямён Левы.
Гракі прыляцелі ці гракі не зляцелі — ужо не істотна?
На паводзіны гарадскіх птушак уплываюць не толькі сметніцы ці наяўнасць закінутых будынкаў і дахаў. Вельмі важны чыннік, які змяняе іх традыцыйнае жыццё, — клімат.
«У Беларусі больш за 330 відаў птушак, з іх зімой можна назіраць каля 120. То-бок кожны трэці від можа заставацца ў нас на зімоўку. Гэта магчымасць залежыць ад наяўнасці корму, а не толькі ад тэмпературы, — тлумачыць эксперт АПБ. — На будаўніцтва гнёздаў і на спевы ўплывае працягласць светлавога дню. Дзень павялічваецца — у птушак пачынаюць выпрацоўвацца гармоны, якія стымулююць такія паводзіны. Тое, што гракі заняліся гнёздамі ў студзені — гэта не дужа значнае адхіленне ад нормы».
Між тым зімовае надвор’е ці яго адсутнасць уплывае на бліжэйшых мігрантаў — тых, хто зляцеў недалёка і зімуе у краінах Еўропы, большай часткай ва Украіне і Польшчы.
«Калі яны бачаць, што снежнага покрыва няма, палі адкрытыя і можна там карміцца, яны будуць хутчэй прасоўвацца ў паўночным напрамку», — кажа Сямён Левы.
Лічыцца, што віды, якія зімуюць далёка, на афрыканскім кантыненце, не адчуваюць, якое надвор’е ў Беларусі. Яны мігрыруюць па сваіх звыклых тэрмінах і прылятаюць не ў залежнасці ад таго, якая была зіма.
«Між тым зменлівы клімат у значна большай ступені ўплывае на гарадскіх птушак і тых, хто застаўся на радзіме. Гэтыя віды хутчэй рэагуюць на раннюю вясну і пачынаюць гняздзіцца, — кажа эксперт. — У рэшце яны застаюцца ў плюсе, бо раней пачынаюць з’яўляцца насякомыя, якімі яны харчуюць птушанят. Іх цыкл размнажэння супадае з максімальнай даступнасцю корму».
У той жа час віды, якія адлятаюць у Афрыку і вяртаюцца ў свой звычайны тэрмін на радзіму, не трапляюць на гэты пік. І гэта ўплывае на выжывальнасць іх нашчадкаў.
Паводле Зялёнага парталу