Як прыхільнікаў пераменаў зрабіць іх актыўнымі ўдзельнікамі?
Ініцыятарамі круглага стала на такую тэму выступілі Рух "За Свабоду" і грамадзянская кампанія "Гавары праўду". Імпрэза з удзелам палітыкаў, экспертаў і журналістаў адбылася сёння, 5 снежня, у Мінску.
Удзельнікі круглага стала
Заснавальнік НІСЭПД прафесар Алег Манаеў прадэманстраваў прэзентацыю сваіх апошніх даследаванняў, аб'яднаных назвай "Беларусь сёння: расколатае грамадства", і пракаментаваў іх.
Паводле сацыёлага, эканамічны стан і чаканні людзей негатыўныя. 52% лічаць, што Лукашэнка не разумее іх праблемы, 53% лічаць, што яны не абаронены законам (гэта ў паўтара раза болей, чым тых, хто так не лічыць), Амаль палова беларусаў хоча з'ехаць з краіны. Разам з тым, расце колькасць беларусаў, якія лічыць, што лепей добрая сістэма, чым моцны лідар (паказнік дасягнуў 49%), каля 40% падтрымліваюць дыялог з Еўропай аб мадэрнізацыі Беларусі. Але гэта істотна не адбіваецца на росце падтрымкі апазіцыі насельніцтвам.
Алег Манаеў таксама адзначыў, што 20% апытаных станоўча ставяцца да кампаніі "Народная праграма", якую ініцыяваў Рух "За Свабоду". На думку сацыёлага, лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч мае адносна прыстойны стартавы рэйтынг патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Ужо зараз яго гатовы падтрымаць 5% апытаных. На такім жа ўзроўні нечакана аказаўся былы прем'ер Сяргей Сідорскі.
Скептычнае стаўленне да апазіцыі Алег Манаеў патлумачыў тым, што на думку людзей, яна не зможа нічога зрабіць (па розных прычынах). Для людзей вельмі важны прыклады паспяховасці яе дзейнасці. Як прабіць замкнёнае кола — пытанне. Гэтым тлумачыцца і рэйтынг былога прадстаўніка наменклатуры Сідорскага.
На думку Уладзіміра Дунаева, на жаль, ёсць стойкае дыстанцаванне ад традыцыйных палітычных постацяў. Можна паспрабаваць кансалідаваць грамадства лакальна, вакол мясцовых праблемаў.
Прысутныя адзначылі высокі ўзровень працоўнай і адукацыйнай міграцыі. Па словах Уладзіміра Дунаева, "моладзь бяжыць з краіны".
Паводле Дзяніса Мельянцова, рэжым паступова трансфармуецца з папулістычнага да паліцэйскай дзяржавы, якая ў меншай ступені залежыць ад грамадскай думкі.
Дык а што рабіць палітыкам? Манаеў раіць перастаць думаць, што нешта зменіцца, нешта нам падкажа, што рабіць. Зараз ёсць балявыя кропкі: крыўда, эканамічны крызіс, адукацыя… Трэба ціснуць на гэтыя кропкі, і, калі настане гістарычны момант, нешта адбудзецца.
Трэба шукаць магчымасці супрацы таксама з наменклатурай (апеляваць не толькі да звычайных людзей), выказвае меркаванне Дзяніс Мельянцоў. Рэгіянальныя групоўкі ў асяродку наменклатуры могуць узнікнуць, калі распачнецца прыватызацыя з іх удзелам. Таксама ёсць пэўная перспектыва у тым, што ва ўмовах змяншэння транфертаў рэгіянальныя чыноўнікі адколяцца да цэнтра. Варта увесь час падтрымліваць сувязь з наменклатурай, каб у патрэбны момант яна ведала, да каго хіліцца, дадае Алег Манаеў.